Пабачыла свет новая перакладная кніга ў Выдавецкім доме «Звязда»: накладам 700 экзэмпляраў выйшаў зборнік вершаў Амара ХАЯМА «Выбраныя старонкі» у перакладзе на беларускую мову. Творчы праект ініцыіраваны Пасольствам Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь. Кіраўнік дыпламатычнай місіі Ірана ў сінявокай Беларусі спадар Саід Яры прапанаваў беларускім кнігавыдаўцам гэтую ідэю літаратурна-мастацкага знаёмства з Амарам Хаямам і з самім Іранам.
«Каб ганчарам, што смела месяць гліну, / Вярнуць здаровы клёк хоць на хвіліну — / Не білі б, не давалі б аплявух,/ Бо гэта прах бацькоў з зямлі ўспаміну» (пераклад народнага паэта Беларусі Рыгора). Мудрасць Амара Хаяма — гэта не хваласпеў яго часінам, вольнасці чалавека ў прасторы часу. Мудрасць Амара Хаяма — гэта жаданне прайсці дарогамі ўсведамлення вечнасці гуманістычных, духоўных ідэлаў светазбудавання. «Гэй, светам недасведчаны нябога,/ Ты з ветру сам і ўся твая трывога./ Мяжа твайго жыцця — цэнтр двух нябытаў,/ Тлен у табе, вакол цябе — нічога». (Пераклад Рыгора Барадуліна).
І калі пераклады Рыгора Барадуліна даўно вядомы беларускаму чытачу, яны выходзілі асобнай кнігай, то большую палову кнігі «Выбраныя старонкі» склалі пераклады, якія ажыццявілі Віктар Шніп і Генадзь Аўласенка. Дасведчаныя майстры мастацкага перакладу, яны пранікліся сутнаснымі ўяўленнямі пра паэтычныя росшукі мастака слова з Усхода. І чытаючы здзейсненыя імі пераўвасабленні, адчуваеш надзвычайную сілу слова Амара Хайяма, яго паяднанне з сацыяльнымі, жыццёвымі клопатамі людзей. І разам з тым разумееш, што ўсё простае, лёгкае мае пад сабою аснову, грунт, на якім трываляцца вечныя ісціны. «Сутнасць ісціны вечна зрываецца з рук,/ Пошук ісціны — нейкі загадкавы круг!/ І таму лепей невукам ты заставайся, / Бессэнсоўнае бо спасціжэнне навук». (Пераклад Генадзя Аўласенкі).
Ілюстратарам кнігі «Выбраныя старонкі» выступіў вядомы беларускі мастак азербайджанскага паходжання Каміль Камал. Болей як 30 яго чорна-белых малюнкаў упрыгожваюць зборнік паэзіі Амара Хаяма. Каміль Камал не першы раз звяртаецца да афармлення кніг паэзіі ўсходніх майстроў вершаскладання. Ён выступаў ілюстратарам зборнікаў серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая». Таксама аформіў аўтарскую анталогію перакладаў Міколы Мятліцкага «Пялёсткі лотасу і хрызантэмы: 100 паэтаў Кітая XX стагоддзя», класіка кітайскай паэзіі Ай Ціна «Гімн святлу», паэтычны зборнік вялікага паэта Бангладэш Казі Назрула Іслама. У малюнках Каміля Камала — выразныя штрыхі настраёвасці, усведамленне філасофскага складніка паэзіі Амара Хаяма.
Набыць кнігу можна і непасрэдна ў Выдавецкім доме «Звязда» у Мінску па адрасе: вуліца Захарава, 19, а таксама ў мінскай кнігарні «Акадэмкніга» па праспекту Незалежнасці, 72.
Кастусь ЛЕШНІЦА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/tags/amar-hayam
[3] https://zviazda.by/be/tags/vydavecki-dom
[4] https://zviazda.by/be/tags/akademkniga
[5] https://zviazda.by/be/tags/kamil-kamal
[6] https://zviazda.by/be/tags/rygor-baradulin
[7] https://zviazda.by/be/tags/viktar-shnip
[8] https://zviazda.by/be/tags/genadz-aulasenka-2
[9] https://zviazda.by/be/tags/iran
[10] https://zviazda.by/be/tags/said-yary