«Мне 48 гадоў. Часам пакутую ад так званых прыліваў. Што вы параіце? Як сябе правільна паводзіць у гэты час? Чым можа дапамагчы медыцына такім жанчынам, як я?
Галіна, г. Гомель».
Тлумачыць урач акушэр-гінеколаг 11-й гарадской паліклінікі г. Мінска Аляксандра СТАНКЕВІЧ:
— Звычайна трэць жанчын не адчуваюць надыход менапаўзы, трэць сутыкаецца са слабымі ці сярэдне выяўленымі сімптомамі, а ў астатняй трэці развіваюцца цяжкія сімптомы, якія патрабуюць гарманальнага лячэння.
Клімактэрый — так называецца фізіялагічны час у жыцці жанчыны, на працягу якога ў арганізме дамінуе інвалюцыя ў рэпрадуктыўнай сістэме. Клімактэрычны сіндром — паталагічны стан, які ўзнікае ў часткі жанчын у клімактэрычным перыядзе і праяўляецца нервова-псіхічнымі, вегетатыўна-сасудзістымі і абменна-трафічнымі расстройствамі.
Змяненні менструальнага цыкла могуць пачацца ў жанчын у 40 гадоў, яны праяўляюцца нерэгулярнымі менструацыямі. Менапаўза надыходзіць у сярэднім у 50 гадоў. Ранняй менапаўзай называюць спыненне менструацыі да 45 гадоў, заўчаснай менапаўзай (або заўчаснай недастатковасцю яечнікаў) — спыненне менструацыі да 40 гадоў.
У клімактэрыя ёсць некалькі фаз:
Прэменапаўза — перыяд ад першых менапаўзальных сімптомаў да апошняй самастойнай менструацыі.
Менапаўза — апошняя самастойная менструацыя, абумоўленая функцыяй яечнікаў (дату вызначаюць праз 12 месяцаў адсутнасці менструацыі).
Перыменапаўза — час, які аб'ядноўвае прэменапаўзу і 1 год пасля менапаўзы.
Постменапаўза — час ад менапаўзы да 65-69 гадоў. Вылучаюць раннюю (да 5 гадоў) і познюю (ад 5 да 10 гадоў).
Паталагічныя станы
дзеляцца на тры групы:
1-я група. Раннія сімптомы.
«Прылівы» гарачкі, павышаная патлівасць, галаўны боль, гіпа- або гіпертанія, сэрцабіццё (вазаматорныя). Раздражнёнасць, санлівасць, слабасць, неспакой, дэпрэсія, забыўлівасць, няўважлівасць, зніжэнне лібіда (эмацыянальна-псіхічныя).
2-я група. Сярэднечасовыя сімптомы.
Сухасць похвы, боль пры палавых кантактах, сверб, урэтральны сіндром (урагенітальныя). Сухасць, ломкасць пазногцяў, маршчыны, сухасць і выпадзенне валасоў (скурныя).
3-я група. Познія сімптомы.
Астэапароз, сардэчна-сасудзістыя захворванні (абменныя).
Менапаўза можа не суправаджацца сімптомамі, але да 85 працэнтаў усіх жанчын пасля натуральнай і амаль усе жанчыны пасля хірургічнай менапаўзы маюць сімптомы дэфіцыту эстрагенаў: гарачыя прылівы, патлівасць, бяссонніцу і г.д.
Клімактэрычны сіндром можа праяўляцца абсалютна па-рознаму, і гэта часам абцяжарвае вызначэнне ступені цяжару захворвання. Традыцыйна па колькасці прыліваў клімактэрычны сіндром дзеліцца на лёгкую форму (да 10 разоў за суткі), сярэднюю (10-20 прыліваў), цяжкую (звыш 20 прыліваў за суткі плюс іншыя сімптомы, пры якіх жанчына амаль цалкам губляе працаздольнасць).
Што рабіць для прафілактыкі галоўных праблем менапаўзы?
Правільна харчавацца, рэгулярна займацца фізкультурай (30-40 хвілін 3-6 разоў на тыдзень), трымацца здаровага ладу жыцця.
Як лячыць?
