Мінскі Свята-Аляксандра-Неўскі храм — адзін з нешматлікіх помнікаў архітэктуры сталіцы, які захаваўся да нашых дзён у першародным выглядзе. Царква выстаяла ў вайну, у эпоху ваяўнічага атэізму і з 1898 года практычна ніколі не была зачынена для вернікаў. Сёння храм перажывае рэканструкцыю. Будаўнічыя работы вядуцца ў перапынках паміж набажэнствамі — царква на Вайсковых могілках не закрывае свае дзверы для прыхаджан нават «на рамонт».
Старонкі гісторыі
Сёння храм у імя святога благавернага вялікага князя Аляксандра Неўскага знаходзіцца ў цэнтры Мінска. А калісьці тут была ўскраіна. Вайсковыя могілкі, пасярод якіх стаіць царква, ўзніклі крыху раней. Паблізу, за паўкіламетра ад месца будучага храма, знаходзіўся ваенны шпіталь, і калі паўстала пытанне, дзе хаваць салдат і афіцэраў, якіх медыкі не здолелі выратаваць, гарадскія ўлады выдзелілі ўчастак у прадмесці Доўгі Брод.
Храм побач з вайсковымі могілкамі быў асвечаны ў 1898 годзе ў памяць загінулых на полі бітвы падчас руска-турэцкай вайны. З яго будаўніцтвам звязана легенда. Справа ў тым, што ўзводзілася царква не толькі на сродкі з гарадскога бюджэту, але і на ахвяраванні. Грошы ўносілі сваякі загінулых салдат і афіцэраў, і 20 000 рублёў на пабудову храма ўнесла Марыя Кексгольмская. Паводле легенды, падчас ваенных дзеянняў рускія салдаты (сярод якіх, зрэшты, былі прадстаўлены практычна ўсе нацыянальнасці, якія ўваходзілі ў Расійскую імперыю XІX стагоддзя) падабралі маленькую дзяўчынку, турэцкую сірату. Дзіця стала «дачкой палка», хрысцілі яе Марыяй. А калі дзяўчына вырасла, то засталася жыць на сваёй новай радзіме. Як яна апынулася ў Мінску, легенда замоўчвае.
— Гэта не больш чым паданне, — кажа настаяцель храма протаіерэй Мікалай Коржыч. — Гістарычных дакументаў, якія пацвярджаюць яго, мы не знайшлі. Дакладна тое, што храм будаваўся як помнік воінам, якія аддалі сваё жыццё ў руска-турэцкай вайне 1877-1878 гадоў. Пра гэта нагадваюць дзве мемарыяльныя дошкі, уманціраваныя ў цэнтральны неф. На іх выгравіраваны імёны 118 воінаў 30-й артылерыйскай брыгады і 119-га пяхотнага Каломенскага палка, якія загінулі пры ўзяцці Плеўны ў Балгарыі. Сярод гэтых людзей ёсць і выхадцы з нашай беларускай зямлі — гэта відаць нават па прозвішчах: Мастовіч, Ананіч, Сачук...
Каля храма таксама размешчаны пахаванні герояў Плеўны: генерал-лейтэнанта Жыржынскага, генерал-маёра Бырдзіна, падпалкоўнікаў Дехцярова, Жажэра і Абрамава. Гэта першыя магілы на Ваенных могілках, а на сённяшні дзень старажытны некропаль налічвае каля сямі тысяч пахаванняў.
Будаўніцтва мінскага Свята-Аляксандра-Неўскага храма распачалося вясной 1896 года і завяршылася за два гады да надыходу бурнага дваццатага стагоддзя. Будынак спалучаў у сабе рысы ўзорачча і рускага барока, яго архітэктарам быў Віктар Струеў, які пазней атрымаў вядомасць дзякуючы праектам цэркваў у Зембіне, Лунінцы, Любчы, Барысаве.
— Спачатку была пабудаваная цэнтральная частка храма, бакавыя памяшканні прыбудоўваліся крыху пазней, — тлумачыць айцец Мікалай. — Па завяршэнні ўсіх работ царква стала пяціглавай. Яна была багата ўпрыгожана фасадным дэкорам і шматлікімі мазаікамі. І ўнутранае ўбранне, і знешні выгляд царквы былі тыповыя для таго часу: так будавалі праваслаўныя храмы ў ХІХ стагоддзі.
У першыя гады савецкай улады царква Аляксандра Неўскага цудам пазбегла закрыцця. Яна была адзіным дзеючым праваслаўным храмам у сталіцы БССР аж да 1938 года, калі органы НКВД арыштавалі яе настаяцеля, а на дзверы павесілі замок.
— І тады прыхаджане сталі збірацца на ганку храма, — расказвае суразмоўнік. — Людзі маліліся і падтрымлівалі адно аднаго.
