Пра гэта міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў падчас выступу на агульнай дыскусіі 75-й сесіі Генасамблеі ААН, піша [2] БЕЛТА.
«У гэты юбілейны для Аб’яднаных Нацый год і ў 75-гадовую гадавіну заканчэння Другой сусветнай вайны Беларусь на правах краіны-заснавальніцы ААН заклікае праявіць асаблівую адказнасць дзяржаў-членаў, перш за ўсё членаў Савета Бяспекі, за функцыянаванне арганізацыі і рэалізацыю яе задач», — сказаў Уладзімір Макей.
Міністр узгадаў аднаго з выбітных дзеячаў ААН — яе генеральнага сакратара, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Дага Хамаршольда, 115-годдзе з дня нараджэння якога адзначалася ў гэтым годзе. Яго лічаць адным з натхняльнікаў і няспынным паслядоўнікам канцэпцыі прэвентыўнай дыпламатыі. Уладзімір Макей адзначыў, што Даг Хамаршольд, які загінуў пры выкананні місіі ўрэгулявання крызісу ў адной з гарачых кропак, верыў, што толькі ўзаемапаважлівы дыялог і сумленныя перамовы паміж удзельнікамі магчымага канфлікту на яго ранніх стадыях здольныя прадухіліць пажар вайны.
«Гэта тое, чаго не хапае свету цяпер. Мы забыліся, што такое дыялог, а калі і памятаем, то развучыліся ім карыстацца, — завіў кіраўнік беларускага МЗС. — Павінен заўважыць, што ўжо на працягу некалькіх гадоў Беларусь актыўна заклікае аднавіць шырокі дыялог па міжнароднай бяспецы, які накіраваны на пераадоленне існуючых супярэчнасцяў ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі. Дыялог, які дапамог бы вярнуцца на рэйкі пабудовы справядлівага і эфектыўнага глабальнага парадку на прынцыпах шматбаковасці».
Зыходзячы з гэтага, Беларусь на пляцоўцы ААН вылучае і падтрымлівае прагматычныя ініцыятывы, накіраваныя на максімальную рэалізацыю патэнцыялу арганізацыі ў сферы падтрымання міжнароднага міру і бяспекі, дадаў міністр. У гэтым годзе Беларусь у шырокім суаўтарстве з дзяржавамі-аднадумцамі зноў ініцыюе рэзалюцыю аб забароне новых відаў зброі масавага знішчэння. Уладзімір Макей запрасіў усе дзяржавы да сааўтарства рэзалюцыі і яе падтрымкі.
«Ізноў звяртаючыся да гадавіны заканчэння Другой сусветнай вайны, хацеў бы падкрэсліць наша глыбокае перакананне як адной з краін, якая панесла ў ёй найбольшыя страты: захаванне памяці аб тым трагічным уроку, які нам прынесла самая страшная катастрофа 20-га стагоддзя, павінна заставацца ключавым кампанентам калектыўнага імунітэту да ўзнікнення новых глабальных і рэгіянальных супрацьстаянняў», - сказаў беларускі дыпламат.
Міністр працытаваў Статут ААН, дзе напісана, што арганізацыя была створана менавіта для таго, каб «пазбавіць будучыя пакаленні ад бедстваў вайны». «Толькі супрацоўніцтва, заснаванае на прынцыпах Статута ААН, з’яўляецца адзінай альтэрнатывай «натуральнаму адбору» і «выжыванню наймацнейшага», — перакананы ён. — Улічваючы сучасныя тэхналогіі і інфармацыйныя магчымасці, якія сёння даступныя не толькі дзяржавам, але і недзяржаўным суб’ектам, мы павінны цалкам усведамляць тыя рызыкі, да якіх прыводзіць палітычнае, эканамічнае і ваеннае супрацьстаянне, безадказнае суперніцтва, траўля няўгодных краін».
«Некаторыя краіны злоўжываюць трыбунай ААН, у тым ліку і ў адносінах да Беларусі»
«Мы са шкадаваннем адзначаем спробы шэрагу краін ва ўгоду сваім вузкім палітычным амбіцыям злоўжываць трыбунай ААН, уключаючы Савет Бяспекі. Гаворка ідзе, у тым ліку, аб сфакусаванай увазе асобных заходніх краін да сітуацыі ў Беларусі, якая сапраўды цяпер склалася няпростая з-за пэўных абставінаў, навязаных нам, перш за ўсё, звонку», — адзначыў Уладзімір Макей.
Ён нагадаў, што ў жніўні гэтага года на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь большасць грамадзян прагаласавала за дзейнага кіраўніка дзяржавы. «Народ зрабіў свой выбар. Выбар на карысць стабільнай і квітнеючай дзяржавы. Выбар на карысць міру і добрасуседства. Выбар на карысць ўстойлівага развіцця. Аднак замест таго, каб паважаць гэты выбар, мы бачым памкненні разгайдаць сітуацыю ў краіне. Пасля няўдалай спробы навязаць нам «каляровую рэвалюцыю», мы адчуваем знешняе ўмяшанне, накіраванае на падрыў дзяржаўнага ладу», — заявіў міністр.
