Успаміны ліквідатара самай буйной тэхналагічнай катастрофы ХХ стагоддзя.
26 красавіка 1986 года стала для дзясяткаў тысяч людзей рубяжом, які падзяліў іх жыццё на «да» і «пасля» аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З картаў Беларусі, Расіі і Украіны зніклі дзясяткі вёсак, з'явіліся два гарады-прывіды… Масавая эвакуацыя насельніцтва з небяспечна забруджанай зоны скончылася літаральна праз некалькі дзён пасля надзвычайнага здарэння.
[5]Як пасля высветлілася, Чарнобыльская станцыя мела шэраг істотных канструктыўных недахопаў. Тэхналогіі мантажу таксама парушаліся. Так, частка труб была зроблена не з цырконію, а з легіраванай сталі. Справа ў тым, што ўсе работы трэба было скончыць да пачатку чарговага партыйнага з'езда. Але незадоўга перад тым выявілася, што трубы з цырконію ператварыліся ў страшэнны дэфіцыт. І гэтае свядомае парушэнне тэхналогіі пазней стала адным з фатальных: трываласць труб са сталі значна меншая ў параўнанні з цырконіевымі. Калі тэмпература ў рэактары павысілася да крытычнай, то сталёвыя трубы элементарна пакарабаціліся. Магчымасці рэгуляваць магутнасць рэактара больш не было. І тады адбыўся выбух…
З уздзеяннем нябачнага чалавечаму воку ворага змагаліся дзясяткі тысяч ліквідатараў аварыі. Непасрэдны ўдзел у гэтай справе прыняў Штаб грамадзянскай абароны БССР, у якім 28 гадоў таму працаваў цяперашні старшы выкладчык Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Уладзімір Мурашка.
Ён падзяліўся з карэспандэнтам «Звязды» сваімі ўспамінамі аб тым часе.
«Даводзілася чытаць чыноўнікам ледзьве не лекцыі па радыялогіі…»
— Я займаў пасаду намесніка начальніка аддзела, які адказваў за ўстойлівае функцыянаванне аб'ектаў народнай гаспадаркі ў надзвычайных сітуацыях, самай цяжкай з якіх з'яўляецца вайна. Мы вырашалі пытанні, звязаныя з эканомікай краіны, рабілі планы разліковага года на выпадак надыходу адной з такіх сітуацый — адным словам, разлічвалі бюджэт рэспублікі ў выпадку ўзнікнення бяды.
5 мая на тэрыторыі БССР мусілі пачацца вучэнні краін Варшаўскага дагавора, якія былі скіраваны на працу ў надзвычайных сітуацыях.
Рыхтаваліся да іх і заводы, бо перад імі ставілася задача максімальна хуткай пераарыентацыі выпуску мірнай прадукцыі на ваенную. Падрыхтаванасць іх перад пачаткам вучэнняў правяраў Штаб грамадзянскай абароны Савецкага Саюза.
— Мы ўжо рыхтаваліся сустракаць замежныя дэлегацыі, і тут раптам пачулі, што ва Украіне, на атамнай станцыі паблізу Чарнобыля здарылася нейкая аварыя, — працягвае Уладзімір Мурашка. — Што дакладна адбылося, не ведаў, аднак, ніхто. Падрыхтоўка да вучэнняў тут жа была рэзка спынена. А Штаб грамадзянскай абароны СССР накіраваўся ў размешчаны паблізу горад Прыпяць.
28 красавіка ў Гомельскай вобласці пачалі працу 24 санітарна-эпідэміялагічныя станцыі, 22 ветэрынарныя лабараторыі, 9 гідраметэастанцый і 664 пасты радыяцыйнага назірання. Нашу працу амаль кругласутачна каардынаваў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, начальнік Штаба грамадзянскай абароны БССР генерал-лейтэнант Аверкій Леанідавіч Грышагін. На вялікі жаль, падарожжа ў чарнобыльскае пекла скончылася для яго трагічна — ён моцна хварэў і адышоў у іншы свет у 1996 годзе…
Тады ж Штаб аддаў першае распараджэнне датычна арганізацыі і забеспячэння мер бяспекі для насельніцтва ў рэгіёнах, якія трапілі пад удар радыяцыі. Былі раздадзены сродкі індывідуальнай абароны, абмежавалі знаходжанне дзяцей па-за памяшканнямі, забаранілі ўжыванне малака і выкарыстанне адкрытых крыніц вады. Узнікалі пры гэтым і праблемы. На месцах нам неаднаразова прыходзілася чуць заявы кшталту: «Вы нам зрываеце пастаўкі мяса і малака!» Даводзілася чытаць чыноўнікам ледзьве не лекцыі па радыялогіі…
Пінжак-ратаўнік
— Запомніўся выпадак, які адбыўся з міністрам аховы здароўя БССР Мікалаем Саўчанкам, — успамінае Уладзімір Мурашка. — У Чарнобыль ён паехаў у страшэнна дэфіцытным тады дарагім фінскім касцюме. На аператыўнай нарадзе, якая адбылася пасля чарговага рэйду па тэрыторыі, ён папрасіў аднаго з афіцэраў праверыць, колькі ж радыяцыі ўвабрала ў сябе печань. Шчупам вельмі адчувальнага прыбора, які выкарыстоўваўся ў геолагаразведцы, павадзілі ў вобласці печані. І бачым, як ва ўсіх дыяпазонах лічбы зашкальваюць. Колер твару міністра паступова стаў чымсьці падобным да колеру пінжака — такім жа сіне-зялёным. І тут нам усім рэзка стала не па сабе: атрымліваецца, што чалавек фактычна даведаўся аб смяротным прысудзе, які ўжо не абскардзіш у ніводнай інстанцыі…
Пасля некалькіх хвілін маўчання камусьці прыйшла ў галаву ідэя памераць выпраменьванне, зняўшы пінжак. На шчасце, прыбор паказаў велічыню ў межах нормы. Нямую сцэну перарваў вокліч Мікалая Яўсеевіча: «Ды дзе ж яшчэ я куплю сабе такі касцюм?!»
