Напярэдадні Дня настаўніка ў рэдакцыі «Звязды» прайшла «прамая лінія» з міністрам адукацыі Сяргеем Маскевічам. Сяргей Аляксандравіч паспеў адказаць на два дзясяткі пытанняў, якія сёння ва ўсіх на слыху. Шмат пытанняў былі дасланы на «прамую лінію» папярэдне. Адказы на найбольш важныя і цікавыя з іх мы змяшчаем на старонках газеты.
Вольга, г. Мінск:
— Сяргей Аляксандравіч, я бачу, што вельмі многія звяртаюцца да рэпетытараў. Хацела ў вас спытаць: а як вы ставіцеся да рэпетытарства? Чаму яно, з вашага пункту погляду, настолькі запатрабаванае, нават нягледзячы на вельмі высокі кошт — 10—12 у. е. за гадзіну? Мяне, напрыклад, гэтыя лічбы пужаюць. Чаму школа не можа забяспечыць неабходны ўзровень ведаў, каб рэпетытары былі не патрэбны? І што вы маглі б параіць: звяртацца да рэпетытараў ці не?
— Я ўпэўнены, што рэпетытарства будзе існаваць да таго часу, пакуль колькасць ахвотных стаць студэнтамі будзе перавышаць колькасць месцаў у ВНУ. Такая паслуга ёсць ва ўсім свеце. Вас цікавіць, ці можа школа замяніць рэпетытараў? Упэўнены, што можа. Сярод тых, хто атрымаў у гэтым годзе 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні, многія ніколі не звярталіся да паслуг рэпетытараў. На экзамене яны абапіраліся толькі на свае школьныя веды. І іх поспех стаў вынікам сістэмнай штодзённай індывідуальнай работы і работы са школьнымі настаўнікамі. Звяртацца да рэпетытараў ці не — гэта ваша асабістая справа. Але я разумею бацькоў, якія робяць стаўку на індывідуальную работу з рэпетытарамі. Параіў бы вам паразмаўляць з настаўнікамі, якія добра ведаюць ваша дзіця. Магчыма, для яго і сапраўды будзе карыснай індывідуальная работа, бо некаторыя дзеці зусім па-іншаму раскрываюцца, калі працуюць сам-насам з рэпетытарам. А для іншых, наадварот, больш эфектыўнай будзе работа ў калектыве.
Таццяна, маці дзесяцікласніка:
— Мы ў наступным годзе збіраемся паступаць у ВНУ і хацелі б скарыстацца паслугамі рэпетытара. Падкажыце, дзе можна знайсці інфармацыю пра рэпетытараў, якія працуюць афіцыйна і выплачваюць падаткі, каб быць ўпэўненымі, што педагог працуе сумленна, і мець гарантыю якасці такіх паслуг?
— Плаціць чалавек падаткі ці не — гэта службовая інфармацыя, якой валодае Міністэрства па падатках і зборах. Наколькі я ведаю, сума падатку для рэпетытараў, хутчэй, сімвалічная — ад 110 да 220 тысяч рублёў у месяц (у залежнасці ад рэгіёна). А за адну гадзіну сваёй работы яны бяруць у сярэднім 10 долараў. Таму, на маю думку, рэпетытары хаваюцца ад падатковай інспекцыі зусім не таму, што ім праблематычна заплаціць падатак. Афіцыйная рэгістрацыя педагога ў якасці падаткаплацельшчыка — гэта публічная адказнасць за якасць аказваемых паслуг. Аднак даволі часта рэпетытарствам падпрацоўваюць студэнты ці, напрыклад, настаўнікі — па знаёмстве, таму што іх папрасілі аб гэтай паслузе. Увогуле вельмі шмат робіцца праз знаёмых. Таму насамрэч апраўдана навесці папярэдне даведкі пра педагога, які прапануе рэпетытарскія паслугі, перш чым несці яму свае грошы…
Сяргей Антонавіч, г. Баранавічы:
— Сяргей Аляксандравіч, у Расіі збіраюцца запусціць праграму падтрымкі абітурыентаў, якія выберуць спецыяльнасці, звязаныя з забеспячэннем кадрамі абаронных прадпрыемстваў. У іх будзе павышаная стыпендыя, а праезд да месца вучобы — аплачвацца. Як вы лічыце, ці не прыйшоў час запусціць у Беларусі аналагічную праграму для таго, каб прыцягнуць моладзь на педагагічныя спецыяльнасці? І ці будзе ўводзіцца для ахвотных звязаць сваё жыццё з педагогікай спецыяльны прафесійны ці псіхалагічны адбор?
— Я не думаю, што павышаная стыпендыя ці гарантаванае месца ў студэнцкім інтэрнаце з'яўляюцца дзейснымі інструментамі для прыцягнення моладзі ў педагагічныя ВНУ. Тым больш што і тое, і другое ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце ўжо рэалізавана.
