АДКБ удалося стварыць гібкую сістэму, арыентаваную на мнагавектарнасць і здольную рэагаваць на новыя выклікі і пагрозы, абапіраючыся, у першую чаргу, на прэвентыўныя меры. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 23 верасня ў Сочы на сесіі Савета калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта як мага лепш адпавядае не толькі інтарэсам усіх дзяржаў-членаў, але і забяспечвае бяспеку, стабільнасць і прадказальнасць на значнай частцы Еўразійскага кантынента. «А гэта ў сучасным свеце дарагога каштуе», — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка лічыць жыццёва неабходным развіваць новыя напрамкі дзейнасці АДКБ, у тым ліку і міратворчы складнік.
Паводле яго слоў, цяпер дынамічна развіваюцца такія напрамкі супрацоўніцтва, як забеспячэнне інфармацыйнай і пагранічнай бяспекі, закладваюцца асновы скаардынаванай інфармацыйнай палітыкі дзяржаў — членаў АДКБ.
Прэзідэнт Беларусі з задавальненнем канстатаваў, што гэты год для арганізацыі быў адносна спакойны: ніякіх унутраных узрушэнняў, работа вялася ў штатным рэжыме, што дало магчымасць сканцэнтравацца на вырашэнні штодзённых задач, накіраваных на ўмацаванне і развіццё АДКБ па ўсіх напрамках.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на тое, што прапанаваны расійскім бокам фармат мерапрыемстваў у Сочы дае магчымасць не толькі правесці неабходныя сустрэчы, але і ў спакойнай абстаноўцы абмеркаваць актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня, праблемы бяспекі ў зоне адказнасці арганізацыі і выпрацаваць узгодненыя падыходы па рэагаванні на ўзнікаючыя выклікі і пагрозы.
Прэзідэнт Беларусі лічыць жыццёва важным для бяспекі краін АДКБ аказаць дапамогу Таджыкістану ва ўмацаванні граніцы з Афганістанам. «Усім вядома, што амерыканцы праяўляюць інтарэс да гэтага рэгіёна, і ўсё часцей з'яўляецца інфармацыя аб намеры ЗША і НАТА
пакінуць у рэгіёне частку ўзбраення і ваеннай тэхнікі, што знаходзяцца цяпер у Афганістане. Яны нават гатовы фінансаваць будаўніцтва пагранзастаў на таджыкска-афганскай граніцы», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
«Але бясплатна нічога не бывае. Не выключана, што за свае паслугі яны папросяць штосьці ўзамен. Ці выгадна гэта саюзнікам па АДКБ, мы сёння павінны абмеркаваць і вызначыцца. Сумняваюся, што выгадна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Улічваючы існуючую абстаноўку, Прэзідэнт Беларусі лічыць, што цяжкасці Таджыкістана з'яўляюцца актуальным пытаннем АДКБ на гэтым этапе. «Праблемы, якія зыходзяць з тэрыторыі Афганістана, транснацыянальныя і ў выпадку нашай бяздзейнасці будуць нарастаць, як снежны камяк. Таму нам жыццёва важна для ўласнай бяспекі аказаць дапамогу Таджыкістану», — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што магчымасць аказання падтрымкі Таджыкістану ў апошнія гады абмяркоўвалася не раз на розных узроўнях. У прыватнасці, Беларусь прыняла рашэнне бясплатна абучаць таджыкскіх афіцэраў у Ваеннай акадэміі.
«Але менавіта цяпер мы ўшчыльную падышлі да неабходнасці зрабіць рашучыя захады па прадухіленні гэтай пагрозы. Менавіта гэтага чакаюць нашы саюзнікі», — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.
«Толькі агульнымі намаганнямі і з належным узроўнем каардынацыі нам удасца максімальна эфектыўна аказаць садзейнічанне саюзніку, які мае патрэбу ў рэальнай дапамозе», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што Беларусь дзейнічае ў адзіным ключы з Расіяй і іншымі краінамі АДКБ па сірыйскай праблеме. «Па Сірыі, іншых праблемах мы дзейнічаем у адзіным ключы з Расіяй, нашым асноўным стратэгічным партнёрам, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. — У нас няма абсалютна ніякіх рознагалоссяў, таксама як і няма абсалютна ніякіх рознагалоссяў і з членамі АДКБ. Мы заўсёды будзем прытрымлівацца нашых гарантый і абяцанняў і будзем дзейнічаць у адзіным ключы з членамі АДКБ».
Паводле слоў беларускага лідара, абмеркаванню міжнароднай праблематыкі напярэдадні з падачы Прэзідэнта Расіі было прысвечана шмат часу.
У Сочы Прэзідэнт Беларусі таксама правёў сустрэчу са сваім армянскім калегам Сержам Саргсянам. «Ёсць адна тэма, якую мы павінны абмеркаваць, — гэта перспектывы ўступлення Арменіі ў Мытны саюз, — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Я скажу адназначна: калі Арменія вырашыць дзвюма нагамі ўступіць у нашу арганізацыю, то Беларусь ніколі не будзе гэтаму перашкаджаць, а будзе толькі падтрымліваць вашы імкненні і ўсяляк дапамагаць, каб хутчэй завяршыліся ўсе працэдуры і вы далучыліся да нас».
Паводле слоў Прэзідэнта Арменіі, намеры ў гэтым пытанні вельмі сур'ёзныя. «Мы не перадумалі, таму што самі прыйшлі да гэтага меркавання».
Ацэньваючы ў цэлым стан двухбаковых адносін, Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на тое, што ў апошнія гады яны ўзняліся на вельмі высокі ўзровень. Беларускі лідар выказаў задавальненне цяперашнім станам супрацоўніцтва і яго перспектывамі.
Серж Саргсян у сваю чаргу адзначыў ажыўленне двухбаковых адносін. «Усе дамоўленасці выконваюцца, гэта відаць па тавараабароце і ўсіх напрамках нашага супрацоўніцтва», — сказаў ён.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/prezident
[2] https://zviazda.by/be/aficyyna
[3] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[4] https://zviazda.by/be/tags/belta
[5] https://zviazda.by/be/tags/zsha
[6] https://zviazda.by/be/tags/prezident-respubliki-belarus
[7] https://zviazda.by/be/tags/mytny-sayuz
[8] https://zviazda.by/be/tags/vaennaya-akademiya
[9] https://zviazda.by/be/tags/asacyyacyya-adkb
[10] https://zviazda.by/be/tags/afganistan
[11] https://zviazda.by/be/tags/tadzhykistan
[12] https://zviazda.by/be/tags/sochy
[13] https://zviazda.by/be/tags/armeniya
[14] https://zviazda.by/be/tags/nata
[15] https://zviazda.by/be/tags/adkb
[16] https://zviazda.by/be/tags/prezident-armenii-serzh-sargsyan
[17] https://zviazda.by/be/tags/prezident-respubliki-armeniya-serzh-sargsyan
[18] https://zviazda.by/be/tags/arganizacyya-damovy-ab-kalektyunay-byaspecy
[19] https://zviazda.by/be/tags/savet-kalektyunay-byaspeki
[20] https://zviazda.by/be/tags/euraziyski-kantynent
[21] https://zviazda.by/be/tags/arganizacyya-paunochnaatlantychnaga-dagavora