У нашай краіне ўжо практычна завершана выплата матэрыяльнай дапамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны да 70‑годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якая пачалася 2 чэрвеня. Яна праводзілася там жа, дзе звычайна пажылыя людзі атрымліваюць пенсію. Тым, хто па ўважлівых прычынах часова адсутнічаў па месцы жыхарства ў гэты перыяд, матэрыяльная дапамога будзе выплачана не пазней за 10 ліпеня гэтага года.
Матэрыяльная дапамога ў памеры 10 млн рублёў была прадугледжана для Герояў Савецкага Саюза, кавалераў ордэна Славы трох ступеняў, Герояў Сацыялістычнай Працы, удастоеных гэтага звання за заслугі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Аднаразовую матэрыяльную дапамогу ў памеры 8 млн рублёў дзяржава аказала інвалідам і ўдзельнікам ВАВ, асобам, якія прымалі ўдзел у саставе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб'ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943–1945 гадах.
У памеры 3,5 млн рублёў выплата праводзілася ўзнагароджаным ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны; тым, хто ўдзельнічаў у будаўніцтве абарончых збудаванняў, хто ствараў ваенныя аб'екты, абслугоўваў прыфрантавыя ўчасткі чыгунак і аўтамабільных дарог; блакаднікам Ленінграда; членам сем'яў ваеннаслужачых, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі або прапалі без вестак у час баявых дзеянняў у гады вайны; інвалідам з дзяцінства з прычыны ранення, кантузіі і калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны або з іх наступствамі; былым вязням фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны, якім устаноўлена павышэнне пенсіі з гэтай нагоды.
Матэрыяльная дапамога ветэранам праводзілася ў адпаведнасці з Указам № 54 «Аб аказанні аднаразовай матэрыяльнай дапамогі». Усяго на гэтыя мэты ў краіне было накіравана каля 260 млрд рублёў.
Толькі лічбы
У Беларусі пражываюць 20,7 тыс. ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У прыватнасці, сёння ў краіне налічваецца 10,4 тыс. удзельнікаў ВАВ; 3,7 тыс. інвалідаў ВАВ; 5,4 тыс. узнагароджаных працаўнікоў тылу; 344 чалавекі, якія працавалі на прыфрантавых участках чыгунак; 657 блакаднікаў Ленінграда.
Амаль 3 тысячы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны абслугоўваюцца на даму сацыяльнымі работнікамі.
У беларускіх дамах-інтэрнатах знаходзяцца 231 ветэран Вялікай Айчыннай вайны і 168 асоб, якія пацярпелі ад яе наступстваў.
Святлана Бусько.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-busko
[2] https://zviazda.by/be/bez-rubriki
[3] https://zviazda.by/be/gazeta
[4] https://zviazda.by/be/infarmbyuro
[5] https://zviazda.by/be/naviny-u-belarusi
[6] https://zviazda.by/be/tags/pensiya
[7] https://zviazda.by/be/tags/vav
[8] https://zviazda.by/be/tags/vyzvalenne
[9] https://zviazda.by/be/tags/veteran