Сваімі першымі памочнікамі старшыня Стадоліцкага сельскага Савета Ганна МАРКЕВІЧ называе работнікаў вясковага Цэнтра культуры і сустракаецца з імі як з добрымі сябрамі.
— У сельскага Савета і Цэнтра культуры сапраўды моцная сувязь, — кажа Ганна Паўлаўна. — Сумесна працуючы, мы здольны рабіць вялікую і патрэбную справу ў вёсцы.
Найцікавейшымі праектамі з абавязковым удзелам у іх работнікаў культуры старшыня называе сумесныя выезды ў суседнія і больш далёкія вёскі — а іх сёння ў сельсавеце ўжо дванаццаць. Выязджаюць, каб павіншаваць маладыя сем'і з нованароджанымі, а таксама юбіляраў-доўгажыхароў: вось нядаўна разам ушаноўвалі 90-гадовую Аляксандру Іларыёнаўну Сеўрук.
— Ладзім вечарыны-агеньчыкі да Дня пажылых людзей, віншуем ветэранаў працы і вязняў вайны, разам добраўпарадкоўваем і тэрыторыю вёскі, — заўважае Ганна Паўлаўна. — На бібліятэкара Ніну Прыбылавец і дырэктара Цэнтра культуры Надзею Кузняцову заўсёды магу спадзявацца, хоць добра ведаю, што праца культработнікаў на вёсцы не з лёгкіх, як некаму можа падацца.
Цяпер у Стадоліцкім цэнтры культуры працуе шэсць дзіцячых і два дарослыя калектывы мастацкай самадзейнасці, бібліятэчны пункт часта бывае ў іншых населеных пунктах Савета. Апошнім часам старшыню Ганну Маркевіч усё больш радуе праца работнікаў сферы культуры па адраджэнні народных абрадаў, якіх у гэтым рэгіёне Палесся было сапраўды шмат.
— А яшчэ культработнікі не застаюцца ўбаку і ад выхаваўчага працэсу нашых падлеткаў, асабліва праблемных дзяцей, — зазначае кіраўнік сельсавета.
Анатоль КЛЯШЧУК. Фота аўтара. Лельчыцкі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/культура.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/lelchycki-rayon
[6] https://zviazda.by/be/tags/ganna-markevich
[7] https://zviazda.by/be/tags/vyaskovy-centr-kultury