Да старту Алімпійскіх гульняў у Токіа застаўся год. Увага да галоўных стартаў ужо пяцігодкі будзе каласальнай. «Звязда» знаёміць сваіх чытачоў са спартсменамі, за якімі наступным летам, затаіўшы дыханне, будуць сачыць уся Беларусь і ўвесь свет.
На Алімпійскіх гульнях 1992 года ў Барселоне беларус Віталь Шчэрба стаў уладальнікам шасці залатых медалёў у спаборніцтвах па спартыўнай гімнастыцы. Лагічна, што беларуская спартыўная гімнастыка асацыіруецца з яго іменем. Але час ідзе і краіне патрэбныя новыя героі, якія паступова з'яўляюцца на алімпійскім гарызонце.
Андрей Ліхавіцкі — прыклад таго, што геаграфічныя межы спорту не перашкода. Нарадзіўся ў Расіі, жыве ў Германіі, некалькі гадоў выступае за Беларусь. Алімпійскія гульні 2021 года стануць другімі ў яго кар'еры. Сам Андрэй не лічыць гэта нечым незвычайным. Чаму — ён расказаў «Звяздзе».
— Андрэй, самай гучнай падзеяй гэтага года стаў перанос Алімпійскіх гульняў у Токіа на наступны год. Як вы ўспрынялі гэту навіну?
— Для мяне гэта не стала вялікім ударам. Калі ўспомніць, як развіваліся падзеі некалькі месяцаў таму, стане зразумела, што ўсё да гэтага ішло. Да моманту афіцыйнай аб'явы аб пераносе Алімпійскіх гульняў ужо былі адмененыя ўсе спаборніцтвы, закрытыя граніцы. Аб якой падрыхтоўцы да алімпіяды, адборы для тых, у каго яшчэ не было ліцэнзіі, магла ісці гаворка? Мне здаецца, многія спартсмены нават выдыхнулі з палёгкай. Падтрымліваць форму, калі ўсё зачынена, і паўнавартасна рыхтавацца было вельмі складана. Асабіста мне перанос Алімпійскіх гульняў нават аказаўся на руку.
— Якім чынам?
— У мяне нарэшце з'явіўся час заняцца сваім здароўем і залячыць старыя траўмы. У кожнага спартсмена ёсць праблемы, якія жыць і трэніравацца не перашкаджаюць, але выправіць іх трэба. У мяне праблемы з плячамі, для спартсмена 34 гадоў гэта нармальна. Таму зараз я займаюся здароўем, а потым адразу ў бой.
— Напэўна, дадатковы год работы для спартсмена такога ўзросту дабаўляе цяжкасцей?
— Не сказаў бы. Годам больш, годам менш. Калі дазваляе здароўе і ёсць жаданне працаваць, чаму б і не правесці яшчэ адзін год у такім рэжыме. Я ў спартыўнай гімнастыцы ўсё свядомае жыццё. І з задавальненнем правяду з ёй яшчэ адзін год, а можа, нават і болей.
— Рыхтавацца да другіх Алімпійскіх гульняў у кар'еры спакайней, ці ўсё як у першы раз?
— Алімпійскія гульні — самыя галоўныя спаборніцтвы ў свеце і ў жыцці кожнага спартсмена. Але я стараюся на гэтым не зацыклівацца. Да любога старту неабходна падыходзіць адказна, кожны турнір — асаблівы. І ўсюды трэба паказваць дастойны вынік. У спорце ўсё ўзаемазвязана, нельга да аднаго старту падыходзіць безадказна, а да іншага — сур'ёзна. Адказнасць павінна быць усюды. На мой погляд, думкі аб тым, што Алімпійскія гульні — самы галоўны турнір, могуць нават збіць. Халодная галава і засяроджанасць на выступленні — вось што вызначальна для любых стартаў.
— У 2016 годзе напярэдадні алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра ў інтэрв'ю вы адзначылі, што не лічыце Алімпійскія гульні кульмінацыяй кар'еры. За чатыры гады ваша меркаванне змянілася?
— Я спадзяюся, што кульмінацыяй маёй кар'еры будуць Алімпійскія гульні ў Токіа. Што такое кульмінацыя спартыўнай кар'еры? Гэта найлепшы вынік, дасканалае выступленне, задаволенасць сваёй работай. Вельмі хочацца ўсё гэта адчуць у Токіа ў наступным годзе. Канешне, у Рыа я быў маладзейшы, зараз мне можа быць цяжэй выступаць. З іншага боку, за гэтыя чатыры гады ў мяне з'явілася больш вопыту ў плане падрыхтоўкі да спаборніцтваў.