Не буду ўтойваць: мы занепакоены ўзроўнем падрыхтоўкі выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцяў, які нярэдка адстае ад тых патрабаванняў, што прад'яўляюцца сучаснай школай. Але для таго, каб выпусціць з ВНУ моцнага педагога, у педагагічную ВНУ павінен прыйсці матываваны і добра падрыхтаваны абітурыент. Наша задача — прыцягнуць у педагогіку лепшых. Таму, калі будзе зацверджаны праект новых правілаў прыёму ў ВНУ, медалістаў і пераможцаў прадметных алімпіяд (пачынаючы з пераможцаў абласнога ўзроўню) будзем залічваць на педагагічныя спецыяльнасці ўвогуле без экзаменаў.
А наконт таго, ці можна паставіць чалавеку дыягназ (падыходзіць ён для педагагічнай дзейнасці або не), скажу, што рабіць гэта павінны прафесіяналы — людзі, якія лепш за іншых ведаюць сваіх вучняў і якія хацелі б, каб іх выпускнік прыйшоў пасля заканчэння ВНУ працаваць у сістэму адукацыі. Таму ёсць прапанова прымаць на педагагічныя спецыяльнасці толькі па рэкамендацыях педкалектываў ці органаў кіравання адукацыяй.
Магчыма, з цягам часу мы прыйдзем і да педагагічнай інтэрнатуры — накшталт інтэрнатуры для будучых медыкаў. Гэта будзе такі своеасаблівы допуск да прафесіі: праверка на педагагічную кампетэнтнасць, на псіхалагічную гатоўнасць працаваць з дзецьмі — адным словам, экзамен на прафесійную прыдатнасць. У нас няма патрэбы ў тым, каб кожны, хто паступіў на педагагічную спецыяльнасць, абавязкова ішоў працаваць у школу. Можна цудоўна ведаць свой прадмет, але гэтага для работы ў школе недастаткова. Інтэрнатура павінна даць адказ на пытанне, ці трэба чалавеку звязваць сваё жыццё з педагогікай.
Ірына, г. Рэчыца:
— Мая дачка закончыла педагагічны каледж у Пінску. Працавала ў Рэчыцы ў дзіцячым садку. Але заробак яе не задавальняў, таму дачка паехала ў Мінск. Сяргей Аляксандравіч, а які сярэдні заробак у педагагічных работнікаў у сталічных дзіцячых садках?
— Каля трох мільёнаў…
— Што вы кажаце? У такім выпадку трэба, каб дачка працавала па спецыяльнасці… А яна сабралася ў прадаўцы пайсці.
— Не, не трэба ісці ў прадаўцы! Дзяўчына паступіць у педагагічны ўніверсітэт, і яе заробак будзе абавязкова расці.
— Напэўна, трэба яе адгаворваць…
— Адгаворвайце абавязкова. Выхавальнікі нам вельмі патрэбны…
Ірына Мікалаеўна Каральчук, г. Мінск:
— Сяргей Аляксандравіч, а як вы ставіцеся да ўкаранення ў школе электронных дзённікаў? Ці не адаб'ецца гэтая навацыя на псіхалагічным стане дзяцей? Уявіце сабе: не паспела дзіця атрымаць на ўроку дрэнную адзнаку, а бацькі ўжо пра яе ведаюць. Гэта ж стрэс! Ісці дахаты і чакаць пакарання… Да таго ж, дзякуючы электроннай школьнай карце, бацькі будуць ведаць, чым дзіця харчавалася ў школьным буфеце, якую літаратуру замаўляла ў школьнай бібліятэцы. Гэта ўжо не проста апека, а сапраўдны татальны кантроль…
— Сапраўды, псіхалагічны аспект прысутнічае. Зразумела, што паміж бацькамі і дзецьмі павінны быць даверлівыя адносіны. А калі даверу і разумення няма, то праблемы будуць абавязкова. Прычым незалежна ад навацый, што ўкараняюцца ў школах. Зрэшты, бацькі могуць і не зазіраць штодня ў электронны дзённік…
— Не магу сабе ўявіць бацькоў, якія не будуць цікавіцца зместам электроннага дзённіка…
— Я, напрыклад, максімум раз у чвэрць глядзеў дзённік сваіх дзяцей.