Неверагодна, але ў 30-я гады храм пазбег рабавання. Сёе-тое, вядома, знікла, але старажытная цудатворная ікона Мінскай Маці Божай захавалася да нашых дзён. Як і драўляная пераносная цэркаўка, якой карыстаўся Каломенскі полк для малітваў падчас ваенных дзеянняў у Турцыі. Зараз цэркаўку ўбачыць нельга, яна знаходзіцца на рэканструкцыі. Але пасля завяршэння будаўнічых работ гэты рарытэт зойме годнае месца ў абноўленым храме — у левым куце будынка, дзе яна стаяла заўсёды.
Ваеннае ліхалецце не зраўняла храм з зямлёй. Падчас бамбёжак цэнтральны купал прабіла фугасная бомба, але не выбухнула. Выбуховай хваляй ад іншага снарада быў сарваны галоўны купал, а пажар пашкодзіў дах.
— Пад храмам знаходзілася памяшканне для печаў. Цяпер, калі неабходнасць у пячным ацяпленні адпала, мы выкарыстоўваем іх для гаспадарчых патрэб. А ў гады вайны тут мінчане — і вернікі, і атэісты — хаваліся ад бамбёжак, — кажа суразмоўнік.
Адразу пасля акупацыі Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі пачалі адкрывацца цэрквы. І ў храме Аляксандра Неўскага аднавіліся службы. З тых часоў царква не закрывалася. У 1950—1980-я гады яна была адным з двух дзеючых у Мінску праваслаўных храмаў. Другі быў кафедральны Свята-Духаў сабор.
Рэканструкцыя на ахвяраванні?
Першыя аднаўленчыя работы былі пачаты ў будынку храма ў 1982 годзе. Да 1983 года рэстаўратары аднавілі цэнтральны купал і крыжы, пазалацілі купалы, пафарбавалі сцены. У 1985 годзе ўнутры храма былі адноўленыя насценныя роспісы і зноў распісаны купал. Многія карэнныя мінчане памятаюць гэтыя роспісы. Сёння іх ужо не ўбачыш. Сцены храма будуць распісаны нанова, захаваюцца толькі першапачатковыя сюжэты фрэсак.
— Якасць выканання роспісу ў савецкія часы вымагала жадаць лепшага, — адзначае протаіерэй Мікалай Коржыч. — Царкоўнаму мастацтву тады не вучылі, таму ўсё рабілася на энтузіязме. Гэта быў так званы трафарэтны роспіс, які мала адпавядае задуме будаўнікоў храма. Цяпер плануецца вярнуць першапачатковае аблічча храма — унутры і звонку. На жаль, фатаграфій унутранага ўбранства гэтага храма канца пазамінулага стагоддзя не захавалася. Але захаваліся ўзоры падобных праваслаўных храмаў ХІХ стагоддзя ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. На іх і абапіраецца навуковае кіраўніцтва рэканструкцыі.
Дах царквы быў абноўлены ў 2015 годзе на ахвяраванні юрыдычных і фізічных асоб. Званіца — яшчэ раней, да стагадовага юбілею храма, у 1998 годзе: унутры яе ўсталявалі шэсць новых званоў. У 2018 годзе была рэстаўрыравана маленькая хрысцільная царква, пабудаваная каля храма ў 1991-м.
Зараз работы вядуцца ўнутры храма Аляксандра Неўскага: акрамя роспісу сцен і купала засталося завяршыць пакрыццё падлогі каменнымі плітамі і аздабленне натуральным каменем панэляў, тлумачыць суразмоўнік. Цэнтральная частка іканастаса пакуль знаходзіцца на рэстаўрацыі. Завершацца работы абнаўленнем асвятляльных элементаў — панікадзіл, бра, царкоўных люстраў.
Айцец Мікалай кажа і пра неабходнасць добраўпарадкавання Ваенных могілак, якія акружаюць храм. Старадаўнія могілкі па ўсім свеце даўно ўжо сталі турыстычнымі аб'ектамі. Ёсць турыстычны патэнцыял і ў аднаго з двух самых старых некропаляў у межах Мінска (разам з Кальварыйскім). Афіцыйна Вайсковыя могілкі былі закрытыя для пахаванняў у 1959 годзе. Але яшчэ ў савецкія гады тут у асноўным хавалі знакамітасцяў і членаў іх сем'яў — дзеячаў культуры і мастацтва, заслужаных работнікаў навукі. Самыя знакамітыя пахаванні Ваенных могілак — Янкі Купалы і Якуба Коласа, яны размешчаны ў паўночнай частцы некропаля, непадалёк ад пахаванняў воінаў-вызваліцеляў Мінска, загінулых у 1944-м. На Вайсковых могілках знайшлі апошні прытулак пісьменнікі і паэты — цвет беларускай літаратуры савецкага перыяду. Заснавальнікі Купалаўскага тэатра Уладзімір Крыловіч і Еўсцігней Міровіч. Навуковец, які стаяў каля вытокаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, — акадэмік Усевалад Ігнатоўскі. Супрацоўніца ААН Рут Уолер, якая працавала ў складзе місіі, што дапамагала аднаўляць Беларусь пасля Вялікай Айчыннай вайны.
