У Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на ўсе формы навучання сёлета залічана рэкордная колькасць замежных грамадзян — 1119 чалавек. Гэта на 25% больш, чым у 2012 годзе, што і з'яўляецца самым высокім паказчыкам за ўсю больш чым 90 гадовую гісторыю ўніверсітэта.
У БДУ з задавальненнем адзначаюць той факт, што сёлета амаль удвая ўзрасла колькасць замежных магістрантаў. Для атрымання вышэйшай адукацыі на другой ступені навучання ў БДУ паступілі 257 замежных студэнтаў. Прыём дакументаў у аспірантуру працягваецца.
Вырасла таксама і колькасць слухачоў на падрыхтоўчым аддзяленні. Ужо 157 замежных грамадзян выказалі сваё жаданне прайсці падрыхтоўку ў БДУ (у 2012 г. — 140). Цікава, што пашыраецца і «геаграфія» краін, адкуль едуць вучыцца ў БДУ: так, у 2013 годзе для атрымання вышэйшай адукацыі сюды былі прыняты студэнты з 32 краін. Сярод студэнтаў-замежнікаў 411 грамадзян з КНР (36,7%), 283 — з Туркменіі (25,3%), 153 — з Расіі (13,7%), 66 — з Рэспублікі Карэя (6%), 35 — з Казахстана (3%) і г. д. Пашырылася і еўрапейскае прадстаўніцтва: студэнтамі БДУ сталі сёлета грамадзяне Германіі, Іспаніі, Нарвегіі, Польшчы, Славеніі, Фінляндыі, Літвы і Швецыі. Самыя запатрабаваныя факультэты сярод іншаземцаў — эканамічны, факультэт міжнародных адносін і філалагічны факультэт.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/adukacyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[4] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/zamezhnyya-studenty