У Заслаўі прайшло ўрачыстае адкрыццё Музея беларускай маляванкі, першага ў сваім родзе. Ён стаў часткай вялікага Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе», на балансе якога знаходзіцца яшчэ некалькі музейных устаноў.
Менавіта супрацоўнікі гэтага музея-запаведніка яшчэ 35 гадоў таму пачалі збіраць дываны Язэпа Драздовіча, а потым і іншых мастакоў па ўсіх кутках Беларусі. Гэта зрабіла Заслаўе найвялікшым пунктам канцэнтрацыі маляваных дываноў і прадказала адкрыццё музея менавіта тут.
Пад галерэю адведзены былы флігель палаца Пшаздзецкіх, якія валодалі Заслаўем у XVIII—XIX стагоддзях. У розныя часы будынак выкарыстоўваўся як бібліятэка, карцінная галерэя і нават сцэна для тэатральных пастановак.
Музей беларускай маляванкі складаецца з дзвюх вялікіх залаў. Першая цалкам адведзена пад творы Язэпа Драздовіча і Алены Кіш, найбольш знакамітых майстроў беларускай маляванкі. У фондах нованароджанай установы захоўваецца самая вялікая і поўная калекцыя іх работ. Другая зала змяшчае работы мастакоў-самавукаў М. Марозькі, Г. Кузаўкова, І. Ворсы, Ф. Сухавілы, Н. Зосіка, Я. Вайцешыка, шэраг твораў без аўтарства, шкляныя «відзлікі», якія не так даўно выстаўляліся ў Мінску ў мастацкай галерэі «Цэнтр», а таксама ўзоры трафарэтаў для дываноў.
Супрацоўнікі музея разумелі, што не ўсе змогуць трапіць на адкрыццё, таму зрабілі віртуальны тур — праз сацыяльныя сеткі ўстановы.
Антаніна БАБІНА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/zaslaue
[2] https://zviazda.by/be/tags/muzey
[3] https://zviazda.by/be/tags/malyavanka