Мінулым летам з сумнай нагоды давялося быць на сталічных могілках «Міханавічы». На адным з участкаў мяне ўразіў «стог» са штучных вянкоў і кветак. Па ўсяму было бачна, што ўтрамбаваная рознакаляровая вялізная гурба не адзін дзень фарміравалася. Гэта ж колькі атруты можа трапіць у зямлю толькі з адных могілак! — падумалася тады.
Традыцыя літаральна завальваць месцы спачыну яркімі штучнымі кветкамі мяне даўно абурае. Могілкі, якія паводле вызначэння з’яўляюцца месцам роздуму, памяці, смутку, стараннямі родзічаў памерлых выглядаюць у нас часам нібы мексіканскія карнавалы. Амаль нідзе ў свеце няма такой моды, вось толькі ў нас яна прыжылася не без дапамогі вытворцаў і гандляроў танным таварам. Але зараз гаворка не пра культуру і эстэтыку, найбольш — пра здароўе. Менавіта на здароўе аказвае прамы ўплыў такое бяздумнае забруджванне прыроды. Для фарбы замежныя вытворцы выкарыстоўваюць самыя розныя кіслоты, чытай, атруту. Калі яна трапіць у зямлю, то праляжыць там дзесяцігоддзі, і можа вярнуцца да нас з вадой, ежай — як жывёльнага, так і расліннага паходжання. Тут ужо ўся надзея на перапрацоўку і гэтых, і іншых, самых розных адходаў. А іх мы выпрацоўваем у працэсе жыццядзейнасці з кожным годам усё больш і больш.
У Брэсце пачынаючы з 2012 года спецыялізаванае прадпрыемства сартыруе і перапрацоўвае бытавыя адходы. З іх атрымліваюць электрычную і газавую энергію, здабываюць сыравіну для далейшай вытворчасці. У цэлым па вобласці паказчык выкарыстання цвёрдых бытавых адходаў складае 36,6 працэнта. Але ж застаюцца рэгіёны, дзе адходы пакуль што цалкам вывозяцца на палігоны.
— Мясцовыя органы ўлады, дэпутаты ўсіх узроўняў адказваюць за арганізацыю работы з адходамі. Гэта даволі складаная і шматпланавая праблема. У нашай вобласці 2150 населеных пунктаў. Фактычна ў кожным выбудавана сістэма па зборы, сарціроўцы, утылізацыі адходаў. Але ж работу трэба ўдасканальваць, даводзіць да лагічнага завяршэння ў выглядзе глыбокай перапрацоўкі, — расказаў старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, сенатар Юрый Наркевіч. — Гэта пытанне мы не так даўно абмяркоўвалі на пасяджэнні экспертна-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі, які праходзіў у Баранавічах.
Гаспадары пасяджэння тады дзяліліся вопытам і планамі. На савеце адзначалася, што ў Брэсцкай вобласці выбудавана канцэпцыя па рабоце з камунальнымі адходамі. Неўзабаве ў рэгіёне будуць уведзены ў эксплуатацыю чатыры рэгіянальныя комплексы. Напрыклад, у Брэсцкую зону ўваходзяць Брэст, Брэсцкі, Жабінкаўскі, Маларыцкі і Камянецкі раёны. Названы комплекс, аснову якога складае Брэсцкі смеццеперапрацоўчы завод, ужо дзейнічае. Сюды прывозяць ЦБА з абласнога цэнтра і з трох раёнаў. Маларыцкі раён далучыцца пасля таго, як палігон на тэрыторыі раёна будзе запоўнены. Вядуцца работы па Пінскай і Баранавіцкай зонах.
У Баранавічах правялі мадэрнізацыю сартавальнага комплексу, у выніку яго магутнасці павялічаны ўдвая. Гэта дазволіць сартаваць адходы з Баранавіцкага, Ляхавіцкага, Ганцавіцкага раёнаў. З пачатку гэтага года ЦБА ўжо прывозяць і з тэрыторыі Баранавіцкага раёна. Далучэнне астатніх раёнаў будзе ісці паступова па меры падрыхтоўкі аб’екта. Работу запланавана завяршыць у наступным годзе за кошт сродкаў абласной інвестыцыйнай праграмы і ўдзелу аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Тым часам рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя для Пінскай зоны. Там ідзе рэканструкцыя палігона цвёрдых бытавых адходаў. На ўсё плануецца выдаткаваць каля 100 мільёнаў рублёў. Зона ахоплівае Пінск і Пінскі раён, а таксама Іванаўскі.
Рэгіянальны комплекс па сарціроўцы і выкарыстанні цвёрдых адходаў неўзабаве з’явіцца і ў Кобрыне. Сюды павязуць смецце з Драгічынскага і Пружанскага раёнаў. Распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на названы комплекс пачнецца сёлета.
Варта сказаць, што за апошняе дзесяцігоддзе аб’ём нарыхтоўкі цвёрдых бытавых адходаў у вобласці вырас у некалькі разоў. Калі, напрыклад, у 2010 годзе іх нарыхтавалі 13,8 тысячы тон, то летась лічба была — 106,6 тысячы тон. Для сарціроўкі смецця выкарыстоўваецца 22 тысячы спецыяльных кантэйнераў, а зборам і выманнем другасных рэсурсаў займаецца 14 аб’ектаў гаспадарання. З увядзеннем у строй названых комплексаў, несумненна, паказчыкі перапрацоўкі ў разы вырастуць на карысць аздараўлення навакольнага асяроддзя. І ўсё ж...
Сітуацыя з зямлёй, вадой, паветрам не цалкам залежыць ад сістэмы і якасці перапрацоўкі. Яна залежыць і ад дакладнай работы многіх структур і свядомасці суайчыннікаў. Пра шматлікія парушэнні, выяўленыя Брэсцкім абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, гаварылі на пасяджэнні аблвыканкама на гэтым тыдні. Старшыня камітэта Ян Вянсковіч прывёў прыклады парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства ў Івацэвіцкім і Пінскім раёнах, калі своечасова не вывозяцца адходы і не ліквідуюцца стыхійныя звалкі. Зноў гаворка зайшла пра гурбы смецця на вясковых могілках. Як вядома, большую частку гэтага смецця складаюць вянкі і штучныя кветкі.
Дарэчы, гэтай вясной перад Радуніцай Мінпрыроды зноў выступіла з заклікам адмовіцца ад упрыгожвання месцаў спачыну штучнымі кветкамі. Але ж неяк дзяжурна і не вельмі ўпэўнена прагучаў голас галоўнага прыродаахоўнага ведамства. Відавочна, што больш настойлівая павінна быць прапаганда, больш шырокая тлумачальная работа.
Скажам, адзін святар у Драгічынскім раёне аб’явіў, што не будзе асвячаць магілы са штучнымі кветкамі. І людзі хутка знайшлі замену шкоднаму пластыку пры добраўпарадкаванні. І калі аблкамітэт аховы прыроды ў ходзе падрыхтоўкі да выканкама прыняў пэўныя меры ўздзеяння, многае было выпраўлена вельмі аператыўна. Нам усім разам трэба шукаць шляхі памяншэння аб’ёму адходаў.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота носіць ілюстрацыйны характар
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/adhody
[5] https://zviazda.by/be/tags/perapracouka
[6] https://zviazda.by/be/tags/ekalogiya