«Як у нашай у старонцы нечакана выпаў стронцый…»
— Людзі эвакуяваліся з дамоў у страшэннай спешцы, — працягвае згадваць Уладзімір Мурашка. — Праз месяц я зайшоў у адзін з іх. На абедзенным стале стаялі сапсаваныя мясныя прадукты. У конаўках бялелі рэшткі скамянелага ад часу малака. Валяўся хлеб, на стале ляжалі мёртвыя мышы…
Вясна 1986‑га была вельмі спякотнай. Слупок тэрмометра неаднойчы ўздымаўся да 28‑градуснай адзнакі, а часам нават сягаў вышэй за яе. А дажджоў хранічна не хапала. У спешна адселеных вёсках засталося шмат свойскіх жывёл і птушак. Яны моцна пакутавалі ад смагі. А людзей, каб напаіць іх, там ужо не было. І неаднаразова даводзілася назіраць за тым, як курыца садзілася на край калодзежа і зрывалася ўніз, дзе яе вабіла вада. А назад, вядома, выбрацца птушка ўжо не магла.
У Магілёўскую вобласць мяне перакамандзіравалі на пачатку жніўня 1986 года. Тады мы прыехалі ў вёску Кармапайкі Краснапольскага раёна. У вёсцы гэтай стаяла школа, пабудаваная з лістоўніцы яшчэ за царскім часам. Гонта на ёй была вельмі старая, цяпер такую ўжо і не ўбачыш. І колькі мы гэтую школу ні дэзактывавалі, высокі ўзровень радыяцыі ў ёй працягваў захоўвацца. Вось так школа прастаяла дзве вайны, дзве рэвалюцыі, а нябачны вораг яе згубіў…
Запомніўся мне з гэтай школы кабінет прыродазнаўства. Гэта цяпер жывыя істоты намаляваны ў школьных падручніках. Тады ж існаваў дапаможнік наглядны — слоікі з заспіртаванымі жабамі, рыбамі, змеямі… І, што адметна, этыкеткі на слоіках былі напісаны на дарэформеннай рускай мове — з «яцямі» і «ерамі» пасля зычных на канцы слоў. Усе настаўнікі адтуль з'ехалі, застаўся ў школе толькі дырэктар. І мне запомніліся яго словы: «Я з гэтай школы не пайду, я ёй сваё жыццё прысвяціў»…
Калі ў Гомельскай вобласці народ ставіўся да радыяцыйнай пагрозы больш сур'ёзна, то на Магілёўшчыне ўжо панаваў досыць разняволены настрой. Вып'юць увечары вясковыя жыхары традыцыйныя сто грамаў, сядуць на прызбе, пачынаюць іграць на гармоніку і спяваць прыпеўкі. Запомнілася мне адна з іх: «Як у нашай у старонцы нечакана выпаў стронцый». І нам кажуць: «Ай, ну што вы прычапіліся да нас з гэтай вашай радыяцыяй. Нам вунь немец нічога не зрабіў, і гэтую навалу перажывём».
— Існуе думка, што грамадзянская абарона падрыхтавана не была, што яна замоўчвала аб гэтых падзеях. Але гэта фактычна грубая падмена паняццяў. Калі ўявіць сабе, што сапраўды было так, дык хто ж удзельнічаў у работах па планаванні надзвычайных сітуацый? Хто аператыўна рушыў на ліквідацыю аварыі? Нават і цяпер, калі мінула ўжо 28 гадоў ад фатальнага выбуху, падзеі тых далёкіх часоў калі-нікалі праходзяць перад маімі вачыма, як кінастужка на запаволенай хуткасці…
Калі мы з вамі рыхтавалі гэты матэрыял, 4 красавіка з жыцця пайшоў мой сябар, адзін з першых ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, Уладзімір Міцкевіч. Радыяцыя літаральна з'ела яго лёгкія.
Наступствы чарнобыльскай катастрофы — гэта наша агульная бяда, з якой давядзецца жыць сотні гадоў. І таму вельмі важна не толькі памятаць пра падзеі, што з кожным днём усё далей адыходзяць у гісторыю, але і пра тых людзей, якія за барацьбу з радыяцыяй заплацілі сваім здароўем, а некаторыя — і жыццём. Таму што без іх удзелу наступствы аварыі былі б яшчэ горшымі для будучых пакаленняў…
Валяр'ян ШКЛЕННІК.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gazeta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[4] https://zviazda.by/be/pamyac
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/04/271.png
[6] https://zviazda.by/be/tags/charnobyl
[7] https://zviazda.by/be/tags/aes
[8] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik-1