«У маёй сям'і склалася вельмі няпростая і цяжкая сітуацыя: муж хоча пайсці да іншай жанчыны, нягледзячы на тое, што ў нас ужо ёсць дзіця — дачка 4 гадоў. Праўда, развесціся муж прапануе «цывілізавана»: згодны плаціць аліменты і ўдзельнічаць у выхаванні дачкі.
Чула, што можна да разводу скласці пагадненне аб дзецях і тады як быццам развядуць без суда. Ці праўда гэта? Наогул, што можна прапісаць у такім пагадненні? Хто яго павінен складаць і кантраляваць потым, ці выконваюць яго ўмовы былыя муж і жонка?».
Алена Маслоўская, г. Магілёў.
— Насамрэч меркаванне аб тым, што наяўнасць пагаднення аб дзецях дае магчымасць скасаваць шлюб без суда, гэта значыць, у органах ЗАГС, памылковае, — тлумачыць адвакат юрыдычнай кансультацыі Савецкага раёна г. Мінска Надзея ДАВЫДОЎСКАЯ. — У выпадку, калі ў сям'і на момант звароту з патрабаваннем скасаваць шлюб ёсць непаўналетнія дзеці, рашэнне аб скасаванні шлюбу можа прымаць толькі суд.
Калі паміж мужам і жонкай ёсць жаданне дамовіцца ў добраахвотным парадку аб асноўных нюансах наконт выхавання дзяцей, удзелу ў іх матэрыяльным забеспячэнні, сапраўды магчыма заключыць пагадненне аб дзецях. Гэта можна зрабіць у простай пісьмовай форме як да судовага разбору, так і падчас разгляду іску аб скасаванні шлюбу. Заключэнне пагаднення аб дзецях у далейшым паскорыць працэс разводу, а таксама дазволіць абодвум сужэнцам рэгуляваць пытанні выхавання дзяцей і іх матэрыяльнага ўтрымання пасля разводу.
У такім пагадненні можна вызначыць, з кім сумесна будуць пражываць дзеці, прапісаць парадак стасункаў з імі і ўдзел у іх выхаванні таго з бацькоў, хто пражывае асобна, абазначыць памер аліментаў на дзяцей, парадак іх выезду за межы Рэспублікі Беларусь і іншыя пытанні выхавання і ўтрымання дзяцей пасля скасавання шлюбу бацькоў, калі гэта не парушае правы і законныя інтарэсы дзяцей і іншых асоб і не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь (арт. 38 Кодэкса РБ аб шлюбе і сям'і). Пагадненне аб дзецях зацвярджаецца судом. Парадак яго выканання вызначаюць нормы Грамадзянска-працэсуальнага кодэкса РБ. У выпадку, калі адзін з бацькоў не выконвае ўмовы пагаднення, другі бок можа звярнуцца ў суд па месцы пражывання былога сужэнца, які не выконвае свае абавязкі ці выконвае іх неналежным чынам. Тады забяспечваць прымусовае выкананне ўмоў заключанага пагаднення аб дзецях будзе судовы выканаўца.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta