Дакументальны фільм пра вядомага бразільскага кампазітара, выканаўцу сваіх песен Дарывала Каімі паказалі на «Беларусфільме».
На паказ кіналенты «На памяць усім — Дарывал Каімі» аматараў лацінаамерыканскай музыкі запрасіла Пасольства Федаратыўнай Рэспублікі Бразіліі ў Рэспубліке Беларусь. Кампазітар Дарывал Каімі вядомы ў нас, дзякуючы сваім цудоўным мелодыям, гучанне якіх упрыгожыла культавы фільм мінулага стагоддзя «Генералы песчаных кар’ераў», тэлевізійны серыял «Рабыня Ізаўра».
Стваральнік песеннай бразільскай музыкі мае фантастычную папулярнасць у сваёй краіне і за яе межамі. Пяцьдзесят гадоў свайго жыцця ён прысвяціў стварэнню песень і выкананню іх пад уласную гітару, а таксама пры суправаджэнні груп і аркестраў. Ён зрабіў уплыў на фарміраванне многіх вядомых музыкантаў наступнага пакалення, пакінуўшы ў спадчыну больш ста кампазіцый жанра яскравага самба і боса-новы.
Цікава дазнацца, што напісаная ім песня, якая гучыць у вядомым гледачам з 70-х гадоў мінулага стагоддзя фільме «Генералы пясчаных кар’ераў» не мае ні воднага радка, які супадаў бы з аўтарскім арыгіналам. На самой справе Дарывал Каімі напісаў тэкст сваёй песні пра простых мясцовых рыбакоў, чыі лодкі штораніцу пакідалі родны бераг, а самі рыбакі заўжды верылі ў шчаслівае вяртанне.
Перад пачаткам сеанса выступіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Рэспубліке Беларусь Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсіа Клінгл, які расказаў гледачам пра свайго вядомага кампазітара-суайчынніка і шчыра падзякаваў за магчымасць паказаць гэты фільм у Беларусі. У зале прысутнічалі студэнты, выкладчыкі музыкі, аматары бардаўскай песні, грамадскія і палітычныя дзеячы.
Маляўнічыя лацінаамерыканскія краявіды, прыгажосць акіянскіх прастораў, шчыры і аптымістычны характар мясцовых жыхароў — пра што ствараў свае песні Дарывал Каімі — сталі тэмай невялікай выставы бразільскіх фотамайстроў, якую маглі ўбачыць прысутныя на паказе.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kino
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarusfilm-5
[5] https://zviazda.by/be/tags/kino
[6] https://zviazda.by/be/tags/braziliya
[7] https://zviazda.by/be/tags/daryval-kaimi
[8] https://zviazda.by/be/tags/rabynya-izaura