Лячэнне паказана пры сярэдняй і цяжкай ступенях клімактэрычнага сіндрому. Найбольш часта прымяняецца замяшчальная гарманальная тэрапія аналагамі палавых гармонаў — эстрагенаў і прагесцінаў. Аднак у шэрагу выпадкаў такое прызначэнне абмяжоўваецца некаторымі медыцынскімі супрацьпаказаннямі. Акрамя таго, не ўсе жанчыны пагаджаюцца на прыём гармонаў па тых ці іншых прычынах. У такіх сітуацыях адаптавацца да новых умоў існавання ва ўмовах дэфіцыту эстрагенаў жанчыне дапамагаюць альтэрнатыўныя метады лячэння.
1. Гомеапатычныя сродкі.
2. Фітатэрапія. Фітагармоны — гэта рэчывы расліннага паходжання. Іх змяшчаюць, напрыклад, цыміцыфуга, соя, чырвоная канюшына, бульба, мельбразія, рапантыцын.
3. Медыкаментозная негарманальная тэрапія (антыдэпрэсанты, транквілізатары, сардэчна-сасудзістыя, гіпатэнзіўныя сродкі, прэпараты кальцыю, магнію).
4. Дыетатэрапія (агародніна, садавіна, алей — іх колькасць у рацыёне павінна пераважаць).
5. Фізіялячэнне. Іголкарэфлексатэрапія.
6. Гімнастыка, спорт, водныя працэдуры.
7. Вітаміны і антыгіпаксанты.
Замяшчальная гарманальная тэрапія з'яўляецца другаснай прафілактыкай хвароб і адносіцца да першай лініі лячэння клімактэрычных расстройстваў. Перад прызначэннем такой тэрапіі для выяўлення супрацьпаказанняў прызначаецца абследаванне:
ультрагукавое абследаванне органаў малога таза, мамаграфія, цыталагічнае даследаванне мазкоў, гарманальнае даследаванне, біяхімічны аналіз крыві, ліпідаграма, остэадэнсітаметрыя.
Клімакс — пачатак новага этапу жыцця, які можна гэтак жа цікава і актыўна пражыць, як і папярэднія гады. Неабходна ўсвядоміць, што надышоў час адмовіцца ад шкодных звычак, з асцярожнасцю ставіцца да ўжывання алкаголю. Пастаянны рух і збалансаванае харчаванне дапамогуць прафілактыцы астэапарозу і захворванняў сэрца і сасудаў. У ідэале тая ж гарманальная тэрапія — рацыянальнае дапаўненне да здаровага ладу жыцця. Жыццесцвярджальны настрой, пільная ўвага да свайго фізічнага і душэўнага стану — вырашальныя моманты для захавання высокай якасці жыцця.
Без усякіх санітарных нормаў!
85 працэнтаў рынкаў, аб'ектаў гандлю, грамадскага харчавання і прыдарожнага сэрвісу краіны парушаюць санітарныя нормы і правілы. Пры гэтым максімум парушэнняў было выяўлена ў Мінску (у 100% выпадкаў), а мінімум — у Віцебскай вобласці (77% выпадкаў). Дзяржаўныя санітарныя ўрачы абласцей, сталіцы і органаў дзяржаўнага кіравання абследавалі ў першыя чатыры месяцы гэтага года звыш 14 тысяч згаданых аб'ектаў.
Што ўдалося выявіць?
• рэалізацыю пратэрмінаванай харчовай прадукцыі;
• парушэнне тэмпературнага рэжыму рэалізацыі харчовай прадукцыі;
• нездавальняючы санітарны стан памяшканняў, гандлёвага і тэхналагічнага абсталявання;
• адсутнасць дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку харчовых прадуктаў;
• несвоечасовасць медаглядаў, гігіенічнага навучання работнікаў;
• невыкананне прадпісанняў у вызначаныя тэрміны.
Як паведамляюць у Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, агульны штраф у выніку склаў звыш 10 млрд рублёў. Выдадзены таксама прадпісанні аб забароне рэалізацыі харчовых прадуктаў, аб ліквідацыі парушэнняў, прыпынена эксплуатацыя некаторых аб'ектаў. Шэраг службовых асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gazeta
[2] https://zviazda.by/be/zdaroue
[3] https://zviazda.by/be/kansultacyi-specyyalistau
[4] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/kancepcyya-zdarovaga-harchavannya
[6] https://zviazda.by/be/tags/byaspeka
[7] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[8] https://zviazda.by/be/tags/pradukty-harchavannya