У вучэбна-педагагічным комплексе «Дзешчанскі дзіцячы сад — сярэдняя школа» Уздзенскага раёна працуе адзіны ў краіне музей бульбы. А ў перспектыве тут з'явіцца і першы ў Беларусі помнік бульбе. Аказаць садзейнічанне гэтай справе паабяцаў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна Аляксандр Турчын падчас наведвання ўстановы адукацыі, паведамляе прэс-служба Мінаблвыканкама.
— Гісторыя нашага музея пачалася дзесяць гадоў таму, — расказвае дырэктар Наталля Чаркас. — Мы доўга думалі, чаму б прысвяціць экспазіцыю. Да ідэі падштурхнуў той факт, што мясцовае сельгаспрадпрыемства — эксперыментальная база імя Суворава — займаецца вытворчасцю насеннага матэрыялу новых сартоў беларускай селекцыі гэтай культуры. А чаму б бульбе не быць галоўнай гераіняй нашага музея, вырашылі мы і пачалі актыўна збіраць экспанаты. Сёння іх налічваецца 140.
Падчас візіту Аляксандра Турчына ў музеі экскурсаводамі «працавалі» вучні 11 класа Ксенія Зуева і Крысціна Жалюк.
— Штогод у межах работы музея ў нас ладзяцца восеньскія кірмашы, бульба-фэсты і іншыя захапляльныя мерапрыемствы. А аднойчы ўсе класы атрымалі заданне вырабіць з разнастайных матэрыялаў помнік бульбе. Выйшлі дастаткова цікавыя варыянты, — падзяліліся дзяўчаты.
— А чаму б вам не правесці апытанне сярод вучняў, бацькоў, ды і ўсіх жыхароў аграгарадка. Разам і выбераце. А мясцовыя органы ўлады тады ўжо дапамогуць зрабіць помнік і ўладкаваць яго, — прапанаваў губернатар.
Прэв’ю: biz.liga.net
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/muzey
[3] https://zviazda.by/be/tags/shkola
[4] https://zviazda.by/be/tags/bulba