Звяртаемся да вас, каб удакладніць, чаму нам з 20 снежня мінулага года адключылі радыё? У раёне сказалі, што гэта планавае мерапрыемства і праводзіцца яно на рэспубліканскім узроўні. Мы хочам ведаць, ці так гэта. Палова жыхароў пасёлка не купіць гэтыя прыёмнікі і будзе адрэзана ад свету. Мы прасілі не адключаць нам радыё — няхай нават павялічаць абанплату. Чамусьці на ўсё цэны павялічваюцца, а плата за радыё складае за месяц менш за дзве тысячы рублёў. Вось чаму не хапае грошай на рамонт радыёліній. Як інакш патлумачыць прычыну адключэння?
Жыхары вёскі Нача Ляхавіцкага раёна.
Калі коратка, каб не паўтарацца (бо на гэтую тэму наша газета ўжо неаднойчы пісала), дык прычына адключэння праваднога радыё — у састарэласці тэхналогіі. І адключэнне сапраўды пакрысе будзе весціся па ўсёй краіне.
— І ў нашым раёне праводзяцца такія работы. Нача — не першы населены пункт, дзе правадное радыё ўжо адключана, — распавёў нам у тэлефоннай гутарцы начальнік Ляхавіцкага раённага вузла электрасувязі Анатоль Лукашэвіч. — Але перад тым, як пайсці на такі крок, за месяц да адключэння, нашы работнікі брыгадамі па 6-8 чалавек выязджалі ў кожную вёску і абышлі практычна кожны дом, каб папярэдзіць пра тое. Хіба толькі каго выпадкова не заспелі. Ведаю, што некаторыя жыхары выказваюць сваю нязгоду, яны і да мяне звярталіся, але трэба разумець адно: ідзе паступовы пераход ад праваднога радыё да УКВ. Па нашым раёне гэтыя работы, калі ўсё пойдзе, як намечана, плануецца завяршыць недзе да 1 ліпеня гэтага года.
Як паведаміў далей Анатоль Тадэвушавіч, насельніцтву прапануюцца УКВ-прыёмнікі айчыннай вытворчасці коштам па 165 тысяч рублёў. Прычым, як варыянт, іх можна набыць нават у растэрміноўку. Дарэчы, у сувязі з тым, што ў вёсцы Нача правадное радыё ўжо адключана, абанплата за яго не бярэцца. Не будзе яе і ў далейшым.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/zvarotnaya-suvyaz
[3] https://zviazda.by/be/tags/zvarotnaya-suvyaz
[4] https://zviazda.by/be/tags/pravadnoe-radyyo
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyoska-nacha
[6] https://zviazda.by/be/tags/anatol-lukashevich