А ўначы на аўторак — да мінус 25.
Сёння тэрыторыя Беларусі будзе пераважна пад уплывам халодных паветраных мас, якія рухаюцца да нас з поўначы Еўропы, паведаміла рэдакцыі спецыяліст Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Вольга Фядотава.
Пры гэтым атмасферныя франты з боку Польшчы прынясуць у паўднёва-заходнія рэгіёны краіны сур'ёзны снег. У Брэсцкай вобласці мокры снег і слабы галалёд, на асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўдзень будзе вагацца ад плюс 1 градуса па паўднёвым захадзе да мінус 11 градусаў на поўначы краіны. Прагназуецца, што ў суботу снегапады «накрыюць» ужо большую частку Беларусі, месцамі слабая мяцеліца. Тэмпература паветра на працягу сутак мінус 8-14 градусаў, аднак па паўднёвым захадзе толькі 2-7 марозу. Уначы на поўначы краіны пахаладае да мінус 15-19 градусаў.
На свята 19 студзеня нас чакаюць калядныя маразы. У большасці раёнаў без істотных ападкаў, толькі месцамі невялікі снег. Тэмпература паветра ўначы мінус 13-18 градусаў, пры праясненнях да 23 марозу, удзень — 9-14 градусаў ніжэй за нуль. Па паўднёвым захадзе ўсталюецца больш мяккае надвор'е, калі ўначы мінус 7-12, а ўдзень — 6-8 градусаў ніжэй за нуль.
У пачатку наступнага тыдня наша краіна трапіць пад уплыў сапраўды халодных паветраных мас арктычнага паходжання. У панядзелак і аўторак пераважна без ападкаў, толькі па паўднёвым захадзе краіны чакаецца кароткачасовы снег. Стане зусім холадна. Тэмпература паветра ўначы мінус 14-20, у паўночна-ўсходніх рэгіёнах пры праясненнях да 21-25 марозу, удзень — 9-16 градусаў ніжэй за нуль. На паўднёвым захадзе ўначы мінус 8-13, удзень — 5-8 марозу.
Паводле інфармацыі айчынных кліматолагаў, сярэднесутачная тэмпература паветра 19 студзеня ў мінулыя гады ў палове выпадкаў была ў межах ад 1 да 10 марозу, раз на 7 гадоў — увогуле з плюсам, раз на 4 гады — ніжэй за мінус 10 градусаў. Прыкладна раз на 30 гадоў на гэтую дату бывае ніжэй за мінус 20. Самая нізкая тэмпература ўначы на Вадохрышча ў сталіцы была зарэгістравана ў 1968 годзе — мінус 25,8 градуса. Сёлета ўначы на гэтае свята ў галоўным мегаполісе краіны чакаецца мінус 15-17 градусаў. Зіма, мароз, цудоўна...
Сяргей КУРКАЧ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/infarmbyuro
[4] https://zviazda.by/be/tags/europa
[5] https://zviazda.by/be/tags/bresckaya-voblasc
[6] https://zviazda.by/be/tags/volga-fyadotava-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/respublikanski-gidrametcentr-minpryrody
[8] https://zviazda.by/be/tags/pragnoz-nadvorya