Ад рэдакцыі
Першакурсніца Інстытута журналістыкі БДУ па просьбе рэдакцыі вядзе дзённік, куды запісвае свае ўражанні ад новага жыцця пасля паступлення. З першай часткі («ЧЗ» ад 13 лістапада мінулага года) мы даведаліся пра велізарнае жаданне дзяўчыны вучыцца, добрыя стасункі з суседкамі па інтэрнацкім пакоі і пра новых сяброў-аднакурснікаў. У другой частцы («ЧЗ» ад 24 снежня) заўважаем, як на змену гэтай захопленасці неяк пакрысе прыходзіць разуменне: наперадзе — першая сесія. Вучоба робіцца больш напружанай. Каця ўсё часцей ужывае словы «сон», «стомленасць»... У гэты час яна пераязджае ў новы інтэрнат, якім вельмі задаволена. Адна няўдача: няма суседак па пакоі. Сустрэць іх аднойчы пасля вучобы дзяўчына марыць з дня ў дзень. І нарэшце тыя з'яўляюцца: дзве кітаянкі, якія не разумеюць ні рускай, ні англійскай моў...
Як прайшла першая сесія, як складваюцца стасункі з новымі суседкамі па інтэрнаце і чаму Кацярыне зноў патрэбна часова змяняць месца жыхарства... Пра ўсё гэта і шмат іншага — у трэцяй частцы «Дзённіка першакурсніцы». Слова аўтарцы.
15-13
24/12/13
...Прачнулася рана. Па дарозе ва ўніверсітэт набываю «Звязду» з «Чырвонкай». Так нецярпелася паглядзець, ці надрукавалі мой матэрыял! Дзень складаўся толькі з дзвюх дысцыплін. На першай была кантрольная па тэме «Фанетыка». Да чаго ж я не люблю яе яшчэ са школы!..
...Збіраю рэчы ў сумку. Кітаянкі пазайздросцілі, што паеду дамоў.
30/12/13
Вяртаемся ў Мінск. Сёння дадатковыя заняткі па рускай мове — трэцяй парай. Група ў поўным складзе была ўжо перад другой. Такое не часта здараецца. Да ўніверсітэта мяне падвёз тата, і так атрымалася, што пасля заняткаў я мяняла кола аўтамабіля. З'ява нармальная, але, напэўна, не для кожнай дзяўчыны...
02/01/14
Каля інтэрната каленам «апрабавала» лёд. Каўзанулася па ім па звычцы, ды яшчэ і з дарожнай сумкай... І закон зямнога прыцягнення не прымусіў сябе чакаць — выпусціла з рук ноўтбук. На першы погляд ён здаўся «жывым», але я адразу чамусьці здагадалася, на што пойдзе стыпендыя. Паломка была...
05/01/14
Заўтра першы экзамен — «Эканоміка». Ужо трэці дзень запар з ёю змагаюся. Стан такі, што хочацца плакаць. Якраз да часу мая чарга дзяжурыць па блоку. Калі нервы здаюць — змяняю дзейнасць.
Мару прачнуцца 25 студзеня з усімі здадзенымі іспытамі. Эх...
15-14
06/01/14
Не такія і страшныя тыя іспыты, як чаканне іх вынікаў. Час з 8.30 да 17.30 правялі ва ўніверсітэце. З іх толькі дзве гадзіны пайшлі на сам экзамен. Паспелі пасядзець, пахадзіць, пагуляць у «ногі», схадзіць на кансультацыю... Мая адзнака — станоўчая. Камень з плеч. Падлічыла — сёння здавала 21-ы і 22-і экзамены ў маім жыцці. Неверагодна. Доўгачаканы адпачынак. Сон, які заўсёды дапамагае пасля іспытаў, не прыходзіў...
07/01/14
Суседкі сталі цішэйшымі, менш дакучлівымі і, здаецца, разумеюць, чым быў выкліканы мой гнеў некалькі дзён таму (нарэшце!). Так, яны добрыя, вясёлыя, але прыбіраць кухню (і не толькі яе) пасля сябе звычкі не маюць...
08/01/14
Зваць «халяву» напярэдадні экзамену ў 00.00 і атрымаць надзею на лёгкі білет, і дадаць веры ў свае сілы — студэнцкая завядзёнка. Нават праз зачыненае вакно чуваць. Усміхаюся...
10/01/14
Экзамен. Першыя слёзы. Вось гэтага не чакала зусім. Ну, напэўна, такое правіла: вучы ўсе пытанні, нічога не прапускай. Бо калі ты прапусціш, менавіта на тое і давядзеццаадказваць. Злуюся толькі на сябе. Дзень не прынёс нічога добрага і пазітыўнага. Сон, толькі ён ратуе.
