«Зямля — наш агульны дом» — унікальны беларуска-рускі праект — завяршыўся выданнем двух тамоў анталогіі сучаснай сусветнай паэзіі, прэзентаваных у лістападзе беларускаму чытачу ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У. І. Леніна.
Развіццё міжнародных творчых кантактаў і ўзаемадзеянне ўсёй пісьменніцкай супольнасці Беларусі і Расіі, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці — адзін з важных кампанентаў у рабоце Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, Саюзаў пісьменнікаў Беларусі і Расіі. Яркія прыклады гэтай дзейнасці — у працы Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і партнёраў аддзялення — рэгіянальных грамадскіх творчых арганізацый і мясцовых беларускіх нацыянальна-культурных аўтаномій Расійскай Федэрацыі.
У бягучым месяцы завершаны чарговы міжнародны праект «Зямля — наш агульны дом», у рэалізацыі якога бралі ўдзел беларускія і рускія пісьменнікі. Адкрываючы міжнародную прэзентацыю, старшыня абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Уладзімір Гаўрыловіч падкрэсліў, што «Зямля — наш агульны дом» — сапраўды незвычайны беларуска-рускі праект, які падводзіць вынікі 10-гадовага супрацоўніцтва гомельскіх і растоўска-краснадарскіх літаратараў:
— У межах плённага супрацоўніцтва пісьменнікаў Гомельшчыны з літаратарамі Расіі ў рамках міжнародных фестываляў-пабрацімаў «Славянскія літаратурныя Дажынкі» (Гомель) і «Берагі дружбы» (Растоўская вобласць) выдадзена больш за 70 зборнікаў паэтычных перакладаў, з іх 10 кніг на беларускай мове. Толькі дзякуючы шматгадоваму ўдзелу ў міжнародных сумесных перакладчыцкіх праектах у нашым абласным аддзяленні больш за два дзясяткі літаратараў дасягнулі ўзроўню прафесійных перакладчыкаў, развіваюцца і школы перакладу сярод паэтаў у Гродне, Магілёве, да працэсу ўсё больш актыўна далучаюцца літаратары Брэста, Мінска і Віцебска.
У бягучым годзе гамяльчане разам з расійскімі партнёрамі — актывам Міжнароднага фестывалю «Берагі дружбы» — пайшлі далей за традыцыйныя конкурсныя заданні: вырашылі ажыццявіць паэтычныя пераклады твораў як вядомых аўтараў, так і пачаткоўцаў з усяго свету на рускую і беларускую мовы. Так перакладчыкі адрэагавалі на прапанову аб супрацоўніцтве з боку міжнароднага літаратурнага руху «Свет без сцен» (прадстаўніком яго ў Расіі з’яўляецца вядомы рускі паэт Вадзім Цярохін, пастаянны ўдзельнік і актыўны прапагандыст гомельскага і растоўскага літаратурных фестываляў).
У ліпені 2022 года выйшаў першы том анталогіі сучаснай сусветнай паэзіі «Зямля — наш агульны дом» (прадмовы: В. Дварцоў, В. Цярохін; кіраўнікі праекта: У. Гаўрыловіч, Л. Север; 450 ст.). Першыя прэзентацыі анталогіі на рускай мове адбыліся 29 ліпеня ў рамках Міжнароднага фестывалю-конкурсу «Берагі дружбы» ў Данской дзяржаўнай публічнай бібліятэцы ў Растове-на-Доне і 1 верасня 2022 года ў рамках Міжнароднага фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя Дажынкі» ў Гомелі, у абласной універсальнай бібліятэцы імя У. І. Леніна.
Тым часам 22 гомельскія перакладчыкі, а таксама 6 запрошаных з Гродна і Магілёва са снежня 2021 да верасня 2022 года напружана працавалі над перакладамі твораў 46 аўтараў з 26 краін свету на беларускую мову. І ў пачатку лістапада кніга «Зямля — наш агульны дом. Анталогія сучаснай сусветнай паэзіі» (прадмовы: М. Чаргінец, У. Гаўрыловіч; кіраўнікі праекта: У. Гаўрыловіч, Л. Север; 446 ст.) выдадзены Гомельскім абласным аддзяленнем ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
У рамках творчых праграм і праектаў Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы ў актавай зале Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі 15 лістапада адбылася міжнародная прэзентацыя другой кнігі, прысвечаная завяршэнню беларуска-рускага выдавецкага праекта «Зямля — наш агульны дом».
У пачатку мерапрыемства, у якім узялі ўдзел пісьменніцкі актыў рэгіёна, прадстаўнікі ўлады, сістэмы адукацыі і культуры, расійскага Цэнтра навукі і культуры, згадвалі сапраўднага сябра Гомельшчыны і Беларусі Уладзіміра Сарочкіна. Са сцэны прагучалі паэтычныя радкі, гледачы паглядзелі ўрывак з дакументальнага фільма пра жыццёвы і творчы шлях і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць культурнага і грамадскага дзеяча Браншчыны, выдатнага рускага паэта, перакладчыка, арганізатара і ўдзельніка многіх беларуска-расійскіх літаратурных праектаў. Прайшоў роўна год з дня заўчаснай смерці таленавітага пісьменніка.
Са словамі прывітання і падзякі да ўдзельнікаў міжнароднай ініцыятывы анлайн звярнуўся старшыня праўлення ГА МНКА «Беларусы Няклінаўскага раёна», член Вышэйшага творчага савета Саюза пісьменнікаў Расіі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Север. Леанід Юр’евіч падкрэсліў значнасць і ўнікальнасць ажыццёўленага праекта, паведаміў пра старт прыёму конкурсных заявак ад моладзі і паэтаў-прафесіяналаў дзвюх краін на «Берагі дружбы-2023» і запрасіў прафесійных паэтаў-гамяльчан у наступным годзе паўдзельнічаць у праекце па перакладзе твораў вядомых паэтаў малых народаў Расіі.
Кранальна са сцэны гучалі пераклады на беларускую мову твораў пісьменнікаў з розных краін у выкананні перакладчыкаў Міхася Болсуна, Ніны Шкляравай, Тамары Кручэнкі, Дар’і Дарошкі, Алега Ананьева, Мікалая Ждановіча, Святаслава Крупенькі, Іны Зарэцкай, маладой паэткі Аліны Рыцік і многіх іншых.
Прадстаўнік расійскага Цэнтра навукі і культуры Маргарыта Савельева ўручыла падзяку Рускага Дома ў Гомелі Уладзіміру Гаўрыловічу за вялікі асабісты ўклад у справу яднання брацкіх народаў.
Прэзентацыя завяршылася ўручэннем падарункаў — новых кніг і выданняў для папаўнення фондаў абласной бібліятэкі і цэнтральнай гарадской бібліятэкі Гомеля.
Мікалай ІГНАТОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/belarusi
[2] https://zviazda.by/be/tags/rasiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/supracounictva
[4] https://zviazda.by/be/tags/litaratura