Гэта будзе не проста музей, а свайго роду адукацыйны цэнтр, які данясе аб'ектыўную праўду аб вайне да шырокай аўдыторыі
Нарэшце!!! Падзея, якую чакалі на працягу некалькіх гадоў... Ідэя, якая ажыццяўлялася тысячамі прафесіяналаў... Матэрыяльная памяць, што захоўвалася пакаленнямі і сканцэнтравалася літаральна ў адным месцы... Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны сёння расчыняе дзверы новага будынка. Мяркуецца, у афіцыйнай цырымоніі адкрыцця возьмуць удзел Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.За стварэннем гэтай знакавай экспазіцыі на пляцоўцы, што на праспекце Пераможцаў, сачылі мінчане і госці сталіцы. Адкрыцця музея чакалі амаль усе беларусы — ад малога да вялікага. Кожны з іх — у прадчуванні пэўных таямніц, новых адкрыццяў. Карэспандэнт «Звязды» пацікавілася, з якімі думкамі нашы суайчыннікі пойдуць у новы будынак музея, чаго чакаюць ад убачанага і ўвогуле, чаму лічаць, што там варта пабыць кожнаму беларусу.
Іван КУСТАЎ, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза:
[5]— Новы музей — вялікі гістарычны здабытак беларускага народа, у поўнай меры жывы паказ гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Усё, што тычыцца баявых дзеянняў, подзвігу ў тыле ворага, гераізму мірных жыхароў у гады вайны адлюстравана матэрыяльна. Уражвае! Асабліва сваім маштабам і той праўдзівасцю, якая прасочваецца ў кожным музейным экспанаце. Экспазіцыі ў музеі вельмі блізкія да рэальнасці. Можна паглядзець баявую тэхніку, асабістыя рэчы і дакументы вайскоўцаў, салдацкія трафеі. У новым будынку наглядна адлюстравана, як ствараліся пазіцыі, як ваявалі нашы салдаты, пераадольваліся абарончыя рубяжы. І ўсё дзякуючы сучасным тэхналогіям. Менавіта так маладому пакаленню прасцей будзе зразумець усю праўду аб вайне, адчуць сутнасць сапраўднага подзвігу. Стварэнне падобнага музея — вялікая заслуга кіраўніцтва нашай краіны. Я бываў у расійскіх музеях, ва Украіне, але такога музея ніколі і нідзе не бачыў!
Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ, дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук:
— Для мяне адкрыццё музея з'яўляецца знакавай падзеяй, бо мы — нашчадкі тых, хто ваяваў за мір на зямлі. Сёння мы павінны захоўваць, зберагаць аб'ектыўную памяць аб тых падзеях. І ў гэтым сэнсе, безумоўна, вялікая роля адведзена музею Вялікай Айчыннай вайны. Наша краіна як ніякая іншая пацярпела ў гады ваеннага ліхалецця. Кожны трэці беларус загінуў за Перамогу. Велізарны рух супраціўлення існаваў на тэрыторыі Беларусі. Такога руху, як у нас, не было ні ў якой іншай дзяржаве! Таму мы павінны прадэманстраваць ролю беларускага народа ў дасягненні агульнай Перамогі над нацызмам. Спадзяюся, што гэта будзе не проста звычайны музей, а свайго роду адукацыйны цэнтр, які стане даносіць праўду Вялікай Айчыннай вайны да шырокай аўдыторыі. У першую чаргу, музей павінен быць запатрабаваным сярод нашай моладзі, якая прагне даведацца гістарычную праўду аб гераічных і трагічных падзеях, у якіх бралі ўдзел нашы продкі.
Анатоль ЯРМОЛЕНКА, народны артыст Беларусі:
— Вельмі важна, каб ужо нашы ўнукі ставіліся да тых падзей так жа, як і мы. Яны павінны ведаць праўду, шанаваць і паважаць сваіх продкаў, якія ваявалі, атрымлівалі ўзнагароды. У маёй сям'і ёсць Герой Савецкага Саюза — Фёдар Архіпенка, родны дзядзька маёй жонкі. Ён нават уручаў выпускны дыплом Гагарыну. Але я не пра гэта. Амаль у кожнай сям'і ёсць людзі, якія ваявалі, аддалі свае жыцці на полі бою. На жаль, зараз гісторыя перапісваецца. Некаторыя маладыя людзі ўвогуле не ведаюць, хто перамог і хто выратоўваў свет ад фашызму. І тое, што такі музей будзе ў нас, у Беларусі, і ён сучасны, знаходзіцца ў самым цэнтры Мінска, дарагога каштуе. Такіх, здаецца, у апошні час ніхто не стварае, бо гэта было даўно, а многія кажуць, што ўжо і не патрэбна. А я лічу, што патрэбна: гэта наша памяць, наша гісторыя, наша чалавечнасць і павага да тых, хто аддаў жыццё за Перамогу, за наша вызваленне.
