«Ронi — дачка разбойнiка» паводле аповесцi Астрыд Лiндгрэн — самая свежая i адна з самых маштабных пастановак тэатра. У спектаклi задзейнiчаны 70 чалавек, у тым лiку 40 акцёраў, дарослых i юных, сярод якiх дзецi з аўтызмам.
Да спектакля тэатр падступаўся яшчэ летась — першыя рэпетыцыi пачалi ўвосень 2019-га. Вынiк меркавалi прадставiць гледачам сёлета ў маi, аднак пандэмiя каранавiруса i ўскладненне эпiдсiтуацыi ўнеслi свае карэктывы: жывыя рэпетыцыi давялося адмянiць, а завочныя, якiя рэжысёры Iгар Сiдорчык i Сяргей Iсакаў спрабавалi ладзiць праз анлайн-платформы, не атрымлiвалiся, бо дзецi бянтэжылiся ў адзiночку, не адчуваючы партнёраў па сцэне.
Але творчая суполка не здалася i вырашыла... зняць спектакль на вiдэа. Замест дзвюхгадзiннай пастаноўкi выйшаў удвая карацейшы па часе фiльм. «Нашаму рэжысёру давялося перакройваць сюжэт п'есы i рабiць з яго сцэнарый пад тэлеверсiю, потым доўга шукалi пляцоўку, на якой адбудуцца здымкi, — расказвае мастацкi кiраўнiк сямейнага iнклюзiў-тэатра «i» Iрына Кiсялёва. — Дзякуй падтрымцы кампанii А1 i найбуйнейшай у Беларусi прыватнай кiнастудыi MovieProductionCompany, без якiх ажыццявiць задуманае проста не ўдалося б. I, канешне, я вельмi ганаруся нашымi юнымi акцёрамi — нягледзячы на тое, што яны сабралiся пасля доўгага перапынку i фактычна наноў вучылi свае ролi, вучылiся трымацца ў кадры, яны справiлiся з пастаўленымi задачамi не горш за прафесiяналаў».
Пераканацца, цi так гэта насамрэч, можа кожны ахвотны — спектакль «Ронi — дачка разбойнiка» размешчаны на YouTube-канале тэатра. Галоўныя ролi ў iм выканалi юныя акцёры — Оля Малатоўнiк i Глеб Курэйчык (сын вядомага беларускага сцэнарыста), а дапамагалi вучням педагогi — прафесiйныя акцёры Генадзь Фамiн, Дзiяна Флеер i Дзянiс Дадзiшкiлiянi.
Нагадаем, створаны ў 2016 годзе на базе тэатральнай студыi Iрыны Пушкаровай сямейны iнклюзiў-тэатр «i» стаў унiкальнай творчай пляцоўкай, якая не толькi аб'яднала прафесiяналаў i аматараў тэатральнага мастацтва, садзейнiчала сацыялiзацыi i раскрыццю здольнасцяў дзяцей з аўтызмам, але таксама стварыла мадэль грамадства роўных магчымасцяў. За час свайго iснавання тэатр прадставiў пастаноўкi «Флейта-чарадзейка», «Аднойчы ў вялiкiм горадзе», «Восем пачуццяў, або Нараджэнне Чалавека», «Чыгунка», «Казка воўчага лесу», дакументальны фiльм «Хто апошнi?».
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Фота дадзена тэатрам
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/teatr
[4] https://zviazda.by/be/tags/teatr
[5] https://zviazda.by/be/tags/inklyuziuny-spektakl