Дзіўна, што сёння гэтая культура здаецца нам такой звыклай. Але гэта толькі таму, што мы, аказваецца, проста занадта мала пра яе ведаем.
Беларусы ў сярэднім ужываюць два кілаграмы кукурузы ў год на кожнага, а мексіканцы — каля 300 кг. У Мексіцы яна сапраўдная царыца палёў. На радзіме кукурузы яе называюць простым словам маіс. Так кажуць усюды ў свеце, акрамя ўсходняй Еўропы і Расіі, куды расліна дабралася ў самую апошнюю чаргу — усяго паўтара стагоддзя таму праз Крым з Турцыі, дзе падобным на «кукуруза» словам называлі высокія расліны.
Кукуруза — сапраўды адзін з галоўных волатаў у сельскай гаспадарцы. Некаторыя гатункі дасягаюць у вышыню сямі метраў. А агульную і дакладную колькасць гатункаў такой расліны нават падлічыць складана. З яе ў многіх мексіканскіх кафэ робяць і першае, і другое, і кампот з дэсертам.
У кукурузе шмат крухмалу, які дае целу зарад энергіі. Яшчэ яна багатая мінераламі, карыснымі для нерваў, пазногцяў, валасоў, скуры, зубоў. І таму ўсмешкі жыхароў нават глухіх мясцовых сёл ззяюць здароўем. Менавіта дзеля карысці самую папулярную кукурузную страву — кашу з варанага зерня — усюды падаюць загорнутай у кукурузнае лісце. Вялікае лісце кукурузы ў Мексіцы цэняць і нарыхтоўваюць гэтак жа, як і пачаткі.
Урачы настойваюць, што мы моцна недаядаем клятчаткі. А яе асноўныя пастаўшчыкі — гэта бабовыя і якраз кукуруза. Неяк складана ўявіць, якія кукурузныя стравы можна запазычыць з меню тых жа мексіканцаў. Усё ж густы ў нас розныя. Але гатаваць час ад часу на кукурузным алеі лёгка. Сыры і нерафінаваны, ён рэкамендуецца для прафілактыкі і лячэння цукровага дыябету і атэрасклерозу. А цана яго вельмі дэмакратычная. І, хутчэй за ўсё, будзе зніжацца, бо за 50 апошніх гадоў кукурузы сталі вырошчваць у свеце ў пяць разоў больш.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/kraina-zdarouya
[5] https://zviazda.by/be/tags/kukuruza