Гэтыя і іншыя пытанні ўзнялі жыхары Гомельскай вобласці на прыёме грамадзян, які правёў старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
Адразу некалькі тэм закрануў жыхар пасёлка Забіяка Гомельскага раёна, паведамляе БелТА. Першая — наконт вывазу смецця ад прыватнага падворка. Па даручэнні губернатара санітарная служба пракантралюе гэты і іншыя маршруты вывазу смецця ў Гомельскім раёне: графік, якасць працы.
Другая тэма ад заяўніка — электрыфікацыя ўчастка, выдзеленага яму пад асабістую падсобную гаспадарку. Арыенціровачны кошт пытання — 45 тысяч рублёў. «Запрасіце энергетыкаў і разбярыцеся, якія ёсць тэхнічныя магчымасці, якія шляхі вырашэння», — даручыў раённым уладам губернатар.
Вясковец плануе таксама разводзіць жывёлу, а для гэтага яму патрэбны ўчастак пад сенакос і выпас. Для асабістай гаспадаркі ўчасткі могуць выдзяляцца толькі ў межах населенага пункта і толькі на свабодных плошчах, патлумачылі заяўніку. Варыянты вырашэння пытання прапрацуюць адпаведныя службы.
З праблемай уводу дома ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі звярнулася да губернатара гамяльчанка. Па словах гараджанкі, калі будынак рэканструявалі, аказалася, што тэхумовамі было прапісана ўзяць трубы вадавода (ён на балансе магілёўскага водаканала) у футляр, каб у выпадку парыву не падмыла дом, аднак у праекце гэта не знайшло адлюстравання. Жанчына падкрэсліла: зафутлярванне — справа вельмі дарагая, ды і суседзі згоды на раскопкі шматметровага катлавана не дадуць.
«Праблема ёсць. Трэба чалавеку дапамагчы. Дэталёва прааналізуйце сітуацыю, паглядзіце, як яе аптымальна вырашыць», — арыентаваў адказных кіраўнік вобласці.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/ivan-krupko
[4] https://zviazda.by/be/tags/pryyom-gramadzyan
[5] https://zviazda.by/be/tags/elektryfikacyya-padvorka
[6] https://zviazda.by/be/tags/senakos