Змяненні рацыёну харчавання школьнікаў успрымаюцца пазітыўна. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка ў час нарады аб рэалізацыі пілотнага праекта па харчаванні ў школах, перадае [2] БелТА.
Пілотны праект дзейнічае больш за месяц, і пэўныя вынікі ўжо ёсць, адзначыў прэм’ер-міністр. «Праведзены зрэз грамадскай думкі сведчыць, што змяненні, якія адбываюцца, успрымаюцца пазітыўна. У грамадстве вялікі запыт на павышэнне якасці харчавання школьнікаў і яго арганізацыі. Зваротная сувязь паказвае, што школьнікам падабаецца быць уключанымі ў гэтыя працэсы, — расказаў Раман Галоўчанка. — У выніку рэалізацыі такога праекта мы павінны выйсці на аптымальныя і ўзважаныя рашэнні, якія павінны быць распаўсюджаны на ўсю краіну, гэта сур’ёзны пласт работы».
Са змяненнем рацыёну харчавання дзеці сталі ёсці лепш, падкрэсліў Раман Галоўчанка. «Відавочны крокі ў бок чаканай мэты — смачнага і здаровага школьнага харчавання. Дзякуючы такому праекту закладваюцца або карэкціруюцца асновы харчовых паводзін дзяцей», — дадаў прэм’ер-міністр.
Паколькі рэалізацыя гэтага праекта — новыя крокі і рашэнні для сістэмы школьнага харчавання, то ёсць і складанасці. Спрэчныя моманты закраналіся сёння на нарадзе з удзелам міністра адукацыі Андрэя Іванца, міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава, а таксама прадстаўнікоў рэгіянальных устаноў адукацыі. Удзельнікі абмеркавалі ўсе актуальныя аспекты рэалізацыі пілотнага праекта па харчаванні ў беларускіх установах адукацыі.
У пілотным праекце Мінадукацыі, накіраваным на вывучэнне смакавых пераваг школьнікаў і ўдасканаленне арганізацыі харчавання, удзельнічае 21 школа: па тры ў кожнай вобласці і тры — у Мінску. Пілотны праект стартаваў 19 снежня 2022 года і завершыца 30 красавіка 2023-га года.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://www.belta.by/society/view/golovchenko-o-proekte-po-pitaniju-v-shkolah-izmenenija-vosprinimajutsja-pozitivno-550357-2023/
[3] https://zviazda.by/be/tags/raman-galouchanka
[4] https://zviazda.by/be/tags/harchavanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/shkolniki-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/minadukacyi