Як вынікае з паведамленняў украінскіх СМІ, у напрамку да перакопскага перашыйка, які злучае Крымскі паўвостраў з «вялікай зямлёй», пачалі рухацца ўкраінскія войскі — у тым ліку БТР і танкі: узброеныя сілы Украіны праводзяць раптоўныя вучэнні ў Херсонскай вобласці. Падрабязнасцяў аб пазапланавых манеўрах няшмат. Так, па інфармацыі шэрагу мясцовых выданняў, для ўдзелу ў адпрацоўцы вучэбных задач задзейнічана ў тым ліку бронетэхніка з Львова: у выхадныя відавочцы назіралі, як калона БТР выязджае за межы горада, накіроўваючыся на паўднёвы ўсход. У Наваград-Валынскім Жытомірскай вобласці заўважылі падрыхтоўку да выезду на «нейкія вялікія вучэнні» 30-й асобнай механізаванай брыгады. Расійскія вайскоўцы паралельна з украінскімі пачалі новыя «раптоўныя» маштабныя вучэнні, на гэты раз — у паветрана-дэсантных войсках. «Дывізіённыя камандна-штабныя вучэнні з Іваноўскім злучэннем ПДВ стартавалі 11 сакавіка. Усяго ў вучэннях будзе задзейнічана каля 4000 дэсантнікаў, 36 паветраных суднаў ваенна-транспартнай і вайсковай авіяцыі», — паведаміў прадстаўнік прэс-службы Мінабароны. Падчас вучэнняў упершыню за больш чым 20 гадоў пройдзе масавая высадка дэсанту: у ёй прымуць удзел каля 3500 вайскоўцаў. Месцы правядзення дэсантнай аперацыі камандаванне злучэннем атрымае падчас вучэнняў. Кіруе манеўрамі камандуючы ПДВ генерал-палкоўнік Уладзімір Шаманаў, які мае вялікі вопыт баявых дзеянняў у Чачні.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/bez-rubriki
[2] https://zviazda.by/be/gazeta
[3] https://zviazda.by/be/u-svece
[4] https://zviazda.by/be/naviny-u-svece
[5] https://zviazda.by/be/tags/maskva
[6] https://zviazda.by/be/tags/kieu
[7] https://zviazda.by/be/tags/vaennyya-vuchenni