У беларускiх лясах, у дубровах Палесся i на малалюдных абшарах Паазер'я, у Белавежскай пушчы i ў iншых нацыянальных парках i запаведнiках у сярэдзiне верасня пачынаецца гучны поклiч высакародных аленяў. Магутныя раганосцы, адчуваючы моцны прылiў энергii i запалу, у гэты час хочуць быць валадарамi сэрцаў «паненак», iх цягне да лугоў i палян, на якiх пасуцца статкi хутканогiх ланяў.
Гэты шлюбны час у жывёл называецца гонам. Магутны рык i грозны роў аленяў-самцоў, пачынаючы са змяркання i да самай ранiцы, рэхам разносяцца па наваколлях, абуджаюць сапернiкаў, клiчуць iх на паядынкi i бойкi.
Сёлета мне зноў выпала цудоўная магчымасць правесцi некалькi дзён i паздымаць у мясцiнах, дзе вольна пасуцца i «пяюць» «высакародныя рыцары», — у заказнiках «Чырвоны Бор» Расонскага i «Асвейскi» Верхнядзвiнскага раёнаў, Нацыянальным парку «Браслаўскiя азёры». Там да сярэдзiны кастрычнiка можна пачуць iх неспакойную i набатную песню.
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota
[4] https://zviazda.by/be/tags/aleni
[5] https://zviazda.by/be/tags/gon