Новы аўтарскі праект пісьменніка і публіцыста Навума Гальпяровіча «Сюжэт для вечнасці» з'явіцца на канале «Культура» Беларускага радыё ў пачатку верасня і будзе гучаць у эфіры па нядзелях. Праграма будзе цікавай як аматарам літаратуры, так і шырокаму колу слухачоў, нераўнадушных да мастацкага слова.
Навум Гальпяровіч пачынаў сваю кар'еру на Беларускім радыё ў якасці ўласнага карэспандэнта па Віцебскай вобласці, а зараз з'яўляецца намеснікам дырэктара радыёканала «Культура». Літаратурны дэбют Навума Якаўлевіча адбыўся ў наваполацкай газеце «Хімік». Сёння на рахунку мэтра — дзясяткі аўтарскіх радыёперадач, тэлевізійныя праекты і больш за дзесяць кніг, вершы з якіх перакладзеныя на польскую, румынскую, балгарскую, рускую, англійскую і іншыя мовы свету.
— У 2013 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла мая кніга пад назвай «Сюжэт для вечнасці», — расказвае Навум Гальпяровіч. — Але новы радыёпраект не пра кнігу, а пра тое, што хачу расказаць слухачам: чым я жыў і жыву, пра што мару, пра маё пакаленне, на якое прыйшлося і пасляваеннае дзяцінства, і савецкі час, і перабудова, і жыццё ў сённяшняй незалежнай Беларусі... Аб гэтым, а таксама пра сталенне чалавека, фарміраванне яго асобы і пойдзе размова ў праграме. Гэта вершы і проза, напісаныя ў розны час, але аб'яднаныя назвай — «Сюжэт для вечнасці».
Арыгінальны праект папоўніць цыкл літаратурных перадач на канале «Культура», сярод якіх «Паэзія XXІ стагоддзя», «Літаратурная анталогія», «Радыёбібліятэка», «Паэтычная раніца» і іншыя. Першы выпуск аўтарскіх чытанняў пад музыку выйдзе ў эфір 6 верасня ў 09.05. Слухачы пачуюць апавяданні «Пітомнік» і «Мама».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/tags/navum-galpyarovich-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaruskae-radyyo
[5] https://zviazda.by/be/tags/efir
[6] https://zviazda.by/be/tags/sluhach
[7] https://zviazda.by/be/tags/praekt