«Што можа быць прычынай дэфіцыту жалеза? Як эфектыўна палепшыць гэты паказчык крыві?
Марына, г. Магілёў».
Тлумачыць урач-тэрапеўт 3-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі г. Мінска Уладзімір ЛАПІЦКІ:
— Праблема, аб якой вы кажаце, называецца анеміяй — гэта змяншэнне гемаглабіну ў крыві. Разам з гемаглабінам пры анеміі змяншаецца звычайна і колькасць чырвоных крывяных цельцаў — эрытрацытаў. У большасці выпадкаў анемія — не самастойнае захворванне, а сімптом, праява іншага захворвання. Скажам, захворвання страўнікава-кішачнага тракта (язва страўніка і дванаццаціперснай кішкі, хранічны гастрыт, неспецыфічны язвавы каліт), злучальнай тканкі (рэўматоідны артрыт, сістэмная чырвоная ваўчанка) або хранічнай ныркавай недастатковасці, злаякаснага новаўтварэння, хранічнага інфекцыйнага захворвання, гельмінтозу. Выклікаць анемію могуць кровастраты, звязаныя з ужываннем некаторых лекавых прэпаратаў (саліцылавая кіслата, нестэроідныя супрацьзапаленчыя сродкі, глюкакортыкастэроіды).
Да найбольш уразлівых пацыентаў адносяцца дзеці малодшага ўзросту, цяжарныя, жанчыны дзетароднага ўзросту, старыя людзі. Анемія ўскладняе цяжарнасць і роды, правакуе невыношванне цяжарнасці. Магчымае і нараджэнне дзіцяці з нізкай вагой.
Часцей за ўсё дыягнастуецца жалезадэфіцытная анемія, пры якой у арганізме не хапае аднаго з асноўных кампанентаў гемаглабіну — жалеза. Запасы жалеза змяшчаюцца, галоўным чынам, у касцявым мозгу і селязёнцы. Астатняе захоўваецца ў выглядзе ферыціну (бялку, у складзе якога жалеза назапашваецца ў тканках).
Жалезадэфіцытныя станы зніжаюць працаздольнасць, павялічваюць успрымальнасць да вострых рэспіраторных захворванняў. Характэрна галавакружэнне, шум у вушах, «мошкі» перад вачыма, павышаная стамляльнасць, галаўны боль, ломкасць і папярэчная скрэсленасць пазногцяў, выпадзенне валасоў, трэшчыны вакол рота. Ёсць і іншыя прыкметы: бледныя скура і слізістыя, сэрцабіццё, задышка падчас фізічнай нагрузкі.
У большасці выпадкаў зніжэнне ўзроўню гемаглабіну адбываецца паступова, арганізм адаптуецца да анеміі і скаргі не заўсёды адпавядаюць паказчыкам гемаглабіну. Некаторыя наогул нічога не адчуваюць, а таму могуць ні на што не скардзіцца ўрачу. Іншых жа непакояць слабасць, задышка, галавакружэнне, страта прытомнасці. Пры цяжкай анеміі можа развіцца сардэчная недастатковасць, пачашчанае сэрцабіццё, ацёкі, зніжэнне артэры-
яльнага ціску.
Распазнаванне заснавана на выяўленні змен у аналізах крыві: зніжэнне ўзроўню гемаглабіну, эрытрацытаў, колеравага паказчыка, змяненне формы і памераў эрытрацытаў, значнае зніжэнне жалеза ў сываратцы крыві.
Пры анеміі паказчык гемаглабіну меншы за 110 г/л, колеравы паказчык — меншы за 0,95, узровень жалеза сывараткі меншы за 10 ммоль/л. Гемаглабін і ферыцін лічацца найбольш інфарматыўнымі паказчыкамі для дыягностыкі жалезадэфіцыту.
Урачы кажуць, што анемія працякае ў лёгкай форме пры гемаглабіне 90-110 г/л, сярэдняй цяжкасці — пры 80-89 г/л, цяжкай — пры ніжэйшым за 80 г/л.
Лячэнне — комплекснае. На некалькі месяцаў і больш прызначаюцца прэпараты жалеза, рэкамендуецца звярнуць увагу на харчаванне. У рацыёне павінна быць дастаткова паўнацэнных бялкоў, якія спрыяюць сінтэзу гемаглабіну і эрытрацытаў (130 г, з якіх 80-95 г — жывёльнага паходжання). Да 70-80 г абмяжоўваецца тлушч, паколькі пры анеміі часта адзначаюцца змены ў печані і атлусценне касцявога мозгу. Таму неабходна ўжываць нятлустае мяса, нятлустую рыбу, тварог, грэцкую і аўсяную кашы, алей.
Колькасць вугляводаў у дыеце пры анеміі — 400-500 г у дзень. Гэта могуць быць крупы, цукар, мёд, агародніна, садавіна, ягады. У раслінных прадуктах шмат вітамінаў, неабходных арганізму ў такі час.
Для атрымання вітамінаў групы В у рацыён уключаюць яечны жаўток, стравы з печані, мяса, рыбы, тварагу, пшанічнага і рысавага вотруб'я. Вельмі важны вітамін С. Аскарбінавай кіслаты шмат у шыпшыне, чорных парэчках, цытрусавых. У кроватварэнні ўдзельнічаюць не толькі жалеза, але і кобальт, марганец, цынк, якія можна атрымаць з печанню, мясам, яйкамі, ікрой, дражджамі, гематагенам, пшанічнай мукой, аўсянай і грэцкай крупамі, агароднінай, садавіной, грыбамі, какавай.
Пры анеміі апетыт часта бывае аслаблены — з-за зніжэння сакраторнай функцыі страўніка. Каб палепшыць апетыт, рэкамендуецца ўжываць мясныя, рыбныя, грыбныя, агароднінныя супы, адвары, дадаваць соусы, выкарыстоўваць фізіялагічную колькасць солі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue