Міністэрства аховы здароўя Беларусі атрымала пакет дакументаў для правядзення клінічнага выпрабавання вакцыны «Гам-Ковіда-Вак» расійскай вытворчасці. Мяркуецца, што ў клінічным выпрабаванні вакцыны ў Беларусі возьме ўдзел каля сотні нашых суайчыннікаў.
Вядучымі спецыялістамі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь праводзіцца экспертыза дакументаў шматцэнтравага клінічнага выпрабавання камбінаванай вектарнай вакцыны для прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі, выкліканай вірусам SARS-CoV-2, паведамляе прэс-служба міністэрства. У склад экспертнай групы ўваходзяць спецыялісты УП «Цэнтр экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя», а таксама вядучыя спецыялісты ў галіне эпідэміялогіі і інфекцыйных хвароб.
Пры выкананні экспертных работ будзе ацэнена магчымасць атрымання падчас клінічнага выпрабавання дакладных даных аб эфектыўнасці і бяспецы вакцыны, а таксама этычныя пытанні правядзення выпрабавання, пытанні абароны правоў і бяспекі ўдзельнікаў выпрабавання.
Даследаванне вакцыны плануецца правесці ў падвойным сляпым плацэба-кантраляваным дызайне. Гэта выпрабаванне будзе часткай буйнамаштабнага даследавання вакцыны «Гам-Ковіда-Вак», якое праводзіцца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.
Плануецца, што ў Беларусі ў даследаванне будзе ўключана каля 100 удзельнікаў. Ахвотныя прыняць удзел у вакцынацыі могуць падаваць заяўкі на сайтах арганізацый аховы здароўя, якія выбраны ў якасці даследчых цэнтраў: 1-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі Цэнтральнага раёна Мінска, 4-й гарадской паліклінікі Мінска, 5-й гарадской клінічнай паліклінікі Мінска, 14-й цэнтральнай раённай паліклінікі Партызанскага раёна Мінска, 19-й цэнтральнай раённай паліклінікі Першамайскага раёна Мінска, 28-й раённай паліклінікі Мінска, Мінскай ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга абласной клінічнай бальніцы, Віцебскай абласной клінічнай бальніцы.
Алена КРАВЕЦ
Прэв’ю: gazeta.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/vakcyna
[5] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus