25 гадоў таму Мікалай Калачоў вярнуўся дахаты ў родную вёсачку пад Шкловам, што на Магілёўшчыне. На памяць аб Афганістане ў целе засталіся асколкі ад гранаты, але душа спявала: жывы! Той апошні дзень на чужой зямлі ён памятае, здаецца, да апошняй хвіліны. Як збіраліся, як ехалі... «Гэта было 15 лютага пасля абеду, — удакладняе Мікалай. — Мясцовыя суправаджалі нас са зброяй у руках. Казалі: «Вы — добрыя, але ж вас могуць забіць». Не ведаю, наколькі яны былі шчырымі ў сваіх словах, але камандзіры нас загадзя папярэдзілі: маўляў, ніякіх феерверкаў і стрэлаў».
...На сустрэчу Мікалай прыйшоў з вялізным армейскім альбомам. Чорна-белыя здымкі, на жаль, крыху выцвілі. Але ўсё роўна, гледзячы на іх, адчуваеш цяжкі подых афганскай вайны.
Мікалай прызваўся на службу ў памежныя войскі вясной 1987 года. «Касіць» ад арміі ў яго нават і ў думках не было. Аднавяскоўцы засмяялі б, падумалі б, што хворы. Тым больш што старэйшы брат служыў у Германіі, і Мікалай яму вельмі зайздросціў. Пра тое, што можа трапіць у Афганістан, не думалася. А вось маці, здаецца, нешта адчувала — плакала, калі развітвалася з сынам. Ён яе супакойваў: «Не на вайну ж іду». Быццам бы накаркаў.
Службу прыйшлося несці на таджыкска-афганскай мяжы. Пасля «стажыроўкі» ў вучэбна-баявым цэнтры «Халкаяр» (дзе навабранцам, акрамя іншых асноў, далі некалькі «ўрокаў» вядзення афганскага бою) спачатку служыў сапёрам у Тулукане, а потым выконваў баявыя заданні ў складзе дэсантна-штурмавой мабільнай групы. Яна «прыкрывала» граніцу і «працавала» на тэрыторыі Афганістана.
— Баявое хрышчэнне адбылося падчас першага вылету, — успамінае Мікалай. — Толькі зрабілі прывал, як раптам нешта прасвістала над галавой і грымнуў выбух. Стараслужачыя ўсё зразумелі, а мы, птушаняты жаўтаротыя, напалохаліся. Бронекамізэлек не было — чым не жывая мішэнь для ворага? Каленкі трэсліся ад страху па-сапраўднаму.
Аперацыі за два гады службы былі розныя: адны доўжыліся некалькі гадзін, іншыя вымушалі месяцамі жыць у акопах. Душманы ведалі сваю тэрыторыю як табліцу множання, і змагацца з імі было цяжка. «Аднойчы ўдзельнічалі ў захопе двух бандытаў, — кажа Мікалай. — Яны былі літаральна перад намі і раптам зніклі, як пад зямлю праваліліся».
Здаралася, што і свае памылкі дапускалі. Быў выпадак, калі дэсант «выкінулі» не туды. Але гэта стала зразумела, калі верталёт ужо падняўся ў паветра. Прыйшлося рабіць не вельмі блізкі пераход. Ды яшчэ з заплечнікам, які важыць не менш за 40 кілаграмаў. І гэта пры тым, што ўнутры толькі самае неабходнае — зброя, бое-
прыпасы, асабістыя рэчы. Добра, што савецкія БТРы сустрэлі на шляху. Ну як тут сваіх не падкінуць? Мікалай таксама падсеў на адзін і, нездарма ж кажуць, што свет цесны, — аказаўся побач з аднагрупнікам па вучылішчы, якое скончыў да арміі.
Да паходных умоў салдату не прывыкаць. Але бадай месяц жыць на могілках — не кожны вытрымае. «Спалі ў склепе, пад зямлёй, — дзеліцца жахлівымі падрабязнасцямі суразмоўца.— Трун я не бачыў, але спачатку было непрыемна. Потым неяк прывык. Нават кашмары не сніліся».
Да клімату таксама прыходзілася прыстасоўвацца. Зімой было золка, вецер прабіраў да самых касцей. Але яшчэ больш вымотвала спёка. Быў выпадак, калі ад цеплавога ўдару памёр салдат. А такое, калі навабранцы ў спякоту страчвалі прытомнасць, здаралася не раз.
Часам і без ежы заставаліся. Аднойчы правізія скончылася, а верталёты не прыляталі: душманы не давалі ім сесці. Прыходзілася паляваць на мясцовых рэптылій. А іх там было шмат. Захаваўся здымак, дзе салдаты трымаюць у руках змяю. У смажаным выглядзе яна нечым нагадвае рыбу. А яшчэ давялося пакаштаваць чарапахавы суп. Ён, кажуць, на аматара, але з галадухі чаго толькі не з'ясі! Вось толькі афганскі рыс прыйшоўся недаспадобы. На від ён звычайны, але, калі пачынаеш варыць, пах ад яго, мякка кажучы, не вельмі прыемны.
