Райцэнтр Гарадок знаходзіцца прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Віцебска, недалёка — мяжа з Расіяй. Як там сёння з кадравым пытаннем? Ці адчуваецца дэфіцыт маладых спецыялістаў? Што спрабуюць зрабіць дзеля таго, каб былыя выпускнікі каледжаў і ВНУ засталіся працаваць на поўначы краіны назаўсёды?
Толькі жывіце!
У райцэнтры станоўчая дэмаграфічная сітуацыя. І гэта можна растлумачыць, як цяпер модна гаварыць, «фішкамі», «бонусамі» ды «сакрэтамі». Насамрэч нямала нюансаў, каб тут не часовым жыхаром хацелася стаць, а тутэйшым. Напрыклад, на слыху сельскагаспадарчыя прадпрыемствы (сярод іншых і расійскае), на якіх плацяць вельмі годна і прапануюць багаты так званы сацыяльны пакет.
У Гарадку развітая сацыяльная інфраструктура. У прыватнасці, ёсць басейн, цудоўныя спартыўныя залы, на лыжаролернай трасе трэніруюцца нават замежныя спартсмены. А юныя ўдзельнікі міжнарод-нага турніру па футболе «Кубак ільва» з Грузіі і Расіі летась былі, як кажуць, на вяр-шыні шчасця ад таго, як іх гасцінна прынялі, ад убачанага і пачутага. На мінулым тыдні адбыліся чарговыя спаборніцтвы. Праўда, праз пандэмію ўдзельнікамі сталі толькі беларускія каманды.
Дзве сярэднія школы не саступаюць па «начынцы» віцебскім. А каледж аграрнага профілю — адзін з найлепшых на постсавецкай прасторы.
Крамы, кавярні, вечары адпачынку, канцэрты ў сучасным Палацы культуры заўсёды вельмі запатрабаваныя.
У раёне праводзяцца цікавыя масавыя мерапрыемствы. Напрыклад, летась упершыню адбыўся кулінарны фестываль «Мара гурмана». Другі запланавалі на раённыя «Дажынкі».
Візітоўкай культурнага жыцця раёна і брэндам Віцебшчыны стала свята народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору «Гарадоцкі парнас». Гэтаму праекту больш за дзесяць гадоў.
А яшчэ адсюль рукой падаць да сталіцы «Славянскага базару». І няма праблем з жыллём для моладзі, у тым ліку і так званым камерцыйным.
Пра гэта і іншае старшыня Гарадоцкага райвыканкама Пётр Карабач гаварыў з захапленнем. Адзначыў, што пералічыў, на яго погляд, не ўсе плюсы рэгіёна. У найбліжэйшай перспектыве — мерапрыемствы ў рамках «зялёнага горадабудаўніцтва».
Гутарылі, між іншым, на наступны дзень пасля Паслання Прэзідэнта беларускаму народу. Як заўсёды, кіраўнік дзяржавы шмат увагі ўдзяліў сялу і моладзі. Таму было цікава даведацца, што пра гэта думаюць у прыграніччы.
Кіраўнік выканаўчай улады падкрэсліў, што сам і яго намеснікі з задавальненнем сустракаюцца з навічкамі ў прафесіі. Не было такога, каб малады спецыяліст не мог трапіць на незапланаваны асабісты прыём. Тое, што кожны з іх на вагу золата — абсалютная праўда. У раёне падчас размоў з кіраўнікамі розных узроўняў гэта адчувалася.
На ферму... са сталіцы
Згодна з лютаўскім прэзідэнцкім Указам № 70 «Аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці», у наймальнікаў з'явілася добрая магчымасць дадаткова зацікавіць работай на сяле.
Гарадоччына спецыялізуецца на вырабе сельскагаспадарчай прадукцыі. На сёння аграрыяў каля 1,8 тысячы, у тым ліку каля 215 маладых работнікаў. А сярод іх 65 маладых спецыялістаў, якія толькі пачалі або пачнуць работу...
