Гандлёвыя ўстановы сталіцы стануць больш прывабнымі для замежнікаў. У хуткім часе міжнародная сістэма Tax Free пашырыць свае межы за кошт сетак сталічных магазінаў Zіko, «Краўт», «Серж» і некаторых іншых, паведамляюць у Галоўным упраўленні спажывецкага рынку Мінгарвыканкама.
Сёння Tax Free працуе ў дзесяці магазінах горада. Упершыню ёй пачалі карыстацца ў чатырох універмагах Мінска — ГУМе, ЦУМе, «Беларусі» і гандлёвым доме «На Нямізе». Напрыканцы мінулага года арэал Tax Free ў Беларусі пашырыўся: да яе далучыліся гандлёвы цэнтр «Кірмаш» і спецыялізаваныя магазіны оптыкі «Поры года» і «Венета». А ў ювелірнай краме «Чараўніца» дзень «народзінаў» Tax Free адзначылі ў першы ж дзень новага года. Бліжэйшым часам спіс устаноў, у якіх пасля набыцця пэўных пакупак замежнікі змогуць вярнуць падатак на дабаўленую вартасць (ПДВ), павінен значна павялічыцца. Для гэтага ўжо праведзена немалая падрыхтоўка. Акрамя дапрацоўкі праграмнага забеспячэння для касавых апаратаў, у выніку чаго сума падатку ў таварным чэку цяпер вылучаецца асобным радком, увесь персанал прайшоў адпаведную перападрыхтоўку
Дарэчы, за ўвесь час функцыянавання ў Беларусі сістэмы Tax Free замежнікі скарысталіся гэтай паслугай 253 разы, у Мінску — 237, аформіўшы чэкі на больш чым 500 млн рублёў. Магчымасць вярнуць ПДВ атрымалі замежныя госці з Аўстрыі, Германіі, Эстоніі, Кітая, Ізраіля, Латвіі, Украіны, Літвы, Італіі, Анголы, Кіпра, Азербайджана і іншых краін.
Любоў Каспяровіч.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/tags/serzh
[3] https://zviazda.by/be/tags/minsk-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/lyubou-kaspyarovich-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/tax-free
[6] https://zviazda.by/be/tags/ziko
[7] https://zviazda.by/be/tags/kraut
[8] https://zviazda.by/be/tags/mingarvykankam-0