— Нягледзячы на тое што да Алімпійскіх гульняў яшчэ год, планы ўжо вызначылі?
— Мой план — дастойна выступіць і паказаць ўсё падрыхтаванае і напрацаванае за гэты час. Такі мой план мінімум. Калі быць больш канкрэтным, то планую выйсці ў фінал у практыкаваннях на кані. Задача спартсмена — паказаць, на што ён здольны, і зрабіць гэта добра. А адзнака — гэта ўжо справа судзейскай калегіі. Тым больш не трэба забываць, што ў ацэньванні спартыўнай гімнастыкі ўсё роўна ёсць месца для суб'ектыўнасці.
— Планавалася, што Алімпійскія гульні могуць прайсці без гледачоў. Наколькі вам важная падтрымка трыбун?
— Мне важна, каб на трыбунах былі людзі. Не ўяўляю, як выступаць у пустой зале. Падтрымка гледачоў нібы адкрывае другое дыханне, яна дае дадатковую сілу. У 2019 годзе на Еўрапейскіх гульнях у Мінску гледачы вельмі дапамагалі настроіцца на выступленне і паказаць добры вынік. Мой бронзавы медаль — часткова і іх заслуга.
— Андрэй, сярод беларускіх гімнастаў вы адзін маеце алімпійскую ліцэнзію. Ганарова быць адзіным прадстаўніком краіны на Алімпійскіх гульнях?
— Я не зусім адзін буду прадстаўляць Беларусь. Сярод дзяўчат алімпійская ліцэнзія ёсць у Насці Алістратавай. Але насамрэч сітуацыя дваякая. Канешне, прыемна аднаму прадстаўляць краіну, хоць гэта надта адказна. Але ўсё ж такі хацелася б, каб побач была каманда. З камандай на спаборніцтвах заўжды прасцей, гэта дадатковая і вельмі моцная падтрымка. Так, у нас індывідуальны від спорту і выступаем мы па адным. Але ўсё роўна камфортней, калі побач ёсць твае сябры, якія за цябе перажываюць. І не варта забываць, што ў спартыўнай гімнастыцы ёсць камандныя спаборніцтвы, вельмі відовішчныя і захапляльныя.
— Як вы лічыце, чаму ў Беларусі вам няма роўных?
— Мне цяжка сказаць, якія дакладна праблемы ў беларускай спартыўнай гімнастыцы. Усё ж такі я не знаходжуся ўнутры. Мне здаецца, прычына ў адносна невялікім наборы дзяцей. А для тых, хто ёсць, не хапае залаў. І някепска, калі ў адной групе ў трэнера 20 дзяцей, і ён фізічна не можа належным чынам аддаваць увагу самаму таленавітаму вучню. Я думаю, калі б у Беларусі было крыху больш залаў, дзяцей, з'явілася бы больш моцных спартсменаў. Не ведаю, правы я ці не, але будучае прафесійнага спорту закладваецца ўжо на дзіцячым узроўні. Дарэчы, не згаджуся, што мне няма роўных. У нас у камандзе ёсць класныя хлопцы Ягор Шарамкоў і Слава Драніцкі, чэмпіён Еўропы сярод юніёраў. Яны добра скачуць і нядрэнна выступаюць у шматбор'і. Я ўпэўнены, што ў іх усё наперадзе.
— Андрэй, па вопыце жыцця і працы ў Германіі, можаце сказаць, дзе больш дасканалы падыход да спартыўнай гімнастыкі — у Беларусі ці ў Германіі?
— Асабіста мне больш імпануе беларуская сістэма. У нашай краіне шмат секцый, ёсць школы алімпійскага рэзерву, дзе дзеці ўжо з малых гадоў могуць сур'ёзна займацца спортам і сумяшчаць гэта з вучобай. У Германіі ўсе маладыя гімнасты займаюцца ў адной зале, у іх адна трэніроўка на дзень замест дзвюх. На ўсю краіну працуе толькі адзін ці два цэнтры, дзе дзеці ўжо з дзесяці гадоў сур'ёзна займаюцца. Зразумела, што для падрыхтоўкі моцнага спартыўнага рэзерву гэтага недастаткова. Аднак перавага нямецкай сістэмы ў тым, што трэнеры не такія загружаныя і маюць магчымасць набіраць у групу самых таленавітых дзяцей і расціць з іх прафесійных спартсменаў. А ў нас як? Трэнер набірае 20 чалавек і працуе з усімі адразу, яны паступова адсейваюцца, і калі застаюцца самыя адораныя, пачынаецца руплівая праца. Але, нават нягледзячы на гэта, беларускі падыход мне падабаецца больш.
