Падапечныя Віктара Скрыпчанкі ў серыі пенальці перайгралі шатландскі "Сэнт-Джонстан", і ад групавой стадыі другога па значнасці еўракубка застаўся адзін крок.
З шэрагу тых, на каго разлічвалі айчынныя балельшчыкі ў еўракубках, "Мінск", напэўна, займаў апошняе месца. Не трэба хітраваць: амаль уся ўвага балельшчыкаў была сканцэнтравана на барысаўскім БАТЭ, які нечакана прайграў у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў казахскаму "Шахцёру". Чакалі вікторый ад салігорскага "Шахцёра", аднак і ён, як кажуць, даў маху, схібіў у матчах з малдаўскім "Мілсамі".
Нарэшце мінчане спадзяваліся на сталічнае "Дынама". Два першыя раўнды дынамаўцы ў Лізе Еўропы прайшлі, аднак у 3-м падапечныя Роберта Маасканта не здолелі перайграць больш дасведчаны "Трабзонспор" — у Беларусі "блакітна-белыя" мінімальна саступілі, а ў Турцыі паядынак завяршылі безгалявой нічыёй. У гэтым кантэксце "Мінск" — неспадзяванка, каманда, якая ў чэмпіянаце Беларусі займае 7-ы радок, здолела ў еўракубках згуляць лепш за флагманаў айчыннага першынства. Безумоўна, можна сказаць, што "Сэнт-Джонстан" — гэта не турэцкі "Трабзанспор", які можа падпісваць кантракты з футбольнымі "зоркамі", але гэта ўсё адносна.
Шатландцы ў футболе больш за стагоддзе, маюць добры чэмпіянат, стадыёны, заўжды запоўненыя балельшчыкамі, і зборную, якая шмат разоў прабівалася ў фінальныя стадыі міжнародных турніраў. Сапернік хоць і не мае ў складзе "зорак", але моцны каманднай гульнёй, байцовым характар. Прыемна, што і ў гэтым кампаненце беларусы не саступілі шатландцам. Вытрымалі, далі адпор гаспадарам, забілі гол і ў серыі пасляматчавых пенальці дасягнулі вельмі важнай перамогі. Выдатна ў серыі адзінаццаціметровых выглядаў варатар Уладзімір Бушма, які ўзяў некалькі мячоў ад футбалістаў "Сэнт-Джонстана". Яго сябрам трэба было толькі падтрымаць стойкага галкіпера трапнымі ўдарамі, што яны і зрабілі. 1:1 — агульны лік супрацьстаяння, але 3:2 у серыі пенальці. Далей ідзе "Мінск"! "Я ганаруся хлопцамі, — прызнаўся пасля гульні Вадзім Скрыпчанка. — Я ўдзячны ім за самааддачу, цярпенне, якое яны сёння праявілі. Мы малайцы, будзем рухацца далей".
Квіток у групавы раўнд Лігі Еўропы мінчане аспрэчаць з бельгійскім клубам "Стандард". Сустрэчы плэй-оф адбудуцца 22 і 29 жніўня.
Тарас ШЧЫРЫ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taras-shchyry
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/sport-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/sport
[5] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[6] https://zviazda.by/be/tags/liga-europy
[7] https://zviazda.by/be/tags/bate
[8] https://zviazda.by/be/tags/shahcyor
[9] https://zviazda.by/be/tags/dynama
[10] https://zviazda.by/be/tags/viktar-skrypchanka
[11] https://zviazda.by/be/tags/milsami
[12] https://zviazda.by/be/tags/roberta-maaskant
[13] https://zviazda.by/be/tags/trabzonspor
[14] https://zviazda.by/be/tags/standard