Маляўнiчыя руiны на беразе Нёмана, за восемдзесят кiламетраў ад Мiнска, — родавы маёнтак беларускага вучонага Якуба Наркевiча-Ёдкi, чые даследаваннi апярэдзiлi свой час. Папулярнасць прафесара Наркевiча-Ёдкi ў навуковых колах сучаснiкi параўноўвалi з папулярнасцю Луi Пастэра, а значнасць яго доследаў — з навуковым значэннем адкрыццяў Вiльгельма Рэнтгена.
Уязная брама ўжо адноўлена. Над ёю — герб роду Наркевiчаў-Ёдкаў.
Навуковыя пошукi беларускага прафесара апярэдзiлi свой час. Гэтаму ўнiкальнаму навукоўцу належаць адкрыццi ў галiне фiзiкi, метэаралогii, медыцыны i псiхалогii. У сваёй сядзiбе ён стварыў адну з першых ва Усходняй Еўропе метэаралагiчных станцый. А яго дом можа стаць у перспектыве дзiцяча-юнацкiм навуковым цэнтрам, якi будзе адкрываць свету новыя iмёны ў навуцы.
Лофт пазамiнулага стагоддзя
Якуб Наркевiч-Ёдка паходзiў з багатага шляхецкага роду. Дзед навукоўца, Ануфрый Наркевiч-Ёдка, па некаторых звестках, быў архiварыусам князёў Радзiвiлаў — чалавекам, наблiжаным да ўсёмагутных магнатаў, уведзены ва ўсе таямнiцы роду.
— У той час род Радзiвiлаў пачаў паступова бяднець з прычыны разгульнага ладу жыцця некаторых яго прадстаўнiкоў. I сёе-тое са сваiх зямель, якiя не ўваходзiлi ў непадзельную Нясвiжскую ардынацыю, князi прадавалi, — апавядае дырэктар Уздзенскага раённага гiсторыка-краязнаўчага музея Тамара Лухверчык.
У 1823 годзе Ануфрый Наркевiч-Ёдка набыў маёнтак Малыскаўшчына, якi раней належаў Радзiвiлам. А калi пасля паўстання 1830-1831 гадоў ён быў прыгавораны да пажыццёвага зняволення ў сваiм маёнтку, стаў будаваць дом. Так пачалася гiсторыя палаца Наркевiчаў-Ёдкаў. Трэба сказаць, што багацце роду было звязана з гандлем лесам, якi яны сплаўлялi па Нёмане, i ў сродках уладальнiкi маёнтка абмежаваныя не былi. Але Ануфрый вырашыў не ўзводзiць дом з нуля, а перабудаваць пад палац двухпавярховы радзiвiлаўскi пiваварны завод. Апярэджваць свой час, мабыць, уласцiва гэтаму роду: у наш час лофт — памяшканне прамысловага прызначэння, пераабсталяванае пад жыллё — гэта модны кiрунак у дызайне iнтэр'ераў. Для XIX стагоддзя рашэнне было нетрывiяльнае. Аднак тое, што атрымалася ў вынiку, выглядала хоць i нестандартна, але цалкам гарманiчна, таму што, верагодна, будаўнiцтвам займаўся выдатны архiтэктар Францiшак Яшольд, якi спраектаваў i пабудаваў такi шэдэўр, як Косаўскi палац. Будаўнiчыя работы iшлi больш за дзесяць гадоў i завяршылiся ўжо пры сыне Ануфрыя, Атоне, у 1840 годзе.
— Палац быў пабудаваны ў стылi барока з элементамi сярэднявечнай готыкi: гэтаму творчаму рашэнню спрыяў першапачатковы будынак — старадаўнi бровар вылучаўся тоўстымi сценамi, — тлумачыць дырэктар Уздзенскага музея. — Каб будынак не выглядаў змрочна, ён быў аздоблены дзвюма вежамi — чатырохграннай i шасцiграннай. Прыгожая лесвiца вяла да ўваходных дзвярэй. Калi палац быў дабудаваны, Атон змянiў назву маёнтка — Малыскаўшчына — на больш гучную: Наднёман.
Беларускi Тэсла
«Электрычным чалавекам» называлi Якуба Наркевiча-Ёдку, аднаго з сыноў Атона, французскiя навуковыя выданнi. А мясцовыя сяляне называлi свайго пана ведзьмаком i шапталiся, што ён запанiбрата з Перуном. Наркевiч-Ёдка — аўтар пiянерскiх работ па выкарыстаннi электрамагнiтнага выпрамянення газаразраднай плазмы для вiзуалiзацыi жывых арганiзмаў (вынаходнiк электраграфii), па прыёме электрамагнiтных хваляў ад электрычных разрадаў у атмасферы на адлегласцi да 100 кiламетраў, аўтар метаду электратэрапii, вядомага i сёння як «сiстэма Ёдкi», заснавальнiк сiстэматычных метэаралагiчных i феналагiчных назiранняў на тэрыторыi Мiнскай губернi, даследчык выкарыстання атмасфернай электрычнай энергii ў сельскай гаспадарцы.