— У Германіі функцыянуе клубная сістэма, правільна?
— Так, але гэта толькі прыгожая назва. Энтузіясты адкрываюць клубы, каб дзеці маглі займацца спортам. Гэта непрафесійныя клубы, яны не зарабляюць грошы. У Германіі я добрых прыкладаў не бачыў. Нядрэнна гэта развіта ў ЗША, дзе людзі гатовыя ўкладвацца ў клубы. Напрыклад, школа Віталя Шчэрбы ў Лас-Вегасе. Прызнаюся, у мяне ёсць думкі ў будучым адкрыць свой клуб спартыўнай гімнастыкі, мне цікавы гэты кірунак работы. Магчыма, калісьці я адкрыю свой клуб у Мінску, думкі аб пераездзе таксама ёсць. Але пакуль галоўнае — мая спартыўная кар'ера.
— Дарэчы, аб Віталю Шчэрбе. Яго імя нязменна асацыіруецца з беларускай спартыўнай гімнастыкай. Як вы ставіцеся да таго, што вас могуць параўноўваць?
— Зусім пра гэта не думаў. Віталь — легенда сусветнай спартыўнай гімнастыкі, і яму да гэтага часу няма роўных. Я думаю, ні аднаму спартсмену не ўдасца яго перасягнуць, ва ўсякім выпадку сярод дзеючых гімнастаў. Таму параўноўваць нас няправільна. Мне пашанцавала асабіста пазнаёміцца з Віталем, гэта была надта натхняльная для мяне сустрэча.
— Спартыўная гімнастыка часоў Віталя Шчэрбы і тая, якую вы дэманструеце сёння, моцна адрозніваюцца?
— Гімнастыка ўвогуле інтэнсіўна змяняецца. У 2004 годзе былі прынятыя новыя правілы. Зараз акцэнт робіцца на складанасці элементаў, таму гімнасты зараз больш масіўныя і мускулістыя. Для таго каб набраць высокі бал, патрэбна паказаць дзесяць самых складаных элементаў. А раней было дастаткова чатырох, пасля якіх ішлі дадатковыя элементы і звязкі. Мне здаецца, раней у спартыўнай гімнастыцы было больш прыгажосці і выступленні былі больш вытанчаныя.
— У сусветным спорце сёння назірацца тэндэнцыя да амаладжэння, спартыўную гімнастыку гэта закранула?
— Гімнастыка заўжды была маладым відам спорту. Мы пачынаем трэніравацца ў шэсць гадоў, а ў 18 некаторыя спартсмены ўжо выступаюць на Алімпійскіх гульнях. Шмат маладых спартсменаў б'юць рэкорды і заваёўваюць медалі вялікіх спаборніцтваў. Але гэта залежыць ад індывідуальных асаблівасцяў арганізма. Я не магу сказаць, што ў спартыўнай гімнастыцы пераважае моладзь. Ды што там казаць, калі я ў свае 34 гады выступаю і рыхтуюся да алімпіяды. Румынскі гімнаст Мар'ян Драгулеску ў свае 39 гадоў паказвае выдатныя вынікі. І мы не адны такія «дыназаўры», на спаборніцтвах можна сустрэць шмат гімнастаў, старэйшых за 30 гадоў.
— Ці рэальна дасягнуць аднолькавага поспеху ў выступленнях на ўсіх сямі снарадах, або ўсё роўна прыходзіцца нечаму аддаваць перавагу?
— Прыходзіцца вылучаць некаторыя снарады. У мяне каронныя конь, брусы і перакладзіна. Калі ўспомніць, то бронза ІІ Еўрапейскіх гульняў у мяне была ў практыкаваннях на кані. Але зразумела, што трэба старацца на кожным снарадзе паказваць дастойны вынік. У нас ёсць шматбор'е, дзе гімнасты добра выступаюць на кожным снарадзе. А зараз узровень гэтай дысцыпліны значна вырас. Раней можна было няўдачу на адным снарадзе закрыць іншым. Сёння гэта ўжо немагчыма.
— Андрэй, што вас рухае ўсё жыццё аддаваць спартыўнай гімнастыцы?
— Не хачу паказацца банальным, але любоў. Я ў спартыўнай гімнастыцы ўсё жыццё, з самага дзяцінства. І ўжо не ўяўляю сябе без яе.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з асабістага архіва героя
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/alimpiec
[4] https://zviazda.by/be/tags/kuznya-chempiyonau
[5] https://zviazda.by/be/tags/andrey-lihavicki