Завяршыў сваю працу ІX Беларускі міжнародны медыяфорум «Партнёрства ў імя будучыні: рэаліі глабальнага свету». Учора прадстаўнікі міжнароднай журналісцкай супольнасці з многіх краін свету, айчынных сродкаў масавай інфармацыі правялі эксперт-сесію «Міншчына гасцінная». Вядомыя публіцысты, палітолагі, кіраўнікі газет, часопісаў, тэлевізійных каналаў, інфармацыйных агенцтваў пазнаёміліся з цэнтрам экалагічнага турызму «Станькава» ў Дзяржынскім раёне. Вітаў гасцей старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра.
Невыпадкова арганізатары форуму выбралі гэтае месца для працягу размовы па самых сур'ёзных пытаннях. Беларусь рыхтуецца да 70‑годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І ў кантэксце гэтай падзеі, а таксама трывожных падзей у свеце, у блізкім замежжы як ніколі актуальнай з'яўляецца ўвага да патрыятычнай, гуманістычнай, міралюбавай праблематыкі ў СМІ.
— Нам цікава было адкрываць Беларусь шматпланавую, шматаблічную, — дзеліцца сваімі ўражаннямі старшыня праўлення Міжнароднага інфармацыйнага агенцтва
«Казінфарм» Даўрэн Дзіяраў. — Кіраўнік Міншчыны Сямён Барысавіч Шапіра распавёў пра выдатны плён аграрнікаў Беларусі. Ваш прыклад прафесійнага стаўлення да АПК уражвае, натхняе, многаму вучыць. І ўвогуле мы ўражаны высокай арганізацыяй правядзення форуму. Мы наноў успомнілі той багаты гістарычны вопыт, што нас аб'ядноўвае.
Па каментарый аб выніках правядзення форуму мы звярнуліся і да вядомага расійскага журналіста, доктара гістарычных навук Аляксандра Чарняка.
— Прыемна, што беларусы вельмі паважліва ставяцца да памяці пра Вялікую Айчынную вайну. Убачылі мы гэта і на Дзяржыншчыне, на Міншчыне, звязанай з імёнамі славутых партызанскіх злучэнняў, — адзначыў ён.
Усе ўдзельнікі форуму былі адзінадушнымі ў тым, што на свае вочы ўбачылі прыклад, варты пераймання дзеля патрыятычнага і экалагічнага выхавання моладзі. Як зазначалі многія ўдзельнікі прэс-канферэнцыі ў цэнтры «Станькава», гэты прыклад стаў магчымым дзякуючы клопату мясцовага агракамбіната «Дзяржынскі». Удзельнікі эксперт-сесіі даведаліся пра справы яго працаўнікоў і пацікавіліся іх планамі на будучыню.
Яўген Пясецкі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gazeta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/ix-belaruski-mizhnarodny-medyyaforum-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/starshynya-minskaga-ablvykankama-syamyon-shapira