Мясцовыя жыхары, якія прыязна ставіліся да савецкіх міратворцаў, абменьваліся з імі прадуктамі, звярталіся па дапамогу да іх фельчаркі. Хоць гэтая «дружба» афіцыйна забаранялася, стасункі былі даволі цеснымі. У Мікалая нават захавалася некалькі фотаздымкаў з «суседзямі».
— А гэта душманы, — паказвае ён фота, дзе стаяць загорнутыя ў накідкі людзі з вінтоўкамі. — З ліку так званых «добрых». Маглі нават папярэдзіць, калі нам пагражала небяспека.
На старонках салдацкага альбома шмат цікавых фота. Вось грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, дзе Мікалаю дзякуюць за мужнасць пры выкананні інтэрнацыянальнага доўгу. «Будзем спадзявацца, што мы яго выканалі, — кажа Мікалай. — Адзін знаёмы бравіраваў: «Падумаеш, Афган! Я туды з задавальненнем паехаў бы». А вось я не хацеў бы туды вярнуцца. Раней жартавалі: пратрымайся там 2 дні — і атрымаеш пасведчанне, што служыў у Афгане.»
Выпадкаў, калі ў салдата не вытрымлівалі нервы, таксама хапала. Мікалай узгадаў, як адзін «дзед» стаў здзекавацца з маладога, прымушаў паўзці. А той схапіў зброю, нацэліў на яго і скамандаваў: «Сам паўзі!» На хлопца страшна было глядзець: збялеў увесь, затросся. Напружанасць была ўжо ад самой службы, а тут яшчэ гэты «дзед».
Вайна ёсць вайна, і вяртаюцца з яе, на жаль, не ўсе. Аднойчы верталёт, з якога хвіліну таму высадзілася баявая група, збілі тут жа на вачах. Яшчэ быў выпадак, калі сябар атрымаў асколачнае раненне, але па дарозе да шпіталя памёр. Мікалаю пашчасціла: граната разарвалася недалёка ад яго, балюча секанула па целе асколкамі, кантузіла. Яго і яшчэ чатырох параненых на верталёце даставілі ў шпіталь Душанбэ. А выжылі толькі ён ды яшчэ адзін хлопец.
— Вось мае сябры, якія не вярнуліся дадому, — паказвае Мікалай фотаздымкі 26-гадовай даўнасці, з якіх глядзяць сімпатычныя маладыя твары. — Гэта — Алег Чумак. Разам лячыліся ў шпіталі ў Душанбэ. Калі даведаўся, што яго не стала, не мог паверыць. Асколак трапіў яму ў пераноссе, а потым перамясціўся ў мозг... Пасля гэтага ўсіх нас пачалі правяраць, галовы «свяціць». Дзе раней былі? А вось гэта — прапаршчык Каваленка, таксама загінуў ад разрыву гранаты. У тым жа баі. Твар разнесла так, што жахліва было глядзець.
Пасля ранення Мікалаю далі 10 дзён камандзіроўкі ў якасці заахвочвання. Дома пра яго службу ў Афганістане яшчэ не ведалі, хаця ён ужо год там ваяваў. Можа, гэта так і засталося б сакрэтам, калі б ён не прагаварыўся стрыечнаму брату. Той падзяліўся з бацькам, а бацька з сястрой — маці салдата. У жанчыны істэрыка пачалася, не хацела адпускаць сына. Ледзь супакоілі.
Ёсць у армейскім альбоме чорная старонка, куды ўпісаны прозвішчы загінулых падчас службы ў часці з 1981-га па 1988 год. У спісе больш за 40 чалавек. Але гэта не ўсе, як кажа Мікалай. Калі пачаўся вывад войскаў, салдаты ўсталявалі ў гонар загінулых таварышаў невялікі помнік.
З Афганістана Мікалай прывёз дадому парашут. Але як і дзе яго страціў, нават і не памятае. Шкада вельмі. Там былі пазначаны адрасы сяброў і кропкі баявых аперацый. Быў яшчэ прабіты куляй металічны магазін ад вінтоўкі — гэты кавалак металу выратаваў яму жыццё, прыкрыў грудзі. Альбом і той крыху патрапаў у дзяцінстве старэйшы сын — цягаў яго ўсюды, нават спаў з ім.
Мікалай — аптыміст. Ён смяецца і жартуе, быццам тыя жахі не з ім адбываліся. Быццам два баявыя медалі, адзін з якіх — «За адвагу», а другі — «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай мяжы СССР», яму проста так даліся.
...15 лютага ён заўсёды ходзіць на сустрэчу з баявымі сябрамі. Гэта святое. Успамінаюць, як марылі, што, калі вернуцца, нарэшце выспяцца і купяць адразу некалькі маразільнікаў, каб расчыніць іх і злавіць кайф ад холаду: афганская спёка ўсіх дастала. Але дома пра ўсё гэта хутка забылася. Свае сцены, вядомая справа, добра лечаць зраненую вайною душу... Цяпер Мікалай жыве ў роднай Камароўцы разам з жонкай і двума сынамі. І лічыць сябе шчаслівым чалавекам.
Нэлі ЗІГУЛЯ. Фота аўтара.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/z-zhyccya
[3] https://zviazda.by/be/pamyac
[4] https://zviazda.by/be/tags/afganistan
[5] https://zviazda.by/be/tags/shklou
[6] https://zviazda.by/be/tags/mikalay-kalachou