З маленства Якуб быў вельмi таленавiтым хлопчыкам. Шмат у чым дзякуючы адукацыi, якую дала яму, а таксама яго братам i сёстрам мацi. Жонка Атона Наркевiча-Ёдкi паходзiла са славутага роду Касцюшкаў, была вельмi адукаваная i перадала дзецям любоў да навукi. А далейшую адукацыю Якаў атрымаў у навучальных установах Фларэнцыi, Вены i ў Сарбоне.
— У тыя часы на ўсёй тэрыторыi сучаснай Беларусi лютавалi сухоты, — расказвае Тамара Лухверчык. — Гэтая хвароба, тады невылечная, пакiнула страшны след i ў сям'i Якуба. Ад туберкулёзу памёрлi яго бацька i сястра (ёй было ўсяго 25 гадоў). Менавiта таму лячэнне сухотаў стала адным з асноўных кiрункаў медыцынскiх пошукаў навукоўца.
З гэтай мэтай Наркевiч-Ёдка, стаўшы ўладальнiкам радавога маёнтка пасля смерцi бацькi, наладзiў у Наднёмане вытворчасць кумысу (i ў нашы днi пры некаторых формах туберкулёзу прапiсваюць кумысатэрапiю). Былi закуплены спецыяльныя пароды коней, запрошаныя спецыялiсты з Башкiрыi, якiя займалiся iх развядзеннем i вытворчасцю гаючага напою. У год выраблялася каля пяцi тысяч бутэлек кумысу: тры тысячы — на продаж, дзве тысячы — для ўнутранага карыстання (яны раздавалiся сялянам для лячэння i прафiлактыкi сухотаў).
Як пацвярджаюць дакументы Парыжскай медыцынскай супольнасцi i Iтальянскай медыка-псiхалагiчнай супольнасцi, якiя аб'ядноўвалi спецыялістаў медыцыны таго часу, добры эфект у лячэннi лёгкiх давалi метады магнiтатэрапii, электратэрапii i фiтатэрапii, якiя ўжываў прафесар Наркевiч-Ёдка.
У 1892 годзе ў Наднёмане прафесар адкрывае санаторый, якi неадкладна набывае сусветную вядомасць: сюды ў надзеi на вылячэнне з'язджаюцца хворыя на сухоты забяспечаныя людзi з усёй Еўропы. Паколькi сухоты вельмi заразныя, санаторый уяўляў сабой камфартабельныя катэджы, кожны — на аднаго пацыента, у светлым сасновым лесе. Таксама былi пабудаваныя ўнiкальныя аранжарэi са шкляной сцяной i кабiнкамi, каб пацыенты маглi дыхаць гаючым паветрам (дзякуючы карпатлiваму падбору высаджаных там раслiн) i прымаць сонечныя ванны, не заражаючы адно аднаго. Паблiзу былi адкрыты крынiцы мiнеральнай вады — цяпер побач з iмi размяшчаецца санаторый Пад'ельнiкi.
Лячыў прафесар i бедных пацыентаў. Па сведчаннях сучаснiкаў, эфектыўна вылечваў з дапамогай электратэрапii пашкоджаны пазваночнiк, заiканне, алалiю, лячыў нервовыя i псiхiчныя захворваннi. I адкрываў аптэкi ў невялiкiх беларускiх населеных пунктах.
Сiл i сродкаў у гэты праект трэба будзе ўкласцi нямала.
Акрамя медыцынскiх i фiзiчных даследаванняў, шмат займаўся мецэнацтвам. Адпраўляў мясцовую таленавiтую моладзь вучыцца за ўласныя сродкi.
— Ён быў землеўладальнiк i клапацiўся пра будучыню гэтай зямлi, — тлумачыць Тамара Лухверчык. — Атрымаўшы адукацыю, моладзь часцей за ўсё вярталася працаваць у родныя мясцiны.
Цiкавыя распрацоўкi пакiнуў нашчадкам прафесар Наркевiч-Ёдка ў галiне сельскай гаспадаркi. На эксперыментальных палях з дапамогай металiчных штыроў, злучаных пласцiнамi глыбока ў глебе, ён вельмi эфектыўна выкарыстоўваў атмасферную электрычнасць для павышэння ўраджайнасцi. Глебы па берагах Нёмана бедныя i сёння — занадта пясчаныя. А эксперыментальныя палi Наркевiча-Ёдкі стабiльна давалi добрыя ўраджаi. Але значна большым артыкулам даходу, чым земляробства, у Наднёмане была гадоўля мясной жывёлы. Праўда, гэта, хутчэй, заслуга жонкi прафесара. Пра яе вядома, што яна, у адрозненне ад мужа, была жанчына ўладная i жалезнай рукой кiравала значнай — чатыры тысячы гектараў зямлi — гаспадаркай.
