Беларуская мужчынская зборная па баскетболе з перамогі стартавала ў кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2015. Першымі сапернікамі падапечных Руслана Байдакова былі венгры — яўныя аўтсайдары ў сваёй кваліфікацыйнай групе. Тым не менш госці, здаецца, здзівілі ўсіх прысутных у мінскім Палацы спорту, упэўнена павёўшы ў першай палове сустрэчы. Асабліва атрымліваліся ў венгерскіх баскетбалістаў трохачковыя кідкі. На гэтым фоне беларускія спартсмены выглядалі зусім бездапаможна: у канцоўцы стартавай чвэрці хлопцы папросту перасталі набіраць ачкі! У другой чвэрці падапечныя Руслана Байдакова крыху скарацілі адставанне, але зрабіць лік роўным толькі ў пачатку другой паловы матча. Здавалася, гульня ў беларусаў наладзілася — падправілася рэалізацыя атак, больш удала сталі дзейнічаць "вялікія" баскетбалісты. Але па-ранейшаму заставаліся праблемы на падборы і ў гульні на чужой палове пляцоўцы.
Апошняя чвэрць сустрэчы вартая баскетбольнага "Оскара" за драматызм і інтрыгу. Беларусы вельмі хутка вырваліся наперад, зарабіўшы грунтоўную перавагу ў трынаццаць ачкоў. Нарэшце сталі атрымлівацца трохачковыя кідкі, з'явіліся блокшоты і перахопы, прайшло некалькі хуткіх атак... Але на апошніх хвілінах матча нашы спартсмены страцілі канцэнтрацыю і дазволілі сапернікам падабрацца на небяспечны мінімум у чатыры ачкі. Дзякуй, сірэна прагучала якраз своечасова. На табло прыемны лік — 79:75.
Галоўны трэнер нацыянальнай баскетбольнай зборнай Руслан Байдакоў заявіў, што застаўся незадаволеным гульнёй сваіх падапечных: "У канцы сустрэчы мы павінны былі памнажаць перавагу. Замест гэтага выпусцілі ініцыятыву і дазволілі саперніку вярнуцца ў матч. Трэба разумець, што 4 ачкі пры роўнай гульні — гэта вельмі маленькі адрыў. Усё магло б быць і не на нашу карысць. Так што ў нас шмат работы!" Таксама Байдакоў пракаментаваў рашэнне не выклікаць у зборную вопытных гульцоў: "Зразумела, што і Дзяніс Коршук, і Аляксей Лашкевіч маглі б дапамагчы. Але нам трэба "амалоджваць" зборную, мы і так спазняемся ў гэтым кірунку. Гэта быў свядомы крок па 50%-м перааснашчэнні каманды".
Відавочна, цалкам адэкватны ход, здольны працаваць на перспектыву. І статыстыка матча гэта падцвярджае: двума самымі рэзультатыўнымі гульцамі сталі маладыя баскетбалісты — Віталь Лютыч і Арцём Парахоўскі, якія набралі 17 і 14 ачкоў адпаведна.
Наступны матч беларуская дружына правядзе 7 жніўня супраць каманды Славакіі.
Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/sport
[2] https://zviazda.by/be/sport-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/oskar
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-muzhchynskaya-zbornaya-pa-basketbole
[6] https://zviazda.by/be/tags/chempiyanat-europy-2015
[7] https://zviazda.by/be/tags/ruslan-baydakou
[8] https://zviazda.by/be/tags/vengry
[9] https://zviazda.by/be/tags/minski-palac-sportu
[10] https://zviazda.by/be/tags/dzyanis-korshuk
[11] https://zviazda.by/be/tags/alyaksey-lashkevich
[12] https://zviazda.by/be/tags/vital-lyutych
[13] https://zviazda.by/be/tags/arcyom-parahouski
[14] https://zviazda.by/be/tags/daryna-zapolskaya