Макей заклікаў партнёраў праяўляць мудрасць, стрыманасць і бесстароннасць у дачыненні да Беларусі
«Асобныя, якія мяжуюць з цынізмам, заявы з боку шэрагу нашых заходніх суседзяў, нібыта, аб клопаце аб суверэнітэце краіны і яе дабрабыце на самай справе з’яўляюцца нічым іншым, як спробамі ўвесці краіну ў хаос і анархію, якія адкінуць Беларусь у яе развіцці на многія гады назад. Заклікаем нашых партнёраў праяўляць мудрасць, стрыманасць і бесстароннасць», — сказаў Уладзімір Макей.
Ён падкрэсліў, што ўмяшанне ва ўнутраныя справы Беларусі, санкцыі ці іншыя абмежавальныя меры будуць мець зваротны эфект і шкодныя абсалютна для ўсіх. «Гэта мы ўжо праходзілі ў мінулым», — заўважыў кіраўнік МЗС.
«Будучыня Беларусі будзе вырашацца яе уласным народам, як гэта неаднаразова было даказана ў гісторыі нашай краіны. Вырашацца не на барыкадах, а шляхам цывілізаванага дыялогу, у тым ліку ў рамках працэсу канстытуцыйнай рэформы, якая ўжо распачатая ў краіне», — заявіў Уладзімір Макей.
Беларусь рашуча адхіляе практыку аднабаковых прымусовых мер у міжнародных адносінах
«Мы рашуча не прымаем практыку любых аднабаковых прымусовых мер у міжнародных адносінах», — падкрэсліў Уладзімір Макей.
Прыкладам такіх дзеянняў, паводле яго слоў, на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў з’яўляецца гандлёвая, фінансавая і эканамічная блакада Кубы з боку ЗША. «Захаванне гэтых «задушлівых» інструментаў ціску на суверэнныя дзяржавы, нават не гледзячы на сітуацыю з пандэміяй каранавіруснай інфекцыі, нясе ў сабе асаблівую пагрозу і багата непапраўнымі наступствамі. Гандлёвыя войны, адвольныя фінансавыя і эканамічныя санкцыі ў якасці інструмента палітычнага ціску павінны быць спыненыя», — падкрэсліў міністр.
Пакласці канец войнам і вырашаць надзённыя праблемы — што Беларусь чакае ад галоўных структур ААН
Уладзімір Макей адзначыў, што сёння даводзіцца чуць нямала крытыкі ў адрас ААН, парой яна апраўданая, часам — не. Беларусь, падкрэсліў ён, падзяляе меркаванне, што арганізацыя павінна ісці ў нагу з часам.
«Нам патрэбны эфектыўны і дзейсны Савет бяспекі ААН, які пакладзе канец шматлікім войнам і ўзброеным канфліктам, у тым ліку з улікам неабходнасці захавання тэрытарыяльнай цэласнасці і захавання нормаў міжнароднага права. Мы хочам бачыць больш актыўную Генеральную Асамблею — якая своечасова прымак важныя рашэнні па ўсім спектры надзённых сусветных праблем. Мы ўсе зацікаўленыя ў тым, каб Эканамічны і Сацыяльны Савет, як і ўся сістэма развіцця ААН, аказваў больш эфектыўнае садзейнічанне дзяржавам па рэалізацыі Мэтаў устойлівага развіцця», - сказаў кіраўнік беларускага МЗС.
Абнаўляючыся разам з часам, арганізацыя застанецца патрэбнай усім людзям на планеце, звярнуў увагу дыпламат. «Беларусь стала краінай-падпісантам Статута ААН, прыняўшы на сябе адказнасць у садзейнічанні выканання асноўных мэтаў арганізацыі. Наша краіна будзе і далей працягваць працаваць над захаваннем і развіццём стваральнага і аб’яднальнага пачатку ААН», — падсумаваў міністр.
Беларусь прапанавала ААН пасадзейнічаць устойліваму развіццю краін з сярэднім узроўнем даходу
«Беларусь працягвае паслядоўны рух да мэтаў устойлівага развіцця на аснове Парадку дня — 2030. Намаганні краіны накіраваны на дасягненне балансу паміж эканамічным развіццём і захаваннем навакольнага асяроддзя, прасоўванне прынцыпаў «зялёнай эканомікі», укараненне канцэпцыі «разумнага горада», развіццё дакладнага земляробства. Гэтая праца праводзіцца з уцягваннем усіх зацікаўленых унутры краіны і ў цесным супрацоўніцтве з міжнароднымі партнёрамі», - расказаў міністр.
Паводле яго слоў, менавіта ў партнёрстве ўсіх удзельнікаў як на нацыянальным, так і міжнародным узроўнях Беларусь бачыць адзін з ключавых фактараў паскоранага выканання Парадку дня — 2030. «Беларусь як краіна з сярэднім узроўнем даходу ўпэўненая, што для паспяховага дасягнення мэт устойлівага развіцця для гэтай катэгорыі дзяржаў патрэбна асобная стратэгія ААН (па садзейнічанні ўстойліваму развіццю) па прыкладзе аналагічных дакументаў для іншых груп краін, якія развіваюцца», - адзначыў Уладзімір Макей.