А яшчэ Якуб Наркевiч-Ёдка ўсталёўваў громаадводы, каб маланкi не наносiлi шкоду жылым дамам, але сяляне ставiлiся да «панскiх дзiвацтваў» з падазрэннем i iмкнулiся iх спiлаваць. Дарэчы, прафесар узначальваў мясцовае таварыства цвярозасцi i, каб наглядным прыкладам паказаць, што можна жыць без алкаголю, ладзiў у маёнтку святы для сваiх сялян — з артыстамi i музыкамi, смачнай ежай i прысмакамi, але без кроплi спiртнога.
— Нашчадкi таленавiтага роду «электрычнага чалавека» сёння жывуць па ўсiм свеце — у ЗША, Канадзе, Польшчы, на Далёкiм Усходзе, — адзначае Тамара Лухверчык. — Цiкава, што многiя з iх — навукоўцы, займаюцца ў асноўным фiзiкай.
Наступным уладальнiкам сядзiбы стаў сын Якуба Наркевiча-Ёдкi Кандрат. Пасля рэвалюцыi ён вымушаны быў пакiнуць радавыя землi i з'ехаў у Польшчу. У будынку размяшчалася школа механiзатараў, а частку пабудоў папросту разабралi на будаўнiчы матэрыял — вакол маёнтка ў тыя гады ўзнiкла вёска Наднёман. Былi знятыя падлогi i столi з каштоўных парод дрэва. Навуковае абсталяванне вывезлi, багаццi палаца бясследна знiклi. Да 1941 года тут месцiўся дзiцячы санаторый. А падчас вайны партызаны ўзарвалi дом, каб немцы не размясцiлi ў iм свой штаб. Зрэшты, будынак быў пабудаваны як мае быць i павалiўся не цалкам — галоўная вежа рассыпалася толькi ў 1994 годзе.
Адноўлена i вiнакурня. Тут плануецца адкрыць кавярню традыцыйнай беларускай кухнi.
Наднёманскi «Хогвартс»
У студзенi 2011 года з iнiцыятывы навукоўцаў БДУ быў створаны дабрачынны фонд развiцця навукi, iнавацыйных тэхналогiй i культуры iмя прафесара Якуба Наркевiча-Ёдкi пад старшынствам выкладчыка БДУ Уладзiмiра Аляксандравiча Самуйлава. Неўзабаве пачалася рэстаўрацыя палаца i iншых сядзiбных пабудоў, якая ажыццяўляецца на сродкi дабрачынцаў i спонсарскую дапамогу. У прыватнасцi, сур'ёзны ўнёсак у аднаўленне помнiка архiтэктуры зрабiлi Мiжнародны дабрачынны фонд «Навука вакол нас», навуковец-фiзiк, сузаснавальнiк мiжнароднай кампанii EPAM Systems Леанiд Лознер i асабiста Уладзiмiр Самуйлаў, у мiнулым выкладчык БДУ, а цяпер — супрацоўнiк аднаго з унiверсiтэтаў ЗША. Паколькi работы вядуцца на сродкi дабрачынцаў, яны ідуць павольна. Але ўжо адноўлены ўязная брама з гербам роду Наркевiчаў-Ёдкаў i вiнакурня, дзе ў будучынi плануецца адкрыць кавярню. Сам палац пакуль ляжыць у руiнах. Але работы над яго аднаўленнем ужо пачалiся.
— Рэканструкцыя будзе строга гiстарычнай, — падкрэслiвае дырэктар музея. — Пры аднаўленнi старанна захоўваецца кожны кавалачак старадаўняга мура, усё тое нямногае, што дайшло да нашых дзён.
Нават прыкладных тэрмiнаў завяршэння рэканструкцыi суразмоўнiца назваць не змагла. Але планы выкарыстання рэканструяванага будынка ўжо ёсць: тут адкрыецца Мiжнародны навукова-адукацыйны цэнтр для адоранай моладзi. Плануецца, што ў Наднёман будуць прыязджаць на лета таленавiтыя да натуральных навук дзецi з усяго свету.
— Тут будуць лабараторыi, канферэнц-зала, гасцiнiца, — пералiчвае суразмоўнiца. — З дзецьмi будуць займацца ўнiверсiтэцкiя выкладчыкi. А яшчэ з дапамогай камп'ютарнай графiкi плануецца ўзнавiць навуковую лабараторыю XIX стагоддзя, куды можна будзе «трапiць», надзеўшы акуляры вiртуальнай рэальнасцi. Але i рэальнае абсталяванне лабараторыi натуральных навук сярэдзiны пазамiнулага стагоддзя ў адведзеных пад музей памяшканнях палаца таксама будзе — частка прадметаў таго перыяду ўжо закуплена ў ЗША, — расказвае Тамара Пятроўна. Ад усяго таго, што пакiнуў у радавым гняздзе, ад'язджаючы з яго назаўжды, сын «электрычнага чалавека», да нашых дзён цудам «дажыло» толькi адно крэсла. Цяпер яно захоўваецца ва Уздзенскiм краязнаўчым музеi.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandra-ancelevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/navuka
[4] https://zviazda.by/be/tags/yakub-narkevich-yodka-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-tesla
[6] https://zviazda.by/be/tags/navuka