Намеснік старшыні райвыканкама Марына Здольнікава прапанавала столькі кандыдатур для сустрэчы, што камандзіроўка зацягнулася да вечара. Але ад знаёмства з кожным прадстаўніком «пакалення віртуальных тэхналогій» атрымліваў сапраўдную радасць.
Суправаджала нас старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Груганова. Па-ралельна яна выконвала свае абавязкі: кантралявала, ці ўсё зроблена ў пытаннях тэхнікі бяспекі, можа, ёсць незадаволенасць умовамі працы, неабходна дапамога ў бытавых пытаннях?
Між іншым, у сярэднім 885 рублёў у месяц тут зарабляюць у сельскай гаспадарцы. Але на некаторых прадпрыемствах радавым працаўнікам плацяць значна больш.
Прывабныя дзяўчаты, якія нядаўна прыйшлі працаваць на ферму ААТ «Птушкафабрыка Гарадок», паспелі зачараваць не толькі стыльным выглядам і прыгажосцю, але і любоўю да жывёл. Яны з такой пяшчотай расказвалі пра сваіх любімцаў: іх характары, звычкі і нават хваробы, што адчувалася: выбар прафесіі зроблены правільна.
Анжаліка Цынкевіч, ветэрынарны фельчар, родам з Мінска. А працуе тут пасля вучобы ў аграрным каледжы ў Лужасне (прыгарад Віцебска). Расказала, што, магчыма, у будучым на малой радзіме пад Мінскам будзе займацца ўтрыманнем і развядзеннем коней, арганізацыяй катання і навучаннем верхавой яздзе.
А Ганна Каралько прыехала сюды працаваць з Віцебска. Акадэмію ветэрынарнай медыцыны скончыла, вучылася па так званым мэтавым наборы. У ВНУ пяць гадоў і столькі ж будзе ветэрынарным урачом у Гарадоцкім раёне.
Суразмоўцы не ўтойвалі, што спачатку на рабоце ім не хапала практычных ведаў. Ды і, напрыклад, у акадэміі вучылі лячыць не тымі лекамі, якія ёсць у наяўнасці. Таму прыходзіцца вывучаць хімічны склад і падбіраць аналагі. Працаваць нялёгка. Устаюць а пятай гадзіне раніцы, каб паспець на першую дойку. Потым яшчэ дзённая і вячэрняя. Калі трэба, прыходзіцца і ў выхадныя працаваць. Але ж яны ведалі на каго ішлі вучыцца.
Нагода для гонару
Чарговае знаёмства — з хлопцам, які мог пазбегнуць службы ў арміі, згодна з прэзідэнцкім указам, але добраахвотна вырашыў паслужыць. Да гэтага працаваў электрыкам на згаданым вышэй прадпрыемстве. І сёння там.
Аляксандр Сарынаў (ва ўзросце крыху за дваццаць) разважае як вопытны чалавек. Расказаў пра родны райцэнтр, дзе ў 2014-м скончыў дзевяць класаў. Пра вучобу ў аграрным каледжы. Пра тое, як у воінскай часці ў знакамітых Пячах быў сяржантам. Мог бы застацца ў арміі, бо вельмі адказныя прафесіяналы неабходны і там, але пацягнула дамоў.
З любоўю гаварыў аб прадпрыемстве, сваіх абавязках, пра тое, што прапанавалі вучыцца на інжынера. Плануе стаць студэнтам адной з прэстыжных мінскіх ВНУ. Прызнаўся, што на асабістае жыццё пакуль няма часу, але ў любым выпадку, калі сустрэне тую адзіную, то створыць сям'ю, застанецца ў Гарадку...
Чарговым новым знаёмым стаў 25-гадовы аграном Мікалай Жукоўскі. Сказаў, што раней працаваў на Браслаўшчыне, дзе нарадзіўся і жыў. Сюды трапіў, калі расфарміравалі гаспадарку, а выбар зрабіў дзякуючы аднакурсніцы, з якой вучыўся ў акадэміі — яна тутэйшая.
Пагутарылі і з лідарам жніва сярод маладых Дзмітрыем Шапавалавым. Усё ў яго складваецца добра. І на рабоце шануюць, бо не лянуецца. А дома чакаюць жонка і двое дзетак.
