Калі з «агурочнай сталіцай» Беларусі ўсё проста і ясна — ніхто не можа аспрэчыць гэтае высокае званне Альшан, то са сталіцай «памідорнай» не ўсё так адназначна. У апошні час так называюць гарадок Іўе на Гродзеншчыне. Але яшчэ гадоў 10—15 таму «памідорнай сталіцай» нашай краіны была вёска Савічы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Туды мы і наведаліся, каб даведацца пра сакрэты мясцовага агродніцтва.
Аб збыце і пастаянных кліентах
Зрэшты, на Брэстчыне гэты населены пункт і сёння называюць менавіта так, хоць за апошнія гады і жыхароў у Савічах стала менш, і аб'ёмы вытворчасці таматаў, адпаведна, зусім не тыя.
— У 90-я ў сезон і фуры ў Савічах загружаліся памідорамі, і грузавыя таксі з нашай вёскі на Камароўку хадзілі, — прыгадваюць тутэйшыя людзі.
Цяпер у асноўным збытам памідорнай прадукцыі савіцкія «фермеры» займаюцца самі. У каго ёсць машыны, возяць памідоры на рынак — у асноўным у Баранавічы, але часам і ў Брэст, і ў Мінск. А часцей — проста выносяць за ваколіцу вёдры і скрыні і чакаюць пакупнікоў. У сезон такія міні-гандлёвыя пункты ёсць практычна каля кожнага жылога дома ў вёсцы.
— Мы сабе 200 кустоў пасадзілі — і паесці, і на продаж. Больш не хачу: збыту няма. Раней і па тры тысячы кустоў садзілі, і больш. Але ў апошні час спажыўкааперацыя моцна апусціла цэны на закупку. Яблыкі па 15 капеек прымаюць, памідоры — па трыццаць, здаецца. Я дакладна не ведаю, бо мы
не здаём, толькі прадаём вось так, каля дома. Такі адпачынак, па-старэчы. Як на рыбалцы: сядзі сабе і чакай, калі клюне, — распавядае Віктар Правальскі, адзін з жыхароў вёскі.
Наладзіць збыт, які быў яшчэ гадоў 15 таму, сёння не ўяўляецца магчымым, наракае суразмоўца.
— Вёска пустая, хто памёр, хто з'ехаў. Раней, бывала, ідзеш па вёсцы ўвечары — у кожным акне святло. А цяпер палова вокнаў цёмныя. Дачнікі? Не, не купляюць тут дамы. Яны аддаюць перавагу вёскам, што бліжэй да гарадоў.
Віктар Саф'янавіч — старажыл Савічаў. Памятае, як пачынаўся тут «памідорны бізнес».
— Тут у нас адзін, Юзік Суджыц яго звалі, усё гэта пачаў — і пайшло. Тады ў нас асфальту яшчэ не было, памідоры вазілі ў Пагарэльцы і грузілі на цягнік... У Мінску памідоры цяпер танней, чым па два рублі за кіло, не знойдзеш. Калі аб'ёмы вялікія — гандляваць было б выгадна і зараз.
У нашы дні зарабіць у вяскоўцаў атрымліваецца толькі на ранніх і на позніх памідорах. Улетку таматы з'яўляюцца тут раней, чым у наваколлі,
ужо ў першых чыслах ліпеня. У гэтым годзе іх прадавалі ў сярэднім па два—два з паловай рублі, і гандаль у вёсцы ішоў бойкі — за першымі памідорамі прыязджалі і з суседніх вёсак, і гараджане. У сезон сярэдняя цана на кілаграм памідораў у Савічах — рубель. Вялікія і прыгожыя прадаюць па рубель трыццаць—рубель сорак. Гаспадары не скнарнічаюць і ад душы дадаюць пакупнікам прыгожы жоўты або малінавы тамат проста так, бясплатна: «Пакаштуйце, гэта грунтавы!»
Нядзіўна, што ў многіх прадаўцоў у Савічах ёсць пастаянныя кліенты.
— Мы любім «чорныя» памідоры, і купляем іх менавіта тут, — распавядае адна з пакупніц, жыхарка Баранавічаў. — Кожны раз, калі едзем на дачу альбо з дачы, спыняемся ў Савічах. Вядома, можна купіць памідоры і на рынку. Але рынак ёсць рынак: незразумела, як вырошчвалі таматы, чым падкормлівалі. А тут — усё натуральнае, чыстае, для сябе вырашчана, таму памідоры такія смачныя.
Чорных, дарэчы, на гэты раз у прадаўца ўжо няма: усё, што саспела, забралі папярэднія пакупнікі.
