Запуск электроннай пляцоўкі па імпартазамяшчэнні будзе садзейнічаць хуткай адаптацыі эканомікі да санкцыйных абмежаванняў. Аб гэтым у час наведвання Беларускай універсальнай таварнай біржы заявіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў, паведамілі [3] ў прэс-службе ведамства.
Раней Мінэканомікі сумесна з вялікімі дзяржаўнымі прамысловымі прадпрыемствамі і прыватным бізнесам ініцыявалі стварэнне электроннай пляцоўкі па імпартазамяшчэнні. Беларуская ўніверсальная таварная біржа гэту задачу выканала. Сёння лічбавая платформа актыўна функцыянуе і карыстаецца попытам. Ужо заключана больш за 500 здзелак.
На думку міністра эканомікі, стварэнне электроннай пляцоўкі — новы крок у арганізацыі работы па імпартазамяшчэнні ў краіне. Ён адзначыў, што комплексная практычная работа па імпартазамяшчэнні вядзецца па трох напрамках. Па-першае, пад эгідай Міністэрства прамысловасці Беларусі і Міністэрства прамысловасці і гандлю Расіі працуюць восем галіновых падгруп: аўта- і сельгасмашынабудаванне, станкабудаванне, электроніка, лёгкая і хімічная прамысловасць, фармацэўтыка, паліўна-энергетычнае машынабудаванне.
«Па-другое, Мінэканомікі сумесна з Фондам фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў арганізуе сустрэчы з вялікімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі і прыватным бізнесам у рэгіёнах. Такія мерапрыемствы паскараюць пошук дзелавых партнёраў, далучаюць малы і сярэдні бізнес у кааперацыйныя ланцугі з прамысловымі гігантамі. Тым самым мы выконваем даручэнне кіраўніка дзяржавы па ўключэнні МСП у імпартазамяшчэнне і вытворчую кааперацыю», — заявіў Аляксандр Чарвякоў.
Як ён сказаў, трэцім элементам гэтай канструкцыі становіцца запуск анлайн-біржы, здольнай злучыць ланцуг спажыўцоў імпартных тавараў з недружалюбных краін з тымі, хто можа прапанаваць іх замену або пачаць вырабляць айчынныя аналагі на ўласных вытворчасцях.
«Гэта трохузроўневая сістэма дасць магчымасць паскорыць працэсы ў імпартазамяшчэнні, нівеліраваць знешнія абмежаванні, знайсці прадпрыемствам нішы для сваёй прадукцыі і ствараць новыя вытворчасці», — рэзюмаваў міністр эканомікі.
Паводле яго слоў, неабходна актыўней прыцягваць на электронную пляцоўку як дзяржаўныя прадпрыемствы, так і прыватны бізнес. Гэта стане значным крокам у наладжванні кааперацыйных сувязей паміж прадпрыемствамі, дасць магчымасць хутчэй адаптаваць беларускую эканоміку да санкцыйных абмежаванняў і павысіць яе ўстойлівасць.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/gandal
[3] https://economy.gov.by/ru/news-ru/view/aleksandr-chervjakov-zapusk-elektronnoj-ploschadki-po-importozamescheniju-budet-sposobstvovat-bystroj-46459-2022/
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-charvyakou
[5] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[6] https://zviazda.by/be/tags/butb