Дзяніс Дук, рэктар Магілёўскага Дзяржуніверсітэта імя Аркадзя Куляшова:
— Маё знаёмства са «Звяздой» адбылося ў 90-я гады, калі мой бацька выпісваў яе. Гэта адно з нешматлікіх беларускіх выданняў, якое і цяпер не здраджвае сабе і падае навіны менавіта на роднай мове. Гэта вельмі каштоўная традыцыя. Мне падабаюцца «круглыя сталы», якія робіць газета, і я таксама ў іх удзельнічаў. Сёлета, напрыклад, быў «круглы стол», прысвечаны захаванню гісторыка-культурнай спадчыны, удзел у якім бралі прадстаўнікі Міністэрства культуры, Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук, нашай установы як своеасаблівага цэнтра па археалагічных даследаваннях.
Мяне як чытача заўсёды цікавіць добрая, змястоўная аналітыка — думкі, разважанні наконт усіх падзей грамадска-палітычнага жыцця нашых вядучых вучоных, парламентарыяў, прадстаўнікоў розных галін дзейнасці. Чым больш будзе такіх разважанняў, падмацаваных фактамі, тым лепш.
Сёння шмат розных меркаванняў, але ў іх мне не вельмі падабаецца палярызацыя думак. Мы ведаем, што ў любым працэсе ёсць станоўчыя і адмоўныя бакі. І вельмі важна бачыць тое станоўчае, што ёсць сёння і было ўчора. Гэта можна зрабіць, калі мы абстрагуемся ад эмоцый. Толькі тады можна будзе ацаніць сітуацыю цвяроза. А калі чалавек падвергнуты нейкім эмацыйным усплёскам, зрабіць гэта немагчыма.
І самае каштоўнае, што заўсёды вылучала «Звязду», — гэта тое, што ў ёй магчыма сустрэць розныя меркаванні, але не натрапіць на нейкі там эмацыянальны пасыл. Апошняга сёння ў свеце зашмат. Асабліва ў інтэрнэце. А вось газета — гэта якраз тая пляцоўка, дзе акрамя навін падаюцца меркаванні наконт тых ці іншых падзей — вострых, праблемных, але ўзважана і грунтоўна, як і павінна быць.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] https://zviazda.by/be/ya-znou-vybirayu-zvyazdu