Дыпломы аб вышэйшай адукацыі атрымалі 328 кваліфікаваных юрыстаў. Усе яны з’яўляліся слухачамі аддзялення завочнага навучання факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых кадраў, а таксама студэнтамі факультэта права.
Як звярнуў увагу намеснік міністра ўнутраных спраў генерал-маёр міліцыі Дзмітрый Карзюк, гэта знамянальная падзея праходзіць у год 65-годдзя Акадэміі МУС. «Тысячы спецыялістаў, якія скончылі акадэмію, сёння годна служаць па ўсёй краіне, і кожным сваім выпускам ВНУ ганарыцца! — падкрэсліў ён. — А значыць, праца супрацоўнікаў міліцэйскай альма-матэр з’яўляецца надзейнай апорай праваахоўнай сістэмы».
Намеснік кіраўніка міліцэйскага ведамства выказаў упэўненасць, што навучанне ў акадэміі стала для герояў дня яркай падзеяй, а выкладчыкі, якія ўклалі ў іх падрыхтоўку свой прафесіяналізм і душу, з’яўляюцца настаўнікамі не толькі ў службе, але і ў жыцці.
Дзмітрый Карзюк уручыў залатыя медалі і дыпломы з адзнакай выпускнікам, якія праявілі сябе найлепшым чынам, узнагародзіў супрацоўнікаў ВНУ, якія ўнеслі важкі ўклад у працэс навучання.
Прысутных блаславіў прадстаўнік праваслаўнай царквы, пасля чаго адбылася ўрачыстая цырымонія развітання са сцягам міліцэйскай ВНУ.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы Акадэміі МУС
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/akademiya-mus
[2] https://zviazda.by/be/tags/vypuskny
[3] https://zviazda.by/be/tags/minsk