Размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі — адзін з крокаў стратэгічнага стрымлівання. Пра гэта заявіў у эфіры тэлеканала АНТ дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч, паведамляе [2] БелТА.
«Тое, што адбываецца сёння на тэрыторыі сумежных краін, на тэрыторыі перш за ўсё Польшчы, — да 4% ВУП адводзіцца на патрэбы абароны на шкоду эканоміцы, на шкоду інтарэсам простых грамадзян. Ствараецца наступальная групоўка, гэта відаць няўзброеным поглядам. Каб астудзіць гэтыя галовы, Беларусь, вядома, можа пайсці гэтым жа шляхам і эканоміку перанацэліць на ваенныя патрэбы, пачаць павялічваць і разгортваць узброеныя сілы да колькасці ваеннага часу, але гэта ляжа велізарным цяжарам на эканоміку, на дабрабыт грамадзян, насельніцтва Беларусі. Навошта гэта рабіць? Людзі прывыклі жыць у камфорце, цывілізавана, прыгожа. Дык вось адным з элементаў, скажам так, стратэгічнага стрымлівання ў ваенным плане, вядома, з’яўляецца тактычная ядзерная зброя», — сказаў Аляксандр Вальфовіч.
Паводле яго, Захад проста не пакінуў Беларусі іншага выйсця. «Хоць, выводзячы ў 1990-х гадах ядзерную зброю з Беларусі, Захад, перш за ўсё Злучаныя Штаты Амерыкі, гарантаваў забеспячэнне бяспекі, адсутнасць якіх-небудзь санкцый у дачыненні да Беларусі, — нагадаў дзяржсакратар Савета бяспекі. — Сёння ўсё парушана. Усе абяцанні сёння паваліліся, як той казаў, у нябыт. Таму размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца адным з крокаў стратэгічнага стрымлівання».
«Калі нейкі розум у галовах палітыкаў на Захадзе застаўся яшчэ, вядома ж, яны гэтую чырвоную рысу не перасягнуць, — дапоўніў Аляксандр Вальфовіч. — Таму што ўжыванне нават тактычнай ядзернай зброі прывядзе да незваротных наступстваў. Гэта будзе, вядома, крайні крок. Але крок апраўданы, каб абараніць нашу краіну. Нам чужога не трэба, але сваё мы ніколі не аддадзім».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://www.belta.by/society/view/volfovich-nazval-razmeschenie-tjao-v-belarusi-odnim-iz-shagov-strategicheskogo-sderzhivanija-zapada-568994-2023/
[3] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-valfovich
[4] https://zviazda.by/be/tags/yadzernaya-zbroya