15/01/14
Збілася з рэжыму. Кнігі захапілі так, што часу не заўважала. Да таго ж трэба колькі гадзін адпачыць перад паходам у рэдакцыю. І не праспаць.
У рэдакцыі «Чырвонкі» спадабалася. І цеплыня, з якой мяне сустрэлі, нават засмучала. Шмат пазітыўных эмоцый. Хацелася тварыць. Прааналізавала ўсё, цяпер думаю, што сказала б іншае.
...То нічога, то ўсё адразу. Першыя паклоннікі. «Добры дзень! Прачытала ваш артыкул. Думаю, што з вамі будзе цікава пагутарыць». Прыемна, што людзей нейкім чынам кранае.
Вечарам дапамагала Чжу Чжу і Лілі Бо (так завуць маіх суседак) з выкананнем практыкаванняў па рускай мове. Гэта ўжо само сабой, як частка жыцця.
16/01/14
Не разумею, што за кніга. Да таго мяне вабіць, што адарвацца амаль немагчыма. Раздзел за раздзелам. Ранак. Каля 5 гадзін. Вочы зліпаюцца.
Прыехалі суседкі па блоку. Ніколі не была ім так рада. Прычына: кітайскай мовы апошнім часам было для мяне зашмат.
17/01/14
Чысты пакой, парадак на палічках і смачны абед. Усё так спраўна робіцца, толькі б не разгортваць канспекты і не вучыць. Бліжэй да вечара прымусіла сябе прайсціся па экзаменацыйных пытаннях (беларускамоўныя тэксты). Выконваю расклад: 20 хвілін вучу, 10 адпачываю.
15-18
20/01/14
Раніцай выпадкова мой будзільнік пабудзіў суседак. Запаліла святло над імі. Усяго на 5 хвілін! А потым я здзіўляюся, чаму яны больш не вучаць мяне кітайскай мове?
Упершыню за ўвесь час сесіі ішла на іспыты з добрым настроем і «свежай» галавой.
Вось дык пашанцавала! Для многіх гэтае пытанне — цяжкае, для некаторых — простае. Выцягнула білет, атрымала практычнае заданне і... «Каму асаблівасці гуку?» Мне! «Каму фанетыку і фанемы?» Мне! «Каму транскрыпцыю?» Мне-мне-мне!
21/01/14
Тры дысцыпліны — тры дні. Нарэшце прызвычаілася да тэмпу сесіі, і размеркаванне часу цяпер — не праблема. Вечарам абавязковая прагулка, і не мае розніцы, якое надвор'е.
Паснедалі з суседкамі. Не думала, што бліны, начыненыя кансерваванымі агуркамі, пасераванай морквай і сырам, могуць быць такімі смачнымі.
22/01/14
Адчуваю, што сесія мяне пакрысе «з'ядае». Доўгі сон, слабасць, раздражняльнасць... Засынаю, чытаючы філасофію. Адкрываю педагогіку, пішу план-канспект. Пераходжу на псіхалогію і — засынаю...
Дапамагаю з практыкаваннямі кітаянкам. Ужо другі месяц з імі, нейкія зрухі ёсць. І тут адна з іх пытаецца: «What іs your name?»... («Як цябе завуць?»)
24/01/14
Свежая галава. Сон — тры гадзіны. І не таму, што вучыла, а таму, што нервавалася. Што сказаць, «мой» дзень. Сесія амаль закрытая. Адна пераздача. І менавіта той дысцыпліны, да якой рыхтавалася больш за ўсё. Адчыніла дзверы аўдыторыі — і ўсё нібыта выпарылася з галавы... На стыпендыю асабліва не разлічвала, а цяпер яе дакладна не будзе. Шкада...
26/01/14
Першакурснікі прайшлі абрад пасвячэння ў студэнты. Калі вучылася ў каледжы, я не адчувала сябе ні студэнткай, ні першакурсніцай. Аднак цяпер магу сказаць, што гэта самая цяжкая сесія ў маім жыцці. Змагаліся да апошняга, пасябравалі і больш палюбілі адно аднаго, і не толькі групай, а цэлым патокам.
Вечарам схадзіла на канцэрт маладой групы «Назіральнік». Апынулася ў некім загіпнатызаваным стане. Усё б нічога, але вучоба не дрэмле, і матэрыял трэба «штурмаваць».
28/01/14
Усё, атрымалася! Пайшла першай, пашчасціла з білетам, здала. Засталася на некалькі гадзін, каб падтрымаць аднагрупнікаў. З розных бакоў ідуць размовы пра пераздачы, у каго колькі.