Артур ЗЕЛЬСКІ, дырэктар мемарыяльнага комплексу «Хатынь»:
— Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны мне запомніўся падчас майго першага яго наведвання. Гэта было ў дзяцінстве, дзесьці ў 1975 годзе. Памятаю, што гэты паход пакінуў вялікае ўражанне. Калі мы вярнуліся дахаты, я зрабіў малюнак, на якім адлюстраваў экспанаты, што найбольш запомніліся. Ужо няма ні дзеда, ні бацькі, а гэты ўспамін жыве і сёння. У новым музеі мне хацелася б бачыць памяць не толькі аб героях, вялікіх военачальніках, выдатных людзях, а і аб тых, хто ўдзельнічаў у гэтай вайне. Калі я прывяду ў музей свайго сына, я хацеў бы паказаць яму на якім-небудзь інтэрактыўным экране прозвішчы людзей, якія ўдзельнічалі ў вайне, склалі галовы ў імя Перамогі, сышлі ўжо пасля вайны. І каб там я мог паказаць яму прозвішчы сваіх двух дзядоў: малодшага палітрука Васіля Марука, які загінуў пад Масквой, і Арсенія Зельскага, які штурмаваў умацаванні Курляндыі. Толькі праз сямейныя экскурсіі, выхаванне ў сям'і можна захаваць памяць аб вайне як аб вялізнай трагедыі ўсіх людзей.
Аліна ПАХВАЛЁНАЯ, настаўніца беларускай мовы гімназіі № 25 г. Мінска:
— Паколькі наша школа носіць імя Рымы Шаршнёвай, хочацца, каб экспазіцыя «Партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі», якая змяшчалася ў старым музеі, абавязкова захавалася і ў новым. Рыме Шаршнёвай, сувязной партызанскага атрада, якая ў вайну разносіла падпольную «Звязду», быў прысвечаны асобны раздзел. Там знаходзіліся яе дакументы, асабістыя рэчы, узнагароды. У музеі мы былі разам з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, школьнікамі і тады, калі адкрывалася інтэрактыўная экспазіцыя пад назвай «Партызанская зямлянка», дзе Барыс Александровіч расказваў і паказваў, як яго бацька-наборшчык друкаваў падпольную газету «Звязда». Паколькі я больш чым 20 гадоў выпісваю газету і наша школа на працягу дзесяцігоддзя падтрымлівае з рэдакцыяй сувязь, спадзяюся ўбачыць, што гэтая экспазіцыя «пераехала» і ў новы музей. Добра было б, каб увогуле нейкі куточак, а можа, і цэлы пакой, быў прысвечаны падпольнай «Звяздзе», якая ўнесла вялі ўклад у развіццё партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі.
Руслан ЧАРАНКЕВІЧ, курсант 4‑га курса агульнавайсковага факультэта Ваеннай акадэміі:
— Выдатна, што музей Вялікай Айчыннай вайны адкрываецца ў той час, калі яшчэ жывыя сведкі і ўдзельнікі тых далёкіх падзей. Менавіта ветэраны змогуць па вартасці ацаніць, наколькі музейныя экспазіцыі адлюстроўваюць ваенную рэчаіснасць. Вядома, што падобныя ўстановы ствараюцца не дзеля таго, каб дагадзіць ветэранам. Музеі такога кшталту арыентаваны, у першую чаргу, на маладзёжную аўдыторыю, на людзей новага пакалення. Будучыня — за намі. І яна павінна быць светлай, квітнеючай, а не той, якая чакала ўчарашніх школьнікаў у 1941‑м. І каб не дапусціць падобнай сітуацыі ў нашай будучыні, мы павінны вучыцца, засвойваць урокі мінулага. І дапаможа ў гэтым якраз музей Вялікай Айчыннай вайны. Добра, калі ў сям'і яшчэ жыве ветэран, як мой дзядуля, які можа мне ўсё расказаць, патлумачыць. А калі гераічных продкаў ужо няма?.. У такім выпадку варта ісці ў музей, супрацоўнікі якога і раскажуць, і пакажуць, ды яшчэ, дзякуючы сучасным тэхналогіям, прымусяць адчуць тую трагедыю. Для мяне будзе вялікім гонарам наведаць новы музей, дзе я змагу яшчэ раз адчуць гонар за свайго дзеда-франтавіка, беларускі народ, родную краіну.
***
Дарэчы, для ўсіх ахвотных музей расчыніць дзверы ўжо 3 ліпеня. Квіток абыдзецца ў 40 тысяч беларускіх рублёў. Школьнікі, навучэнцы ўстаноў прафтэхадукацыі, сярэдніх навучальных устаноў і ВНУ дзённай формы навучання, курсанты і слухачы ваенна-навучальных устаноў будуць мець магчымасць наведаць выставу за паўцаны. Па аўторках, чацвяргах, пятніцах і суботах музей будзе працаваць з 10.00 да 18.00, а да серадах і нядзелях — з 11.00 да 19.00. Днём, калі музей для наведвальнікаў будзе зачынены, стане панядзелак.
Вераніка КАНЮТА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gazeta
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/110.png
[6] https://zviazda.by/be/tags/muzey
[7] https://zviazda.by/be/tags/vav
[8] https://zviazda.by/be/tags/pamyac-0
[9] https://zviazda.by/be/tags/vayna