— Ёсць у нас пастаянны пакупнік, які кожны год восенню прыязджае ў Савічы з Мінска і бярэ па 80—100 кілаграмаў памідораў, — кажа яшчэ адна жыхарка Савічаў, Таццяна Бігель. — Не на продаж, а проста для сябе і сваёй сям'і. Дзецям, унукам, на закаткі. Ён родам з гэтых мясцін, проста даўно жыве ў Мінску. Таму і ведае «брэнд» — савіцкія памідоры.
Аб тэхналогіях і камерцыйнай тайне
Сёння ў Савічах зарэгістраваны 73 гаспадаркі і пражывае 123 чалавекі. З іх 54 жыхары — працаздольнага ўзросту, сямёра — дзеці і падлеткі, астатнія — пенсіянеры. Большасць жыхароў Савічаў працуюць у ААТ «Эксперыментальная база «Вольна». Вырошчваннем таматаў людзі займаюцца тут у асноўным пасля работы, у вольны час.
— Памідоры — гэта толькі дадатковы даход, — распавялі мне ў Савічах. — Цяпер на іх не заробіш.
Праўда, ёсць у вёсцы некалькі сем'яў, асноўны даход якіх, — асабістая падсобная гаспадарка. Гэта моладзь, у іх справа пастаўлена сур'ёзна: цяпліцы, галандскае насенне, розныя сарты памідораў. У сярэднім каля кожнага дома пад агароды адведзена 50—70 сотак, хоць некаторыя сем'і апрацоўваюць і па тры гектары зямлі. Але кіламетры парнікоў, як у Альшанах, тут не ўбачыш. У Савічах памідоры прынята вырошчваць у адкрытым грунце: пакуль памідор не атрымае сонечнага святла, ён не будзе мець насычанага смаку.
— Часам, каб памідорныя кусты не пашкоджваліся туманам, вакол іх робяць агароджу з плёнкі, але зверху такі «парнік» плёнкай не накрываецца, каб расліны атрымлівалі дастаткова сонечнага святла, — тлумачыць сакрэты мясцовай тэхналогіі старшыня Вольнаўскага сельвыканкама Наталля Ібрагімава. — Таму памідоры ў Савічах такія смачныя — натуральныя, вырашчаныя з любоўю.
«Хімію» пры вырошчванні сельгаспрадукцыі тут амаль ніхто не выкарыстоўвае. Апрацоўваюць расліны рана, у перыяд цвіцення. І часцей за ўсё гэта малочная сыроватка з дабаўленнем ёду. Угнаенні — толькі арганічныя: гной, кампост. Словам, ні адзін аматар здаровага ладу жыцця не прычэпіцца: самы сапраўдны organіc food. Тут не адбіраюць прадукцыю — для сваёй сям'і і на продаж. Вырошчваюць для пакупнікоў, як для сябе. Адсюль і адмоўнае стаўленне да «хіміі». Дастаткова шчодрага сонца Брэстчыны і ўкладзенай у сакавітыя салодкія плады карпатлівай працы.
Сезон у Савічах пачынаецца ў лютым, калі насенне высаджваюць на расаду. І з гэтага моманту аж да першых восеньскіх замаразкаў спаць савіцкім «фермерам» прыходзіцца па 3-4 гадзіны ў суткі: памідоры, як дзеці, патрабуюць нястомнага клопату і ўвагі. Расада высаджваецца ў парнікі, дзе ўстаноўленыя печы на дровах. Каб яна расла правільна, патрэбна пэўная тэмпература. Калі на вуліцы холадна і яшчэ не прыйшоў час перасаджваць расаду ў адкрыты грунт, тэмпературу ў цяпліцах трохі апускаюць — тады да патрэбнага моманту расада не перарасце. І наадварот, калі трэба паскорыць тэмпы росту, робяць цяплей. Градуснікаў у парніках у большасці гаспадароў няма, усё робіцца інтуітыўна — кажуць, дапамагае шматгадовы вопыт вырошчвання памідораў. Расада адкрывае гандлёвы сезон у Савічах. Яе купляюць дачнікі і жыхары навакольных вёсак. Усе ведаюць, што савіцкая расада — найлепшая. Маладзейшыя гаспадары выкарыстоўваюць насенне галандскай і польскай селекцыі, яны прадаюць расаду па сартах.
— А мы, хто старэйшы, самі бяром насенне з найлепшых леташніх памідораў, — гаворыць Пётр Зарэмба. — І высейваем на наступны год па відах і па колерах: чырвоныя, жоўтыя і чорныя, салатныя, на аджыку, на засолку, на сок...
Пётр вырошчвае памідоры ў адкрытым грунце:
— І дождж палье, і сонца пасвеціць. Лепш, чым у цяпліцах.
Ён наракае, што памідоры вырошчваць цяжка — цяжэй, чым агуркі: і паліваць, і падвязваць. «Памідорны бізнес» — справа мужчынская, патрабуе фізічнай сілы. І размова зноў вяртаецца да праблемы збыту.