Ён падкрэсліў, што «здароўе» глабальнай эканомікі — адна з найважнейшых тэм, і яно сёння сур’ёзна пахіснулася. «Пандэмія пагражае звесці на нішто ўсе, што ўдалося дасягнуць з моманту прыняцця Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. Усё больш відавочнай становіцца жыццёвая неабходнасць змены падыходаў да сацыяльна-эканамічнага развіцця ў посткаранавірусны час», — лічыць дыпламат.
Міністр звярнуў увагу, што Беларусь падтрымлівае прапановы, накіраваныя на павелічэнне інвестыцый у ахову здароўя, інфраструктуру і адукацыю, забеспячэнне шырокага доступу да лічбавых тэхналогій, наладжванне належнага кіравання прыроднымі рэсурсамі. Таксама рэспубліка падзяляе падыходы, накіраваныя на фарсіраванне эканамічнага ажыўлення за кошт пераасэнсавання эканамічнай мадэлі на карысць «зялёнай эканомікі».
Макей: Пандэмія паказала, што міжнародная супольнасць не змагла апраўдаць надзеі, якія на яе ўскладаліся
Кіраўнік беларускага МЗС адзначыў, што пандэмія каранавіруса закранула ўсе краіны. Больш за тое, праблема застанецца, па меншай меры, у бліжэйшы час, дадаў ён.
«Вядучыя эксперты і аналітыкі актыўна выказваюцца пра яе глабальныя наступствы і ўплыў на сусветную палітыку і эканоміку. У многіх ацэнках гаворка ідзе пра «зрухі парадыгмы» і «тэктанічныя змены». Магчыма. Час пакажа. На жаль, пандэмія выразна выявіла, што міжнародная супольнасць, пра якую мы ўсе так часта гаворым, у пікавай крызіснай сітуацыі, па сутнасці, не змагла апраўдаць надзеі, якія на яе ўскладаліся», — заявіў Уладзімір Макей.
На яго думку, верх узяла логіка таго, што паасобку лягчэй справіцца з выклікам. «Практычна ўсе разбегліся па нацыянальных кватэрах, зачынілі межы і спынілі кантакты са знешнім светам. У адказ на гэты выклік Беларусь не пайшла па такім сумнеўным, як мы палічылі, шляху. Мы не зачыняліся і не ізаляваліся. Мы адразу ж задаліся пытаннем: так навошта ж тады на працягу апошніх дзесяцігоддзяў мы прасоўвалі глабалізацыю і адкрываліся адзін аднаму?» — сказаў міністр.
Уладзімір Макей заявіў, што Беларусь першапачаткова верыла і верыць у поспех калектыўных намаганняў, належыла і працягвае спадзявацца на патэнцыял міжнароднай супольнасці. Разам з тым ён са шкадаваннем канстатаваў, што не абышлося і без выкарыстання метадаў, калі адны краіны сталі вінаваціць іншыя ў нібыта няправільных дзеяннях па барацьбе з пандэміяй.
«Па той простай прычыне, што міжнародная супольнасць не выпрацавала агульнага падыходу. Значыць, справа, напэўна, не ў пандэміі, а ў нечым іншым? — задаў рытарычнае пытанне міністр. — У сітуацыі, якая склалася вызначальным фактарам у барацьбе з каранавірусам стаў спецыфічны нацыянальны кантэкст. Мы ў Беларусі выбралі сваю ўласную лінію».
Яна, растлумачыў Уладзімір Макей, грунтавалася на двух элементах: у аптымальнай меры захаваць жыццядзейнасць дзяржавы, перш за ўсё яго эканомікі, і забяспечыць максімальную абарону насельніцтва. «Наш падыход, як паказала сітуацыя ў Беларусі, сябе апраўдаў. І сітуацыя сёння ў свеце з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі цалкам пацвярджае гэта», — падкрэсліў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.
Ён адзначыў, што яшчэ будзе нямала ацэнак і высноў, але ўжо сёння можна з усёй пэўнасцю сказаць, што ўспышка каранавіруснай інфекцыі, з аднаго боку, выявіла вострую неабходнасць у моцную дзяржаву, а з другога, наглядна паказала, наколькі ўзаемазвязаны свет. «Ні адна краіна не зможа дамагчыся рэальнага прагрэсу ў вырашэнні праблемы, якая мае глабальны характар, калі іншыя застануцца ў баку або за бортам. Сумеснымі намаганнямі мы павінны ператварыць крызіс у шанец палепшыць становішча ва ўсім свеце. Нам трэба навучыцца дзейнічаць разам», — заявіў беларускі дыпламат.
Фота: БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://www.belta.by/
[3] https://zviazda.by/be/tags/aan
[4] https://zviazda.by/be/tags/palityka
[5] https://zviazda.by/be/tags/krainy
[6] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[7] https://zviazda.by/be/tags/mizhnarodnae-supracounictva
[8] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-makey