Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвясціў сёння ва Украіне дзень жалобы для ўшанавання памяці загінулых у выніку катастрофы ваеннага самалёта Ан-26 у Харкаўскай вобласці. Адпаведны ўказ быў падпісаны сёння, піша УНІАН [1].
Згодна з ім, у дзень жалобы на ўсёй тэрыторыі Украіны павінны быць прыспушчаны дзяржаўныя сцягі на дамах і будынках органаў дзяржаўнай улады, мясцовага самакіравання, дзяржаўных прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый.
Усе забаўляльна-канцэртныя мерапрыемствы павінны быць адмененыя, а ў праграмы тэле- і радыёперадач унесены адпаведныя змены.
«Учора мы страцілі маладых хлопцаў-курсантаў і вопытных ваенных, у якіх наперадзе было ўсё жыццё і, упэўнены, не адна баявая перамога. Цяжка падабраць словы, каб выказаць боль ад гэтай страты. Цяжка знайсці патрэбныя фразы, каб суцешыць бацькоў, жонак і дзетак загінулых воінаў. Уся краіна сёння будзе ў смутку разам з іх сем’ямі. Я падпісаў указ аб абвяшчэнні 26 верасня днём трауру», - заявіў прэзідэнт Украіны.
Кіраўнік дзяржавы падкрэслівае неабходнасць аператыўнага высвятлення прычын авіякатастрофы і правядзення аб’ектыўнага і непрадузятага расследавання.
25 верасня ўвечары ў Харкаўскай вобласці паблізу Чугуева пацярпеў крушэнне вайсковы самалёт Ан-26, на борце якога знаходзіліся ваенныя лётчыкі і курсанты ўніверсітэта Паветраных сіл ім. Кажадуба.
На борце самалёта Ан-26 знаходзіліся 27 чалавек. На месцы катастрофы адразу знайшлі цела 22 загінулых, раніцай сёння — яшчэ аднаго. Працягваюцца пошукі яшчэ дваіх. Два чалавекі з траўмамі былі шпіталізаваны. Раніцай адзін са шпіталізаваных сканаў.
Следчыя ДБР адкрылі вытворчасць па факце парушэння правілаў палётаў і падрыхтоўкі да іх, што пацягнула катастрофу і цяжкія наступствы (арт. 416 Крымінальнага кодэкса Украіны).
Міністр абароны Андрэй Таран заявіў, што, паводле папярэдніх дадзеных, прычынай крушэння самалёта стала тое, што ён зачапіўся крылом за зямлю. Ан-26 быў 1977 года вытворчасці. На ім ажыццяўляліся трэніровачныя палёты.
Спасылкі
[1] https://www.unian.net/society/an-26-zelenskiy-obyavil-v-ukraine-den-traura-dlya-chestvovaniya-pamyati-pogibshih-v-katastrofe-an-26-na-harkovshchine-novosti-harkova-11160884.html
[2] https://zviazda.by/be/tags/aviyakatastrofa
[3] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-zyalenski