— Але бацькі бываюць розныя: не проста строгія, а вельмі строгія, асабліва ў плане школьных адзнак. І тое, як некаторыя бацькі ўспрымаюць дрэнныя адзнакі, мяне асабіста вельмі здзіўляе. Можа быць, дзіця паспела б выправіць сваю дрэнную адзнаку, перш чым бацькі пра яе даведаліся. Не ведаю, якая сёння літаратура ёсць у школьных бібліятэках, ці ёсць там «Цёмныя алеі» Буніна, але думаю, што пры наяўнасці «электроннага» кантролю не кожная дзяўчынка-падлетак асмелілася б узяць гэтую кнігу: а раптам маці ці бацька зацікавяцца, з чаго б такая кніжка прыцягнула ўвагу дачкі? Увогуле мне здаецца, што ў кожнага дзіцяці павінна заставацца свая, свабодная ад татальнага бацькоўскага кантролю тэрыторыя… Магчыма, з бацькамі трэба ў школе больш працаваць…
— А вось тут я з вамі згодны на сто працэнтаў. Укараняючы эксперымент, трэба перш за ўсё весці тлумачальную работу з бацькамі, каб яны правільна выкарыстоўвалі прадастаўленыя ім магчымасці. Усе інавацыі трэба распачынаць з падрыхтоўкі бацькоў. Тыя павінны ведаць, разумець, што адбываецца, і дапамагаць. І толькі калі яны таксама ўключацца ў працэс, будзе вынік. Бацькі павінны быць у гэтай сітуацыі педагогамі не ў меншай ступені…
— У мяне ёсць да вас яшчэ адно пытанне. Калі школы пяройдуць на электронную дакументацыю (мы ж да гэтага ў рэшце рэшт прыйдзем), ці не давядзецца настаўнікам дубліраваць на паперы тое, што яны робяць у камп'ютары? Настаўнікі ў школах, дзе перайшлі на электронную дакументацыю, скардзяцца, што ім даводзіцца рабіць тую ж работу і ўручную…
— Не давядзецца. Я ў гэтым абсалютна ўпэўнены, і ўсё, што ад мяне залежыць, я для гэтага зраблю. На жаль, сёння двайная работа па запаўненні дакументацыі і сапраўды мае месца. Каб гэтага не адбывалася, мы ўсё прапішам у нашых дакументах.
Раіса Нікадзімаўна, Мінская вобласць:
— Сяргей Аляксандравіч, вітаю вас. Скажыце, што азначае аптымізацыя кадраў у БДУ, пра якую пайшла пагалоска ў інтэрнэце? І чаму ў выкладчыкаў БДУ такія невялікія заробкі? Кандыдат навук, дацэнт атрымлівае 3 мільёны, а паўсюдна кажуць пра сярэдні заробак у прафесарска-выкладчыцкага саставу ў 6 мільёнаў рублёў?
— Размова ідзе не пра скарачэнне колькасці выкладчыкаў, а пра аптымізацыю штатнага раскладу. Мы прывязалі да колькасці студэнтаў цяпер не толькі колькасць прафесарска-выкладчыцкага саставу, але і колькасць работнікаў, якія адносяцца да катэгорыі кіраўнікоў, спецыялістаў і іншых служачых. Штатная колькасць служачых ВНУ будзе вызначацца, зыходзячы з канкрэтнай колькасці студэнтаў у кожнай ВНУ і ўстаноўленага нарматыву. Для тэхнічных спецыяльнасцяў гэты нарматыў складае 8,5 студэнта на аднаго работніка ВНУ, а на гуманітарных спецыяльнасцях — 12 студэнтаў на аднаго работніка. Дыферэнцаваны падыход у вызначэнні суадносін колькасці студэнтаў да колькасці работнікаў ВНУ тлумачыцца рознымі патрабаваннямі да арганізацыі адукацыйнага працэсу пры навучанні па тэхнічных і гуманітарных спецыяльнасцях. Калі мы з улікам новага нарматыву прааналізавалі сітуацыю ў ВНУ, атрымалася вельмі стракатая карціна: у падобных паміж сабой рэгіянальных універсітэтах назіраліся вельмі істотныя адрозненні ў штатах. Некаторым з іх трэба будзе штат скарачаць… Калі казаць пра заробкі, то ў нас сёння няма сродкаў для істотнага іх павышэння. Але мы ніколі не знімалі гэта пытанне з парадку дня…
— А колькі атрымліваюць чыноўнікі ў міністэрстве?
— Ад 3 мільёнаў да 7 — у кіруючага саставу.
— А што ж яны, цікава, робяць? Бо ўсю практычную работу выконваюць выкладчыкі: вучаць студэнтаў, трацяць сілы, энергію, свой час на падрыхтоўку да лекцый…
— На жаль, я не магу вам адказаць на гэтае пытанне ў двух словах, каб вы ўсё зразумелі. Лепш прыходзьце да нас, у міністэрства, пабудзьце адзін дзень, каб паглядзець, што робяць і чым займаюцца штодня спецыялісты Міністэрства адукацыі.
Матэрыялы «прамой лініі»
падрыхтавала
Надзея НІКАЛАЕВА
(Працяг тэмы — у наступных нумарах «Звязды».)
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/medyya
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/syargey-maskevich
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzen-nastaunika