У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы 5 кастрычніка адбылася прэзентацыя «Янка Купала: з ХХ стагоддзя ў ХХІ», прысвечаная ліпеньскаму нумару-альманаху часопіса «Роднае слова», які выйшаў да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі.
Трэба адзначыць, што мерапрыемства праходзіла ў зале, дзе экспануецца выстава, прысвечаная 100-годдзю чацвёртага паэтычнага зборніка Янкі Купалы «Спадчына», першай кнігі песняра, якая выйшла ў Беларусі. Менавіта там быў змешчаны верш «Роднае слова», напісаны ў 1908 годзе.
Вяла прэзентацыю галоўны радактар часопіса Наталля ШАПРАН. Па яе словах, тэма купалазнаўства ніколі не пакідала старонкі «Роднага слова» з самага пачатку яго існавання.
Наконт тэматычнага нумара яна сказала наступнае:
— Такі фармат дае магчымасць рэдакцыі падаць сваю версію сучаснага купалазнаўства. Той, хто лістаў старонкі нашага ліпеньскага нумара, мог упэўніцца, што гэта не проста зборнік навуковых даследванняў. Мы падбіралі самае актуальнае і цікавае, што ёсць у сучаснай гуманітарыстыцы.
Таксама падчас мерапрыемства дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна ГАЛІНСКАЯ выказала падзяку часопісу «Роднае слова» за ўдзел у партнёрскіх праектах:
— Гэта сведчанне высокай павагі да нацыянальнага класіка і ваш унёсак у захаванне гістарычнай памяці. Шэраг публікацый, ажыццёўленых і запланаваных на працягу ўсяго юбілейнага года, з’яўляецца значным унёскам у скарбніцу даследванняў, папулярызацыі асобы і творчасці Янкі Купалы, а таксама інфармацыйнай падтрымкай асветніцкіх праектаў музея.
Таксама яна адзначыла, што нумары часопіса з матэрыяламі купалазнаўчай тэматыкі — важнае папаўненне фонду Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Па словах дырэкатара, «Роднае слова» нязменна застаецца адной з найважнейшых інфармацыйных крыніц у галіне беларускай філалогіі і методыкі выкладання беларускай мовы і літаратуры, што з’яўляецца важнай часткай рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі, скіраваннай на захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны.
Акрамя таго, на прэзентацыі выступалі аўтары, чые працы прадстаўлены на старонках ліпеньскага нумара. Ім было прапанавана паставіць аўтограф на старонцы аднаго з экзэмпляраў часопіса, каб потым перадаць яго ў фонды дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/lizaveta-golad
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/yanka-kupala-z-hh-stagoddzya-u-hhi
[4] https://zviazda.by/be/tags/rodnae-slova
[5] https://zviazda.by/be/tags/140-gadou-kupalu-i-kolasu
[6] https://zviazda.by/be/tags/ganna-galinskaya
[7] https://zviazda.by/be/tags/natallya-shapran