30/01/14
Падводжу вынікі. За тры тыдні я здала 9 іспытаў, спісала каля 120 старонак, прачытала 6 кніг мастацкай літаратуры, 15 кніг — па дысцыплінам, прагледзела каля 20 фільмаў, праспала каля 124 гадзін (з 504 магчымых), прайшла больш за 63 000 крокаў. Цяпер адпачываем.
12/02/14
...Па раскладзе — тры пары англійскай. Адчуваю сябе як выціснуты лімон.
16/02/14
Усё ніяк не адважуся схадзіць у басейн. Лянотай гэта не назаву, у мяне больш страху. Плаваць не ўмею і, што самае прыкрае, не хаджу вучыцца.
24/02/14
Сюрпрызаў не меншае. Яны толькі набіраюць абароты. У нашай групе папаўненне — новыя аднагрупнікі. Тут магу сказаць наступнае — яны мяне пераследуюць гэтыя маладыя людзі з Кітая.
10/03/14
Салодкага многа не бывае? Як высветлілася, бывае. Удзень хлопцы з групы арганізавалі нам салодкія пасядзелкі. Вечарам сяброўка частуе тортам. Нікуды не дзецца. Нельга так здзекавацца з арганізма. За дзень толькі раз паела здаровай ежы.
14/03/14
Сумяшчаю прыемнае з карысным. Сяброўка вельмі любіць катацца на роліках, а мне трэба зрабіць серыю фотаздымкаў на тэму здаровага ладу жыцця моладзі. Пасля трохдзённага сядзення за камп'ютарам нарэшце заўважаю па-сапраўднаму вясновае надвор'е.
24/03/14
Ніколі не чытайце старажытную беларускую літаратуру пасля таго, як паслухаеце Высоцкага! Тое, што ў галаве робіцца потым, словамі не апісаць.
25/03/14
Запар дзве літаратуры. «Ноў комент», як той казаў. Замежная літаратура радуе з кожным разам усё больш і больш. Абавязковы паход у бібліятэку. За чытаннем не паспяваю сачыць за часам. Сну мяне могуць пазбавіць толькі дзве рэчы — напісанне матэрыялу і цікавая кніга. Добра ці дрэнна, але ўсё так і ёсць.
26/03/14
Замест факультатыву па англійскай мове схадзіла на сустрэчу з Георгіем Калдуном. Не кожны дзень такія цікавыя людзі прыходзяць да нас на факультэт. Высветлілася, што не толькі я з групы зрабіла выбар не на карысць замежнай мовы. Але тры гадзіны — перабор.
27/03/14
Вось ужо амаль тыдзень, як у кітаянак з'явілася шыншыла. Не магу сказаць, што рада. Аднак гэта куды лепш, чым хамяк. Шуму ноччу амаль няма.
29/03/14
Была на фестывалі факультэтаў БДУ. Уразіла настолькі, што захацела паступіць ва ўніверсітэт яшчэ раз. Атрымала квіток на 1/8 фіналу КВЗ Белдзяржуніверсітэта. Вечар прайшоў у ліцэі БДУ. Пазітывам забяспечылі сябе на некалькі дзён наперад.
30/03/14
Падрыхтавала прэзентацыю па фатаграфіі, а потым ад стомленасці і рассеянай увагі націснула на «Не захаваць»... Слоў не знайшлося, каб апісаць эмоцыі. Патраціўшы амаль увесь дзень і выканаўшы большую палову заданняў, вырашаю легчы спаць.
1/04/14
Дзень па праве можна залічыць да лепшых. Група ажывілася. Перапынкі з жартамі, семінары — з ведамі. Выпуск вучэбнай газеты сёння асаблівы. Урэшце мы дайшлі да таго самага моманту, калі трэба вызначацца з кірункам, назвай выдання. Не адна спрэчка нас чакае...
Вечар быў патрачаны на падрыхтоўку відэа «Журналісцкага расследавання» да пары англійскай мовы. Ух, што атрымалася!
3/04/14
Дзень, калі ўсё валіцца з рук. Самыя сумныя і нудныя пары. Нечакана адна свабодная. Збор з нагоды хуткага высялення з інтэрната. Як ні сумна, але са звыклага пакоя ў сувязі з падрыхтоўкай да правядзення чэмпіянату свету па хакеі трэба высяляцца. Другі раз за год перасяляюся. Добра, што на гэты час прадстаўляюць месца.
Кацярына ЛЯСУН.
Фота аўтара.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/adukacyya
[2] https://zviazda.by/be/gazeta
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/05/15-131.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/05/15-14.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/05/15-18.jpg
[6] https://zviazda.by/be/tags/kacyaryna-lyasun
[7] https://zviazda.by/be/tags/studenctva
[8] https://zviazda.by/be/tags/zhurnalistyka
[9] https://zviazda.by/be/tags/sesiya