Баранавічы славяцца не толькі чыгункай, авіязаводам і шматлікімі прадпрыемствамі, але і... хакеем на траве. Гэты від спорту развіваецца ў горадзе амаль 40 гадоў, з 1981-га. З 1989 да 1991 года гарадская жаночая каманда «Тэкстыльшчык» перамагала на юнацкіх першынствах БССР, прадстаўляла Беларусь на турнірах узроўню СССР. У гісторыі суверэннай Беларусі «Тэкстыльшчык» 17 разоў станавіўся прызёрам чэмпіянату краіны. Найлепшае дасягненне клуба — перамога ў Кубку Рэспублікі Беларусь 2007 года і сёмае месца ў Кубку ўладальнікаў кубкаў еўрапейскіх краін у 2008 годзе. Цяпер у поспехах каманды невялікае зацішша. Але, як упэўнены самі гульцы і кіраўніцтва клуба, гэта трамплін для новых дасягненняў. Тым больш што ўсе ўмовы для таго ёсць.
У хакей гуляюць сапраўдныя дзяўчаты
За саракагадовую гісторыю клуба 49 яго прадстаўніц выступалі ў складзе розных зборных камандаў краіны. Такую статыстыку вядзе вечны рухавік «Тэкстыльшчыка», нязменны трэнер каманды Георгій Бельскі. Сёння дзевяць баранавіцкіх хакеістак прадстаўлены ў спісах беларускіх зборных. Наталля Шцін, Ульяна Касабуцкая, Святлана Багушэвіч разам з нацыянальнай камандай абараняюць гонар краіны на міжнародных спаборніцтвах. У нацыянальнай юніёрскай зборнай, дзе галоўны трэнер Георгій Бельскі, выступаюць сем баранавіцкіх спартсменак.
Каманда «Тэкстыльшчык БарДУ» — гэта сімбіёз вопыту і маладосці. У камандзе выдатна ўжываюцца разам і 29-гадовыя, і 15-гадовыя спартсменкі. «Тон камандзе задаюць старэйшыя ігракі — сёстры Настасся і Кацярына Паўлавец, Дар'я Такарык, Вольга Раёва, Вольга Іванова. За імі не адстаюць маладзейшыя Аліна Шкірыя, Аляксандра Герасімовіч, Дар'я Грыцэвіч. Гэта самыя вопытныя гульцы, і наша таленавітая моладзь бярэ з іх прыклад. А калі палічыць дзяўчат, якія заканчваюць школу і з'язджаюць з роднага горада, мы былі б у разы мацнейшыя», — расказвае Георгій Бельскі.
Зараз некалькі топавых гульцоў не выступаюць — абвастрыліся старыя спартыўныя траўмы, якія не былі своечасова вылечаныя. Але нярэдка адданыя камандзе і агульнай справе спартсменкі, не зважаючы на самаадчуванне, ідуць на поле. Не перашкаджае выступленням за любімы клуб нават дэкрэтны водпуск. У складзе «Тэкстыльшчыка БарДУ» — тры маладыя мамы. Вольга Іванова, Дар'я Такарык і Вольга Прыступа пасля нараджэння дзяцей вярнуліся на хакейнае поле. У баранавіцкім клубе нават ужо ёсць свае дынастыі. Ірыну Валынец у хакей прывяла мама, якая сама калісьці выступала за горад. Майстар спорту міжнароднага класа Наталля Шцін сваім прыкладам натхніла малодшую сястру Аляксандру на заняцце хакеем на траве.
Яўных лідараў у камандзе няма, усе робяць агульную справу. «Я не стаў бы вылучаць кагосьці персанальна. Каманда працуе як гадзіннік, гэта механізм, у якім няма няважных дэталяў. У іх адзіная мэта, і яны робяць усё магчымае для яе дасягнення», — адзначае дырэктар хакейнага клуба «Тэкстыльшчык» Аляксандр Цыганчук.
Многія выхадцы з «Тэкстыльшчыка» гуляюць у клубах Іспаніі, Бельгіі, Харватыі. Марына Вінаградава, якая выступала ў 2006—2007 гадах за баранавіцкую каманду, у складзе зборнай Італіі амаль дайшла да Алімпійскіх гульняў. Сам жа баранавіцкі клуб запрашаць легіянераў не спяшаецца. Калісьці за Баранавічы гулялі тры ўкраінскія хакеісткі, і на гэтым супрацоўніцтва з замежнымі спартсменамі скончылася. Пакуль клуб спраўляецца ўласнымі сіламі, ды і фінансавае пытанне дае аб сабе ведаць.
У хакеі на траве забаронены блакіроўкі і сілавыя прыёмы, гэта дастаткова прыгожая гульня, таму ў яе так актыўна гуляюць дзяўчаты. Пакуль стварэнне мужчынскай каманды ў «Тэкстыльшчыку» не плануецца. Георгій Бельскі ўпэўнены, што не трэба распыляцца і лепш засяродзіцца на ўдасканаленні жаночай каманды. Дырэктар клуба Аляксандр Цыганчук ставіцца да гэтага больш практычна: «У горадзе чатыры спартыўныя прафесійныя клубы: валейбол, хакей з шайбай, футбол і наш. Калі сёння дадаць яшчэ адзін, гарадскі бюджэт можа не вытрымаць. Канешне, у далёкай перспектыве было б выдатна развіваць і мужчынскую, і жаночую каманды. Але, як паказвае рэчаіснасць, сёння кожны клуб выбірае штосьці адно».
Бачу мэту, не бачу перашкод...
У нядаўнім Кубку Беларусі баранавіцкія хакеісткі занялі трэцяе месца, а ў чэмпіянаце Беларусі — чацвёртае. У цэлым мінулым сезонам кіраўніцтва клуба не задаволена. Галоўная мэта «Тэкстыльшчыка» — вяртанне ў прызёры чэмпіянату Беларусі, на гэтай пазіцыі каманда не была з 2016 года. «Я веру, што мы зможам вярнуцца ў прызёры. Але, мабыць, пакуль нам туды ранавата. Трэба яшчэ падрасці і ў наступным годзе змагацца за медалі. У нас ёсць усё, што патрэбна для падрыхтоўкі: веды, умовы, жаданне працаваць. Але для дасягнення поспеху павінны супасці многія фактары. Мы ўмацаваліся трэнерскім саставам, да нас вернуцца дзяўчаты, якія цяпер гуляюць у іншых клубах. І тады мы зможам сур'ёзна змагацца за медалі. Мне засталося пяць гадоў да пенсіі, але я нікуды не пайду, пакуль мы не будзем у прызёрах», — гаворыць галоўны трэнер каманды.
Дапамагае камандзе дасягаць сваіх мэт малады, але вопытны трэнер нацыянальнай юніёрскай зборнай Аляксандр Манькоўскі. «Баранавіцкая каманда заўсёды дастаўляла нязручнасці лідарам айчыннага хакея на траве. Я ўжо працаваў з «Тэкстыльшчыкам» некалькі гадоў таму, і за гэты час дзяўчаты значна прайшлі ўперад, — гаворыць ён. — У 2019 годзе яны паднеслі непрыемны сюрпрыз, абыграўшы дзеючых чэмпіёнаў клуб «Мінск» у Кубку краіны. Хакей на траве апошнім часам амаладзіўся. І «Тэкстыльшчыку» пашанцавала мець столькі маладых спартсменак. Моладзь хоча прагрэсіраваць, паказваць вынік і дзеля гэтага гатовая шмат працаваць і вучыцца. Настрой у дзяўчат баявы. Мы працуем па методыках найлепшых еўрапейскіх клубаў, і спартсменкі з энтузіязмам успрымаюць усё новае. Адточваем дысцыпліну ў камандзе. Як паказаў мой трэнерскі вопыт, дысцыпліна б'е клас і з яе дапамогай можна абыграць больш моцную каманду. Так крок за крокам і прыйдзем да мэты. У «Тэкстыльшчыка» вялікі патэнцыял, і ў іх ёсць усе шанцы заняць трэцяе і нават другое месца ў чэмпіянаце».
Але перашкоды ёсць
Пакуль галоўная праблема каманды — фінансаванне, якое адбіваецца на тэхнічным аснашчэнні і зарплатах ігракоў. Хакеісткі, якія дасягнулі значных вынікаў, пераходзяць на новы ўзровень спартыўнага майстэрства і прымаюць больш выгадныя для сябе прапановы з іншых клубаў. Калі б вярнуць усіх гульцоў, якія выраслі ў «Тэкстыльшчыку», каманда была б непераможнай, упэўнены ў клубе.
«Наша самае актуальнае пытанне — спонсары, якіх мы прывабліваем усімі сіламі. У многіх прадпрыемстваў зараз праблемы з прыбыткам, і не ўсе могуць нам дапамагчы. Спадзяёмся, што кіраўніцтва горада дасць кампаніям ільготы на нерухомасць. Гэтая мера значна нам дапаможа знайсці спонсараў, якія будуць суму па падатку ільготы выдзяляць нам у выглядзе спонсарскай дапамогі. За гэтыя грошы мы зможам развівацца, запрашаць гульцоў, павялічваць заробкі, купляць інвентар. У нашых рэаліях немагчыма чагосьці дасягнуць выключна на энтузіязме, якога ў нас і так шмат. У нас добрыя партнёрскія адносіны з кіраўніцтвам горада, і мы сумесна працуем над нашым развіццём. Бо «Тэкстыльшчык» працуе на імідж горада», — расказаў Аляксандр Цыганчук.
Пад дахам свайго дома
Візітная картка клуба «Тэкстыльшчык» — яго трэніровачная база. Стадыён «Дубава-спорт» быў адкрыты ў 2013 годзе па даручэнні Прэзідэнта краіны. Арэна, якая ўмяшчае 1100 гледачоў, уваходзіць у спіс найлепшых у Еўропе. А ў Беларусі і ўвогуле лічыцца найлепшай па пакрыцці і месцазнаходжанні. Неаднаразова Беларускай федэрацыяй хакея на траве падаваліся заяўкі на правядзенне буйных міжнародных спаборніцтваў менавіта на «Дубава-спорце». Пакуль безвынікова, але гэта справа часу. Тым больш сусветнай супольнасці хакея на траве гэтая арэна ўжо сябе паказала. У 2019 годзе тут прайшла серыя матчаў паміж зборнымі Беларусі і Індыі. «Госці былі прыемна здзіўленыя нашым стадыёнам. У Індыі хакей на траве развіты на вельмі высокім узроўні. Іх нацыянальную лігу можна параўнаць з футбольнай Лігай чэмпіёнаў УЕФА. Таму было прыемна чуць ад іх кампліменты», — дзеліцца Георгій Бельскі.
З 2014 года на «Дубава-спорце» штогод праходзіць Кубак «Садружнасць», неафіцыйна названы Кубкам СНД. «На першы турнір да нас прыязджалі толькі шэсць камандаў. У гэтым годзе заяўкі падалі 14 камандаў з шасці краін, дзве каманды прыйшлося адсеяць, фізічна было немагчыма ў пяць дзён правесці спаборніцтвы з такой колькасцю ўдзельнікаў. Але нашы планы разбурыла пандэмія каранавіруса — турнір, як і многія іншыя, не адбыўся. Спадзяюся, налета мы сустрэнемся ў Баранавічах», — адзначыў Георгій Бельскі.
