Краінам СНД трэба нарошчваць узаемны гандаль і працягваць працу па імпартазамяшчэнні. Такое меркаванне выказаў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка падчас пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў СНД у Сочы, паведамляе [2] БелТА.
«Нягледзячы на беспрэцэдэнтныя выклікі, якія пастаянна ўзмацняюцца, у 2023 годзе нам удаецца падтрымліваць пазітыўныя тэндэнцыі па ўсіх напрамках шматбаковага супрацоўніцтва ў СНД. Беларусь працягвае дэманстраваць найбольш высокія паказчыкі ўнутрысаюзнага гандлю сярод краін Садружнасці. У 2022 годзе на краіны СНД прыйшлося 65% нашага знешняга гандлю. Для параўнання, доля ўзаемнага гандлю ў агульным аб’ёме знешняга гандлю краін Садружнасці — усяго каля 15%. У гандлі паслугамі з краінамі СНД мы на 20% павялічылі аб’ёмы як па экспарце, так і па імпарце. У выніку краіны СНД займаюць 48% нашага знешняга гандлю паслугамі. Гэтыя лічбы паказваюць, наколькі шчыльна эканоміка Беларусі ўбудаваная ў эканамічны абмен унутры Садружнасці», — сказаў Раман Галоўчанка.
Ён падкрэсліў, што ў цяперашнім годзе неабходна не змяншаць абароты і працягваць мэтанакіраваную работу па ўмацаванні самадастатковасці Садружнасці, павелічэнні долі ўзаемнага гандлю дзяржаў-удзельніц, забеспячэнні тэхналагічнага суверэнітэту і замяшчэнні крытычнага імпарту. «На дадзеным этапе нам жыццёва неабходны прарыў ва ўзаемадзеянні па ўсіх напрамках, асабліва ў галіне прамысловай кааперацыі, ліквідацыі гандлёвых бар’ераў, забеспячэння харчовай бяспекі, фарміравання і ўмацавання функцыянавання новых транспартных калідораў і лагістычных ланцужкоў», — адзначыў прэм’ер-міністр.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://www.belta.by/economics/view/golovchenko-stranam-sng-nuzhno-naraschivat-vzaimnuju-torgovlju-i-prodolzhat-rabotu-po-570794-2023/
[3] https://zviazda.by/be/tags/raman-galouchanka
[4] https://zviazda.by/be/tags/snd
[5] https://zviazda.by/be/tags/impartazamyashchenne