Што рабіць, калі на прыпынку знаходзіцца інвалід-калясачнік, як правільна закаціць і выкаціць яго з салону, якія памылкі можна дапусціць пры гэтым і як іх пазбегнуць... На асаблівасці абслугоўвання пасажыраў на інвалідных калясках у тралейбусах звярнулі ўвагу падчас адмысловага трэнінгу. Практычнае навучанне прайшло на базе КУП «Гарэлектратранспарт». Яго арганізатарам выступіла Гомельскае абласное грамадскае аб’яднанне «Інваліды-спінальнікі».
— Мы праводзім падобныя трэнінгі рэгулярна ў тралейбусным і аўтобусным парках горада згодна з дзяржаўнай Праграмай аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016–2020 гады і ў межах праекту «Даступнае асяроддзе — інклюзіўная Беларусь», — растлумачыў інструктар практычнага навучання, інвалід-калясачнік Сяргей Баўманіс. — Тэма актуальная заўсёды, таму што адбываецца ратацыя кадраў, нізкападлогавага транспарту з’яўляецца ўсё больш, а людзі з абмежаванымі магчымасцямі пачынаюць часцей выходзіць на вуліцу.
Між тым у КУП «Гарэлектратранспарт» адзначылі, што праводзяць сталую тлумачальную работу на тэму аказання дапамогі людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Па службовай інструкцыі кіроўцы абавязаны садзейнічаць пасадцы і высадцы інвалідаў-калясачнікаў.
Як распавялі на прадпрыемстве, усяго пасажыраў Гомеля абслугоўваюць 112 тралейбусаў. У парку пакуль застаецца частка старых транспартных сродкаў, не прыстасаваных для перамяшчэння людзей на інвалідных калясках. Але замена такой тэхнікі — пытанне часу.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Прэв’ю: 24banya.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/invalidy
[2] https://zviazda.by/be/tags/invalidy-kalyasachniki