Разам з хакеісткамі на «Дубава-спорце» займаюцца лёгкаатлеты і біятланісты. Побач — лыжаролерная траса, новы парк, таму ніхто нікому не перашкаджае. Так хакей на траве падарыў Баранавічам комплекс для заняткаў спортам. Адзіны недахоп — адсутнасць залы для індорхакея, у якой спартсмены маглі б працаваць зімой. «Індорхакей і хакей на траве — розныя віды спорту, але вельмі блізкія. Індорхакей — неад'емная частка хакея на траве. І пакуль у нас ёсць праблема з падрыхтоўкай у зімовы час, бо каманда не можа працаваць толькі летам. Мы гэта вырашаем, шукаем іншыя залы ў горадзе. На перспектыву разлічваем, што ў нас будзе свая пляцоўка, каб дзяўчаты маглі і зімой плённа трэніравацца», — расказаў Аляксандр Цыганчук.
Праца дзеля будучыні
Прыклад «Тэкстыльшчыка» — узор па падрыхтоўцы рэзерву. У 2017 годзе ў склад клуба была ўключана дзіцяча-юнацкая спартыўная школа з аддзяленнем хакея на траве. Задача — падрыхтоўка спартыўнага рэзерву і перадача маладых спартсменаў у каманду. Плануецца, што школа стане падушкай бяспекі для клуба, каб не шукаць новых гульцоў, а выхоўваць іх у школе.
Дзякуючы далучэнню школы да клуба ўжо ёсць вынік. У «Тэкстыльшчыку» гуляе сем вучняў школы, што робіць каманду самай маладой у краіне. У Кубку Беларусі дзяўчаты ўжо паспелі абыграць галоўных канкурэнтаў — каманду «Вікторыя». Школа набірае дзяцей з сямі гадоў, навучанне поўнасцю бясплатнае. Але тут аказалася не ўсё гладка.
Па словах Аляксандра Цыганчука, востра стаіць пытанне з трэнерамі: «Сёлета мы набралі 116 дзяцей. Для параўнання, летась толькі 40. У нас пяць груп розных узростаў, школа мае ўвесь неабходны інвентар. Гэта выдатныя паказальнікі. Але нам не хапае кадраў. Толькі адзін трэнер працуе ў школе на поўную стаўку. Астатнія пяць — на палову, таму што асноўная работа ў іх у клубе. Шмат маладых спецыялістаў, якія працавалі па размеркаванні, пасля яго заканчэння звольніліся. Дзякуй нашым гульцам Вользе Івановай, Дар'і Такарык, Настассі Паўлавец, Дар'і Грыцэвіч, Аляксандры Герасімовіч, якія разумеюць, што трэба трэніраваць дзяцей, і на паўстаўкі з імі працуюць. У ідэале нам трэба восем поўных трэнерскіх ставак, якія будуць закрываць усе групы. Тады можна будзе казаць і аб мужчынскім хакеі. І ўвогуле гэта дасць магчымасць упэўнена сказаць, што праект аб'яднання клуба і школы цалкам сябе апраўдаў. Пакуль жа гэта планы, якія мы паступова ўвасабляем у жыццё».
Хакей на траве ў Беларусі пакуль актыўна развіваецца толькі ў Баранавічах, Смалявічах, Брэсце, Гродне і Мінску. Таму баранавіцкі «Тэкстыльшчык» можна лічыць адным з лідараў у краіне. Гэта заўжды быў «каронны» спорт горада. І хакеісткі рашуча ідуць наперад, няхай шлях іх нялёгкі. У клубе ўпэўнены, што кадры і грошы, хоць і маюць вялікае значэнне, але не галоўнае. Перш за ўсё — мэта і жаданне працаваць. А ў гэтым у «Тэкстыльшчыка» недахопу няма.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота ХК «Тэкстыльшчык»
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/hakey
[5] https://zviazda.by/be/tags/hakey-na-trave
[6] https://zviazda.by/be/tags/kuznya-chempiyonau