Эканомiць на сабе — не самае прыемнае рашэнне. Але, на жаль, адно з тых, якiя нам час ад часу ўсё ж даводзiцца прымаць. З аднаго боку, сёння ўсё дорага, з другога — дзяўчаты i жанчыны па-ранейшаму хочуць быць прыгожыя i модныя. Цi магчыма апранацца стыльна i пры гэтым трацiцца на вопратку па мiнiмуму? У прынцыпе, так. Паспрабуем?
Сама сабе рэвiзор
Пачнём з рэвiзii гардэроба — ёю на гэты раз заменiм шопiнг. Часам у «засеках радзiмы» можна адшукаць добра забытае старое, якое нечакана будзе вельмi i вельмi дарэчы. Мода цыклiчная i развiваецца па спiралi. Калi вы не паправiлiся на пару памераў, то класiчны трэнч, якi вы купiлi на другiм курсе на ўсю стыпендыю, можа выглядаць надзвычай актуальна праз 20 гадоў. А калi прыбраць або дадаць некаторыя акцэнты, многiм старым рэчам можна падарыць другую маладосць.
У першую чаргу звяртаем увагу на:
Белую кашулю ў мужчынскiм стылi. Гэта можа быць i кашуля мужа цi сына. Такiя кашулi — прамыя, з адкладным каўняром i без усялякага дэкору — актуальныя ўжо не першы сезон i адкрываюць неверагодны прастор для стварэння вобразаў. Такiя ж бязмежныя магчымасцi дорыць, дарэчы, i простая прамая белая футболка. Гэтыя рэчы — нiбыта чыстае палатно: хочаш — «малюй» сябе ў вобразе строгай бiзнес-лэдзi, хочаш — ствары спакуслiвы жаноцкi вобраз.
Прамыя джынсы цёмнага колеру. Такiя базавыя джынсы, напэўна, ёсць у вашым гардэробе. У iдэале пасадка ў iх павiнна быць высокая. Але калi вы куплялi iх гадоў пяць таму, яна наўрад цi будзе такая, як трэба. Ну i добра: схаваем неактуальную лiнiю талii пад худзi, талстоўкай або свiтарам (свiтар можна апрануць пад пояс).
Глядзiм на сабраны за гады «запас» непрадузята. Шукаем базавыя прадметы гардэроба, актуальныя ва ўсе часы. Камбiнуем iх з моднымi акцэнтнымi рэчамi — i мы ў трэндзе!
Выходзiм на паляванне
Ставiцца да «сэкандаў» з пагардай — па-першае, не сучасна, а па-другое, дорага: цэны на апошнiя калекцыi кусаюцца, а ў «сэкандах» можна знайсцi брэндавую вопратку за капейкi — часам танней за перакус у кавярнi.
Цi можа адзенне, якое не насiлi, каштаваць настолькi танна? Адказ — так. I вось чаму. Любiмы беларускiмi (i ўсiмi iншымi) моднiцамi брэнд Zara за год пастаўляе ў свае крамы больш за 3 000 000 адзiнак адзення. I прыкладна столькi ж — кожны з iншых папулярных брэндаў мас-маркета. А калi дадаць да гэтай гары адзення яшчэ i тую гару, якую выпускаюць кiтайскiя вытворцы (проста пагартайце Алiэкспрэс!)... Уявiм сiтуацыю: проста зараз фабрыкi адзення па ўсiм свеце зачыняцца. У гэтым выпадку, калi верыць статыстыцы (а чаму б i не паверыць?), новых рэчаў, якiя ўжо ёсць у крамах i буцiках, людзям нашай планеты хопiць на паўстагоддзя! А паколькi мода штогод патрабуе ўсё новых калекцый, горы нераскупленага адзення адпраўляюцца... правiльна, у «сэканды» i стокi. Так што ношаных i не ношаных рэчаў у «сэканд-хэндах» як мiнiмум 50х50. Дарэчы, пра рэчы з «сэкандаў», якiя ўжо насiлi. Па-першае, у крамах «першых рук» рэчы актыўна мераюць, часам дзясяткi разоў на дзень, так што можна меркаваць, яны таксама ношаныя. А па-другое, у «сэкандах» рэчы, якiя ўжо насiлi, адрознiваюцца якасцю, iнакш наўрад цi яны захавалi б таварны выгляд для паўторнага продажу. Ну, а спецыфiчны пах адзення з крамаў «другiх рук» — гэта не праблема: ён знiкае пасля першага мыцця.
Такiм чынам, правiлы куплi рэчаў у «сэканд-хэндах»:
У рэшце рэшт
У еўрапейскiх краiнах моднiцы актыўна папаўняюць гардэроб на распродажах, эканомячы часам каля 80 % першапачатковага кошту адзення. Распродажы звычайна бываюць у канцы сезона, а самыя значныя — зiмовыя i летнiя. I ў гэты перыяд мерчандайзеры актывiзуюцца на сто працэнтаў: усе iх намаганнi накiраваны на тое, каб пакупнiк, а дакладней, пакупнiца, страцiла кантроль. На гэта нацэлены лозунгi: «Дзве рэчы па цане адной!» i «Усё ад 25 рублёў!». I, вядома, на гэта працуюць цэннiкi з перакрэсленай першапачатковай цаной. На самай справе, на вешалках вы знойдзеце рэчы i «ад 25 рублёў», i значна даражэйшыя, а замест таго, каб бяздумна верыць перакрэсленым лiчбам, варта папярэдне зайсцi ў iнтэрнэт, выдаткаваць дзесяць хвiлiн i вывучыць рэальную цэнавую катэгорыю таго тавару, якi вы збiраецеся набыць. У любым выпадку, менавiта на распродажах як нiдзе варта ўключаць здаровы сэнс. Iнакш вы станеце ўладальнiцай кучы зусiм непатрэбных рэчаў (хай i за паўкошту), выкладзеце на касе круглую суму i, прыйшоўшы дадому, не будзеце ведаць, што з усiм гэтым рабiць.
Такiм чынам, законы бяспекi на распродажах:
* Звычайна распрадаюць «рэшткi» — тое, што не прадаецца за сезон. Вiдавочна, што найбольш хадавыя памеры S-M-L на распродажы трапляюць значна радзей, чым вялiкiя цi маленькiя. Нягледзячы на гэта, не варта купляць рэч у надзеi, што вы да яе «дахудзееце», як i рэч на некалькi памераў большую, чым вы носiце. Як паказвае практыка, прадметы гардэроба, набытыя з прыцэлам на тое, што вы iх перашыеце, ушыеце, падкароцiце i г. д., застаюцца на далёкай палiцы ў шафе «на вечным прыколе», як крэйсер «Аўрора».
Аляксандра АНЦЭЛЕВIЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandra-ancelevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/moda
[4] https://zviazda.by/be/tags/adzenne
[5] https://zviazda.by/be/tags/shoping
[6] https://zviazda.by/be/tags/styl