А ў Міхаіла Саламахі быў якраз дзень нараджэння: яму споўнілася 32 гады. Летась на ўборцы стаў «бронзавым прызёрам». Прафсаюзны лідар павіншавала Міхаіла, уручыла памятныя сувеніры ды пажадала сямейнага шчасця, бо механізатар халасты. Умовамі працы ён задаволены. Напрыклад, гарачую ежу прывозяць у абед, і за гэта трэба заплаціць усяго 20 % ад кошту.
Старшыня прафсаюзнага камітэта ААТ «Птушкафабрыка Гарадок» Вольга Люкшына расказала, што ўсяго на прадпрыемстве працуе прыкладна 600 чалавек. Моладзь на асаблівым рахунку. Усё больш моладзі сярод кіраўнікоў. Спецыялістам, у якіх зацікаўлена прадпрыем-ства, аказваюць дапамогу, напрыклад, у набыцці мэблі.
Навіна на прадпрыемстве — пачынае функцыянаваць сартавальная машына замежнай вытворчасці. І, як кажуць спецыя-лісты, яна адна з самых інтэлектуальных ва ўсёй краіне. Яйкі, дзякуючы ёй, будуць мець лепшы таварны выгляд, іх тэрмін прыдатнасці павялічыцца. Каля дваццаці пяці чалавек, якія да механізацыі працэсу займаліся сарціроўкай яек, атрымаюць работу на прадпрыемстве.
Лечаць, пішуць, малююць...
У Гарадоцкай цэнтральнай раённай бальніцы новы галоўны педыятр, калі мы пазнаёміліся, працаваў толькі трэці дзень. Павел Філіпаў пакуль што жыве ў Віцебску, а нарадзіўся ў Сянно. Мама таксама медык, як і айчым. Стаць менавіта дзіцячым урачом вырашыў даўно, таму і вучыўся ў Гродне, дзе ёсць спецыялізаваны факультэт. А мог бы ў сваім абласным цэнтры.
На ўмовы працы не скардзіцца. Ёсць магчымасць працаваць на 1,5 стаўкі. Ці застанецца пасля адпрацоўкі? Сказаў, што яшчэ пра гэта не думаў. У прынцыпе, калі дадуць жыллё, чаму б і не? Ды і зноў жа, да Віцебска каля трыццаці кіламетраў. У багатых краінах свету людзі і сотню змогуць праехаць да добрага месца работы.
Галоўны ўрач установы аховы здароўя «Гарадоцкая ЦРБ» Валерый Самсонаў кажа, што праблем з кадрамі няма. Хапае і ўрачоў, і медыцынскіх сясцёр. Тыя, хто прыязджаюць, могуць разлічваць на ўважлівае стаўленне. Жыллё — першачарговая задача, якая вырашаецца пры дапамозе мясцовай улады.
У раённым цэнтры рамёстваў сярод іншых на пытанні адказала тэхнік Дыяна Ананьева, якая пераехала з Віцебска за мужам-будаўніком. Жанчына — маладая мама, робіць сувеніры, вучыць землякоў рамёствам.
Ганна Шалаева кіруе гуртком ганчарства. Летась стала лаўрэатам другой ступені ў намінацыі «Творчы дэбют» на конкурсе «Славянскага базару ў Віцебску». Падабаецца тут усё, «шукаць шчасця» ў абласным цэнтры і яшчэ далей не збіраецца...
А ў рэдакцыі «Гарадоцкага весніка» пагутарылі з карэспандэнткамі Маяй Салдаценкай і Юліяй Прышчэпай. Мая ўжо год як скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова. Юля вучылася ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава.
Абаяльныя дзяўчаты пішуць пра ўсё і пра ўсіх. Сказалі, што раёнка — добрая школа для прафесіянага росту. Вочы гарэлі, калі расказвалі пра рэпартажы з палёў, пра тое, як пісалі пра значныя падзеі ў жыцці раёна, творчых людзей і іншае...
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/garadocki-rayon
[6] https://zviazda.by/be/tags/razmerkavanne