У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем самыя цікавыя навіны.
Перамога тыдня. У Мадрыдзе скончыўся турнір WTA-1000 з прызавым фондам $7,6 млн. Пераможцай у адзіночным разрадзе стала другая ракетка планеты, беларуска Арына Сабаленка. У вырашальным матчы яна сустрэлася з першай ракеткай свету польскай тэнісісткай Ігай Свёнтак. Вынік сустрэчы – 6:3, 3:6, 6:3. За некалькі тыдняў да фіналу ў Мадрыдзе дзве найлепшыя тэнісісткі сустракаліся ў фінале турніра ў Штутгарце, дзе Арына Сабаленка ўступіла Ізе Свёнтак з вынікам – 3:6, 4:6. Для Арыны Сабаленка мадрыдскі фінал стаў 23-м у прафесійнай кар’еры, 13-ты раз яна перамагла. У 2021 годзе Арына Сабаленка таксама была пераможцай мадрыдскага турніру.
Паспяхова для беларускага тэніса склаўся і фінал парнага разраду. Вікторыя Азаранка разам з бразільянкай Беатрыс Хадад Майя перамаглі амерыканскі дуэт Коры Гаўф і Джэсіку Пегулу. Вынік сустрэчы — 6:1, 6:4. Mutua Madrid Open — адзін з ключавых этапаў падрыхтоўкі тэнісістак да Roland Garros, які сёлета пройдзе з 28 мая па 11 чэрвеня.
Каманда тыдня. Гандбалісты мінскага СКА сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі. У фінальным паядынку 27-га кубкавага розыгрышу армейцы абгулялі на пляцоўцы брэсцкага спарткомплексу «Вікторыя» дзейнага чэмпіёна краіны «Мяшкоў Брэст». Вынік сустрэчы — 32:29. Для мінскіх армейцаў гэта дзявятая перамога ў Кубку краіны. У гульні за бронзу гандбалісты «Гомеля» перамаглі сталічны БДУФК-СКА з вынікам 26:24.
Гераіня тыдня. Беларуска Вікторыя Нікалаева перамагла ў класічнай праграме чэмпіянату Еўропы па шашках-64. Усяго ў актыве беларускай каманды чатыры медалі кантынентальнага першынства ў гэтай праграме. Паліна Петрусева стала бронзавым прызёрам. У спаборніцтвах сярод мужчын сярэбраны медаль заваяваў Андрэй Валюк, бронзавы — Ігар Міхальчанка.
Лічба тыдня. 104 медалі заваявалі беларускія спартсмены на міжнародных спаборніцтвах па каратэ «Кубак Дружбы», якія прайшлі на базе сталічнай «Чыжоўка-арэны». Удзел у турніры прынялі каратысты з шасці краін: Беларусі, Расіі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана. Удзельнікамі «Кубка Дружбы» сталі прадстаўнікі ўсіх узроставых катэгорый, пачынаючы ад хлопчыкаў і дзяўчынак 8-9 гадоў і заканчваючы вопытнымі спартсменамі. У актыве беларусаў 25 залатых, 26 сярэбраных і 53 бронзавыя медалі. У агульнакамандным першынстве спартсмены з Беларусі занялі другое месца, пераможцай у медальным заліку турніру стала каманда Расіі.
Поспех тыдня. У Мінску прайшоў другі этап міжнародных спаборніцтваў па сучасным пяцібор’і «Кубак Паўла Ляднёва». Беларус Максім Фядотка стаў бронзвым прызёрам турніру, уступіўшы пераможцу самарцу Аляксандру Ліфанаву 10 секунд. Для мужчынскай беларускай каманды гэты медаль стаў першым у бягучым сезоне Кубка Ляднёва.
Гульня тыдня. Нацыянальная зборная Беларусі па хакеі перамагла на міжнародным турніры «Qazaqstan Hockey Open» у Астане з удзелам зборных трох краін. Спачатку падапечныя Дзмітрыя Квартальнава абгулялі каманду «Расія 25» з лікам 7:4, а затым перамаглі зборную Казахстана з вынікам 6:0. Беларуская зборная стала пераможцай турніру, атрымаўшы перамогі ў абедзвюх гульнях. «Расія 25» — другая, каманда Казахстана — на трэцім месцы.
Далей нацыянальную каманду Беларусі чакае працяг серыі матчаў «Ліга Ставак. Вялікі тур зборнай» супраць расійскіх хакеістаў. Сёння сапернікі сустрэнуцца ў Краснаярску, 12 і 13 мая два паядынкі прыме Тула, а скончыцца серыя ў Мінску 15 і 16 мая.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/sabalenka
[4] https://zviazda.by/be/tags/azaranka
[5] https://zviazda.by/be/tags/sport