На добраўпарадкаванне Вайсковых могілак не так даўно грошы выдзяляў горад, і невялікая частка некропаля ўжо прыведзена ў парадак. Але значная плошча пакуль знаходзіцца ў запусценні.
— Нядаўна хацеў падысці да магілы Кузьмы Чорнага — ледзь не параніў сабе нагу, — наракае айцец Мікалай. — Гэтае запусценне — спадчына савецкіх часоў: раз няма вечнага жыцця, значыць, і да могілак можна ставіцца проста як да ўтылізатара. З сямі тысяч пахаванняў тры з паловай на сённяшні дзень не ідэнтыфікаваныя.
Святар спадзяецца, што з часам і храм, і некропаль будуць адноўлены ў комплексе — так, каб засталіся задаволеныя і гісторыкі, і прадстаўнікі сферы культуры, і прыхаджане.
Калі будзе завершана рэканструкцыя, настаяцель храма адказаць пакуль не можа. Справа ў тым, што работы вядуцца на ахвяраванні. І нядаўна святар звярнуўся з просьбай аб садзейнічанні ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.
— Сродкі на рэканструкцыю храма ўжо выдзеленыя з рэспубліканскага бюджэту, але да цяперашняга часу не вызначаны заказчык рамонтна-рэстаўрацыйных работ, не забяспечана распрацоўка навукова-праектнай і каштарыснай дакументацыі па аб'екце, — кажа Мікалай Коржыч.
Пытанне ўзята на кантроль Саветам Рэспублікі. Ёсць надзея, што ў найбліжэйшы час яно будзе вырашана, і адзін з двух помнікаў дарэвалюцыйнага праваслаўнага дойлідства, што захаваліся ў беларускай сталіцы, здабудзе другое нараджэнне.
Уладзімір Дражын, старшыня папячыцельскага савета царквы Аляксандра Неўскага:
— У 2014 годзе, калі я вярнуўся з працы Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Рэспублікі Беларусь у Літве і Фінляндыі, мяне запрасіў Уладыка Філарэт на сустрэчу і запрапанаваў узяцца за рэканструкцыю храма Аляксандра Неўскага, які размешчаны на Ваенных могілках. Я пагадзіўся і вось з 2014 года сістэмна займаюся гэтай справай, у тым ліку пошукам сродкаў як спонсарскіх, так і дзяржаўных. На сённяшні дзень мы ўжо ўключаны ў дзяржаўную інвестыцыйную праграмму на 2020-2021 гады, нам удалося сабраць і грошы ад спонсараў. Кожны год мы знаходзім да 200 000 беларускіх рублёў. І там ужо шмат зроблена на сённяшні дзень, напрыклад, перакрыты дах, заменены званы на званніцы, заменены вокны і дзверы, зроблены цеплавузел, капітальна адрамантаваны прыхадскі дом з хрысцільным храмам і дзве часоўні, заменены ацяпленне, праводка, ператынкаваны сцены і столі ды многае іншае. А цяпер там працягваюць працу рэстаўратары і будаўнікі, кладуць гранітную падлогу. Потым пойдзе новы этап, які дапаможа распачаць роспіс інтэр’ераў і тыя работы, якія яшчэ чакаюць свайго часу. Я штомесяца праводжу там пасяджэнне нашага апякунскага савета і лічу, што гэтую справу мы зробім, бо ў верасні 2021 года спаўняецца 800 гадоў з дня нараджэння князя Аляксандра Неўскага, збіральніка славянскіх земляў. У Расіі выдалі ўказ, дзе акрэслена ўсё, што трэба зрабіць да гэтай вялікай даты. І мы таксама павінны не заставацца ўбаку, таму што царква Аляксандра Неўскага ў Мінску – гэта самы старэйшы храм. У гады вайны там мелі прытулак яўрэі і беларусы, якіх хацелі ў якасці палонных адправіць у Германію. Але немцы мелі такую асаблівасць, што на акупаваных тэрыторыях яны ў храмы не ўваходзілі. Дзякуючы гэтаму там шмат людзей уратаваліся. І цяпер у крыпце ўстаноўлена мемерыяльная дошка, якая нагадвае пра тыя падзеі. Шмат зроблена, але, спадзяюся, нам дазволяць гэтую справу давесці да добрага выніку.
Дзіяна РОНІНА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/dyyana-ronina
[2] https://zviazda.by/be/religiya
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/carkva
[5] https://zviazda.by/be/tags/hram
[6] https://zviazda.by/be/tags/religiya
[7] https://zviazda.by/be/tags/budaunichyya-raboty