— Калі б каапсаюз або прадпрымальнік які-небудзь раз на тыдзень машыну прыганялі, кілаграмаў 100—200 выдатных памідораў у Савічах штотыдзень можна было б загружаць, — марыць мужчына. І дадае, што ў сувязі са складанасцямі са збытам прыйшлося скараціць «аб'ёмы вытворчасці».
— Колькі ўраджаю памідораў за лета здымаеце? Кілаграмаў 500?
— Ну, трохі больш, — усміхаецца суразмоўца. — Я гноем саўгасным памідоры не ўгнойваю: шмат зелля, прарастае лебяда, палоць потым цяжка. Збіраю «каравяк» і змешваю з крапівой. Ну, а як іншыя, не ведаю. Тут у кожнага свая тэхналогія, ніхто надта не скажа.
— Камерцыйная тайна?
— Ну, напэўна, так.
— А ці выгадна гэта, укладваць столькі працы?
— Дык я на пенсіі. Чаго сядзець без справы?
Аб уласным сорце і перапрафіляванні
У апошнія гады савіцкія «фермеры» спрабуюць перапрафілявацца. Хтосьці вырошчвае цюльпаны ў цяпліцах да 8 Сакавіка і рэалізуе кветкі ў Баранавічах. Многія актыўна пераходзяць на капусту: квяцістая і брокалі прадаецца даражэй, чым памідоры. Хтосьці разам з таматамі вырошчвае і перац — салодкі і востры. Некаторыя гаспадары робяць стаўку на зеляніну — кроп, пятрушка, кінза, базілік.
Лічыцца, што ў Савічах ёсць свой уласны сорт памідораў — «Савіцкія». Іх мясцовыя жыхары называюць яшчэ «Тыя, якімі мы на Камароўцы гандлявалі». Так і кажуць пакупнікам, прадаючы расаду або самі ярка-чырвоныя, невялікія, надзвычай салодкія памідоры. «Савіцкія» не знайсці ні ў адным рэестры сартоў, але, аднойчы пакаштаваўшы, вы адрозніце іх адразу дзякуючы яркаму насычанаму смаку. І яшчэ ад іх пахне... памідорамі — пахне летам, сонцам, канікуламі і бесклапотнасцю... Не ведаю, як вы, а я ў апошнія гады рэдка сустракаю гэты пах: ну не пахнуць памідоры памідорамі ні ў гіпермаркетах, ні на Камароўцы. Адкуль узяўся «Савіцкі» сорт? Калісьці, у савецкія гады, сартоў памідораў было няшмат. Тады ў асноўным у Беларусі вырошчваліся «Перамога» і «Талаліхін». Дзякуючы іх смаку Савічы і сталі каля 40 гадоў таму «памідорнай сталіцай Беларусі». Магчыма, «Савіцкія» — спадчына тых, яшчэ савецкіх, гатункаў.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Гаспадыні на заметку
Таматны сок «Памідорная сталіца»
На 3 л соку:
У кожны слоік:
Старанна вымыйце памідоры і разрэжце на кавалкі, выдаліце пладаножкі. Прапусціце кавалачкі праз мясарубку або сокавыціскалку (калі праз мясарубку, сок будзе больш густым, з мякаццю). Пералейце вадкасць у каструлю, дадайце соль і цукар. Варыце, пакуль з соку не сыдзе пена. Пасля гэтага пакладзіце ў сок лустачкі салодкага балгарскага перцу і варыце яшчэ пяць хвілін. Разліце ў стэрылізаваныя слоікі і закатайце. Можна замест балгарскага дадаць востры перац, калі любіце.
Рэцэпт з вёскі Савічы
Салата «Пікантная»
Для запраўкі:
На дно салатніка кладзем парваныя на кавалачкі лісточкі базіліку. Памідоры наразаем на долькі. Цыбулю рэжам палоскамі. Для падрыхтоўкі запраўкі ў піяле змешваем яблычны воцат, раслінны алей, чорны молаты перац, соль і цукар. Выліваем запраўку ў салату, старанна перамешваем. Адыгейскі сыр рэжам на квадрацікі. Разаграваем патэльню, наліваем у яе 1 ч. л. расліннага алею і абсмажваем сыр да румянай скарыначкі на сярэднім агні з двух бакоў (прыкладна па дзве хвіліны з кожнага боку). Даем сыру астыць і дадаем у салату. Перамешваем і атрымліваем асалоду.
Святлана Гуагова, фуд-блогер
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandra-ancelevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/pamidory
[4] https://zviazda.by/be/tags/selskaya-gaspadarka
[5] https://zviazda.by/be/tags/baranavicki-rayon