Аляксей Тарусаў і Настасся Уткіна — маладая сталічная пара. Хлопец з дзяўчынай кахаюць адно аднаго ўжо некалькі гадоў, удзень яны працуюць на звычайных работах, а ўвечары — танцуюць танга.
«Пазнаёміцца з танга — мая даўняя мара, — прызнаецца Аляксей. — Але я ўсё ніяк не мог здзейсніць яе: то часу не хапала, то яшчэ якія турботы не дазвалялі. Не так даўно я прапанаваў Настассі пайсці на экспрэс-курсы ў мінскую школу, дзе вучаць танцаваць танга. Яна пагадзілася». Так пачалася новая гісторыя маладой пары. Цяпер танцавальная.
«Танга — гэта танец-экспромт, ён вучыць разумець свайго партнёра на невербальным узроўні, без слоў, — дзеліцца асабістымі перажываннямі Настасся. — Шчыра кажучы, мы толькі пазнаёміліся з танга, а я ўжо адчуваю, што такі танцавальны вопыт добра адбіваецца на нашых адносінах».
Танга — танец жарсці, а змена партнёраў у ім — гэта не падстава для рэўнасці, а магчымасць навучыцца чамусьці новаму. Танцаваць доўгі час з адным партнёрам — гэта як размаўляць з ім: праз пэўны час ты ведаеш, што ён табе скажа, што зробіць у наступную хвіліну.
— Мне падабаецца танга, таму што ў гэтым танцы мужчына павінен быць мужчынам, яго абавязак — прымаць рашэнні, а жанчына ўпрыгожвае танец сваёй пяшчотай і пачуццямі — усё, як і ў звычайным жыцці, толькі больш эмацыянальна, — расказвае Аляксей.
Любоў Бяляева. Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/kultura-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/lyubou-byalyaeva
[5] https://zviazda.by/be/tags/tanec
[6] https://zviazda.by/be/tags/alyaksey-tarusau
[7] https://zviazda.by/be/tags/nastassya-utkina
[8] https://zviazda.by/be/tags/tanga